МАКА́РАНКА (Антон Сямёнавіч) (13.3. 1888, г. Белаполле Сумскай вобл., Украіна — 1.4.1939),

савецкі педагог і пісьменнік. Скончыў Палтаўскі настаўніцкі ін-т (1917). Пед. дзейнасць пачаў у 1905. У 1920 стварыў пад г. Палтава і ўзначаліў прац. калонію для непаўналетніх правапарушальнікаў (з 1922 калонія імя М.Горкага). З 1927 сумяшчаў работу ў калоніі з арганізацыяй дзіцячай прац. камуны імя Дзяржынскага пад Харкавам. З 1935 нач., з 1937 нам. нач. аддзела прац. калоніі НКУС УССР. З 1937 у Маскве, займаўся літ. і грамадска-пед. дзейнасцю. Распрацаваў методыку выхаваўчай работы з дзіцячым калектывам. У калоніі і камуне стварыў высокаарганізаваны дзіцячы калектыў, дзе выхаванцы набывалі адукацыю, спалучалі навучанне з вытв. працай, маральным і фіз. выхаваннем. Шырока ўкараняў прынцып самакіравання. Характэрная рыса выхаваўчага стылю М. — спалучэнне высокага даверу з вял. патрабавальнасцю. Ва ўмовах аўтарытарных тэндэнцый у жыцці грамадства, насуперак уціску з боку пед. чыноўнікаў, ён змагаўся за ўсталяванне гуманіст. педагогікі. Пісаў аповесці, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, выступаў як крытык і публіцыст. Пед. вопыт і погляды М. адлюстраваны ў маст. творах: «Педагагічная паэма» (ч. 1—3, 1933—35), «Сцягі на вежах» (1938); «Кніга для бацькоў» (1937) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—7. 2 изд. М., 1959—60;

Пед. соч. Т. 1—8. М., 1983—86;

Избр. пед. соч. Т. 1—2. М., 1978.

Літ.:

А.С.Макаренко: Указ. тр. и лит. о жизни и деятельности. М., 1988.

А.С.Макаранка.

т. 9, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)