Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГА́БАР

(Gabor) Дэніс (5.6.1900, Будапешт — 9.2.1979),

англійскі фізік, заснавальнік галаграфіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1956), Венгерскай АН (1964), Нац. АН ЗША (1973). Вучыўся ў Тэхн. ун-це ў Будапешце (1918—20). У 1927—33 працаваў у Германіі, з 1949 у Лонданскім ун-це (з 1958 праф.), з 1967 — у ЗША. Навук. працы па электроннай оптыцы, фізіцы плазмы, тэхніцы сувязі. Стварыў агульную тэорыю галаграфіі, атрымаў першыя галаграмы. Нобелеўская прэмія 1971.

т. 4, с. 408

ГАБАРДЗІ́Н

(франц. gabardine),

аднатонная шарсцяная тканіна з дробнымі нахільнымі рубчыкамі на добрым баку. З габардзіну шыюць мужчынскія і жаночыя паліто, касцюмы і інш.

т. 4, с. 408

ГАБАРО́НЕ

(Gaborone),

горад, сталіца Батсваны. Да 1969 наз. Габеронес. Размешчана на Пд краіны. Буд-ва горада, выбранага сталіцай замест г. Мафекінг (на тэр. ПАР), пачалося ў 1964. 133,5 тыс. ж. (1991). Чыг. ст., вузел аўтадарог, аэрапорт. Гандл. цэнтр краіны. З-ды: гарбарны, піваварны; мэблевая ф-ка, прадпрыемствы хім. і буд. прам-сці і інш. Ун-т. Ядро горада — гандл. цэнтр, да якога прылягае раён урадавых і муніцыпальных устаноў. Жылыя кварталы разыходзяцца веерам ад цэнтра да р. Нотвані.

т. 4, с. 408

ГАБАРЫ́Т

(франц. gabarit),

гранічны знешні абрыс (контур) прадмета, збудавання ці ўстройства. З улікам габарыту рухомага саставу вядзецца праектаванне мастоў, ліній электраперадач і сувязі, інш. збудаванняў.

На чыгунцы адрозніваюць габарыт рухомага саставу (лакаматыва, вагона) і габарыт набліжэння збудавання да чыг. пуці (абрыс прасторы ўздоўж пуці). На рачным транспарце — габарыт судна і габарыт падмаставы (контур свабоднай прасторы пад мостам). На аўтадарогах устанаўліваюць габарыт набліжэння канструкцый мастоў — гранічны папярочны контур, унутр якога не павінны заходзіць элементы збудавання або размешчаных на ім прыстасаванняў. Габарытныя абмежаванні аўтамабіля: даўжыні — 12 м (аўтапоезда 24 м), шырыні — 2,5 м, вышыні — 3,8 м (для аўтамабіляў з буйнатанажнымі кантэйнерамі 4 м).

т. 4, с. 408

ГАБА́САЎ Рафаіл

(н. 17.12.1935, г. Магнітагорск, Расія),

бел. вучоны ў галіне матэматыкі. Д-р фіз.-матэм. н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1958). З 1963 у Аддзеле энергетыкі Уральскага філіяла АН СССР, з 1968 у БДУ. Навук. працы па тэорыі аптымальнага кіравання, матэм. эканоміцы. Распрацаваў адаптыўны метад лінейнага праграмавання, прынцып квазімаксімуму для дыскрэтных аптымальных працэсаў.

Тв.:

Методы оптимизации. 2 изд. Мн., 1981 (разам з Ф.М.Кірылавай);

Конструктивные методы оптимизации. Ч. 1—4. Мн., 1984—87 (у сааўт.).

т. 4, с. 408

ГАБАШВІ́ЛІ Георгій

(Гіга) Іванавіч (21.11.1862, Тбілісі — 28.10.1936),

грузінскі жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1929). Вучыўся ў Пецярбургскай (1886—88) і Мюнхенскай (1894—97) АМ. Адзін з заснавальнікаў і праф. Тбіліскай АМ (1922—30). Аўтар больш як 200 твораў пераважна бытавога («Трое гараджан», 1893; «Хеўсур у сне», 1898, і інш.) і батальнага («Абарона Ахоты», 1901, і інш.) жанраў, а таксама партрэтаў (І.Чаўчавадзе, Н.Нікаладзе, дэ Роза і інш.), пейзажаў, нацюрмортаў.

Літ.:

Дудучава М.И. Гиго Габашвили. М., 1958.

т. 4, с. 409

«ГАБДА́НК»,

«Абданк», прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 280 родаў, у т. л. Гарабурды, Гаштольды, Скарбкі, Халецкія. У чырвоным полі сярэбраны знак у выглядзе літары W; клейнод — над прылбіцай з каронай такі самы знак (герб «Габданк І») або палова залатога льва, які трымае ў лапах такі знак («Габданк II»). Існуюць шматлікія варыянты герба. Вядомы з пач. 13 ст., у ВКЛ распаўсюдзіўся пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 4, с. 409

ГАБЕЛЕ́Н

(франц. gobelin),

вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера). На пачатку — вырабы парыжскай мануфактуры, заснаванай у 1662 (існуе і цяпер) і вядомай у гісторыі як мануфактура Габеленаў (ад прозвішча майстроў-фарбавальшчыкаў 15 ст., у будынку якіх размяшчалася ткацкая майстэрня). У 17—18 ст. маст. якасці габеленаў зрабілі іх настолькі папулярнымі, што габеленамі сталі называць высокамаст. шпалеры інш. франц., а пазней і еўрап. мануфактур, а ў 19 ст. наогул шпалеры і шчыльныя абівачныя тканіны нават машыннага вырабу, т.зв. габеленавыя тканіны.

Ткалі габелены з каляровых ваўняных і шаўковых, часам сярэбраных і залатых нітак на спец. ручных станках метадам выбарачнага ткацтва (асобнымі часткамі, якія сшывалі танюсенькай шаўковай ніткай). Габелены ўзнаўлялі ўзор або карціну з малюнка (кардону), зробленага мастаком. Асаблівасць габелена — рубчастая паверхня правага боку, якая ствараецца ніткамі асновы, і няроўная паверхня адваротнага боку, створаная швамі і ніткамі ўтку. З-за працаёмкасці вырабу кошт габеленаў быў вельмі высокі, таму аздаблялі імі інтэр’еры каралеўскіх палацаў, асабнякі знаці. Габелены ўзнаўлялі сцэны з жыцця святых і сюжэты рыцарскіх раманаў, у 16 ст. пашыраны сюжэты на біблейскую тэматыку, у 18 ст. — міфалагічныя сцэны і пастаралі, а таксама партрэты і копіі са станковых карцін. У 19 ст. маст. ўзровень габеленаў рэзка знізіўся. З 1930-х г. пачалося адраджэнне габелена на новай мастацка-стылявой аснове. З сярэдзіны 1940-х г. развіццю мастацтва габелена значна садзейнічалі кардоны мастака Ж.Люрса.

На Беларусі ў 17—18 ст. бязворсавыя дываны-карціны выраблялі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне і інш. Ткачы былі з мясц. прыгонных, майстры і мастакі мясц. і замежныя. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі і партрэтнымі выявамі; выраблялі і абівачную габеленавую тканіну. У 2-й пал. 18 ст. створана серыя габеленаў, прысвечаная роду Радзівілаў («Бітва на рацэ Славечна», «Паланенне Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і інш.). На пач. 19 ст. вытворчасць дываноў-карцін спынілася. Адраджэнне бел. габелена прыпадае на 1960-я г. Мастакі стварылі новы тып сучаснага габелена — манументальна-дэкаратыўны: «Чалавек, які пазнае свет» (А.Кішчанка, А.Бельцюкова, Г.Гаркуноў), «Музыка», 6 габеленаў для фае Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, «Чарнобыль», «Габелен стагоддзя» (усе Кішчанкі). Выпускнікі Бел. акадэміі мастацтваў Гаркуноў, В.Грыдзіна, В.Дзёмкіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Л.Пятруль, Н.Пілюзіна, Л.Пуцейка, А.Салохіна, С.Свістуновіч, Л.Сівакова, Л.Скрыпнічэнка, Г.Стасевіч, Н.Сухаверхава, Г.Юзеева-Шаблоўская, Т.Хацановіч-Дарбінян і інш. працуюць пераважна ў галіне дэкар. нац. Габелена.

Літ.:

Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.

т. 4, с. 409

ГА́БЕР,

Хабер (Haber) Фрыц (9.12.1868, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 29.1.1934), нямецкі хімік-неарганік і тэхнолаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1891). З 1894 у Вышэйшай тэхн. школе ў Карлсруэ (з 1898 праф.). У 1911—33 дырэктар Ін-та фіз. хіміі і электрахіміі ў Берліне. З 1933 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі аміяку, электрахіміі. Распрацаваў фізіка-хім. асновы прамысл. спосабу сінтэзу аміяку і арганізаваў завод па фіксацыі атм. азоту (1913). Нобелеўская прэмія 1918.

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

т. 4, с. 410

ГАБЕРЛА́НТ,

Хаберлант (Haberlandt) Готліб Іаган Фрыдрых (28.11.1854, г. Мошанмадзьяравар, Венгрыя — 30.1.1945), нямецкі батанік і фізіёлаг раслін; адзін з заснавальнікаў фізіял. кірунку ў анатоміі раслін. Чл.-кар. Берлінскай, Венскай, Мюнхенскай АН і Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Скончыў Венскі ун-т (1876). З 1877 працаваў у ім, з 1880 праф. ун-та ў г. Грац, у 1909—23 у Берлінскім ун-це. Распрацаваў класіфікацыю расл. тканак, заснаваную на іх функцыях. Адкрыў т.зв. ранавыя гармоны — прадукты распаду клетак, якія стымулююць клетачнае дзяленне. Вывучаў трапізмы і выявы раздражняльнасці ў раслін. Аўтар працы «Фізіялагічная анатомія раслін» (1884).

т. 4, с. 410