МАКА́РАВА Галіна Кліменцьеўна

(27.12.1919, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1993),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1967). Нар. арг. СССР (1980). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.Купалы (1938), у якім і працавала. Яркая нац. актрыса. Яе мастацтва было адметнае сакавітасцю сцэнічных фарбаў, праўдзівасцю, багатай моўнай характарыстыкай. Стварыла каларытныя, яркія індывідуальныя нар. характары. Талент М. як глыбока самабытнай актрысы найб. выявіўся ў нац. рэпертуары, найперш у п’есах А.Макаёнка (многія ролі напісаны спецыяльна для М.): Марыя Кірылаўна («Выбачайце, калі ласка!»), Лушка («Лявоніха на арбіце»), Паліна («Трыбунал», сярэбраны медаль імя А.Папова 1973; выступала ў гэтай ролі ў спектаклі Маскоўскага т-ра на Малой Броннай), Старая («Святая прастата»), Аксана Смятанкіна («Таблетку пад язык»); а таксама Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Матруна («На крутым павароце» К.Губарэвіча), Дзятлічыха («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Ганна, Маці («Вечар», «Парог» А.Дударава). З інш. роляў: Кабаніха («Навальніца» А.Астроўскага), Квашня («На дне» М.Горкага), Лізавета («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Гаспадыня зімоўя («Таня» А.Арбузава), Старая ўдава з Фларэнцыі («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымалася ў кіна- і тэлефільмах: баба Шура («Удовы»), Ганна Іванаўна («Развітанне славянкі»), Драздова («Фруза»), мачаха Ганны («Завеі, снежань») і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Каралеў я не іграла» (1983).

Ю.М.Сохар.

Г.К.Макарава.
Г.Макарава ў ролі Маці.

т. 9, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)