Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«СА́ГА АБ Э́ЙМУНДЗЕ», «Пасма аб Эймундзе Хрынгсане»,

ісландская сага канца 13 ст., у якой найбольш звестак пра Стараж. Русь, у т. л. пра землі сучаснай Беларусі. Паведамляе пра княжацкую барацьбу пасля смерці вял. кн. Уладзіміра Святаславіча (1015) з удзелам наўгародскага кн. Яраслава Мудрага, тураўскага кн. Святаполка Акаяннага, полацкага кн. Брачыслава Ізяславіча і варажскіх конунгаў з дружынамі. Змяшчае шмат звестак, якія адсутнічаюць у стараж.-рус. летапісах або супярэчаць ім (напр., сведчыць, што кн. Барыс быў забіты Яраславам, а не Святаполкам; вараг Эймунд княжыў у Полацку, і інш.). У гістарыяграфіі існуюць супярэчлівыя погляды на верагоднасць звестак сагі.

Літ.:

Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990;

Джаксон Т.Н. Исландские королевские саги о Восточной Европе (первая треть XI в.): Тексты. Перевод. Коммент. М., 1994.

т. 14, с. 73

САГДЗЕ́ЕЎ (Раальд Зіннуравіч) (н. 26.12.1932, Масква),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1968; чл.-кар. 1964). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1990) і інш. Герой Сац. Працы (1986). Брат Рэнада Сагдзеева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). З 1956 у Ін-це атамнай энергіі імя І.​В.​Курчатава, з 1961 у Ін-це ядз. фізікі Сібірскага аддз. АН СССР, з 1971 у Ін-це высокіх тэмператур АН СССР (у 1973—88 дырэктар). З 1989 у Ін-це касм. даследаванняў АН СССР. З 1989 праф. Мэрылендскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы плазмы, праблеме кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, магн. гідрадынаміцы, касм. фізіцы, праблемах глабальнай бяспекі. Тэарэтычна прадказаў і растлумачыў найб. характэрныя з’явы фізікі касм. плазмы — утварэнне бессутыкняльных ударных хваль і радыяцыйных паясоў. Развіў тэорыю працэсаў цеплаправоднасці і дыфузіі ў такамаках (1967—68; разам з А.​А.​Галеевым). Ленінская прэмія 1984.

Тв.:

Коллективные процессы и ударные волны в разреженной плазме. Новосибирск, 1963;

Физика плазмы для физиков. М., 1979 (разам з Л.​А.​Арцымовічам);

Введение в нелинейную физику: От маятника до турбулентности и хаоса. М., 1988 (разам з Г М.​Заслаўскім).

М.​М.​Касцюковіч.

Раальд З.Сагдзееў.

т. 14, с. 74

САГДЗЕ́ЕЎ (Рэнад Зіннуравіч) (н. 13.12.1941, г. Казань, Расія),

расійскі вучоны ў галіне хім. фізікі; адзін са стваральнікаў спінавай хіміі. Акад. Рас. АН (1997, чл.-кар. 1987). Брат Раальда Сагдзеева. Скончыў Новасібірскі ун-т (1965). З 1983 нам. дырэктара Ін-та хім. кінетыкі і гарэння Сібірскага аддз. Рас. АН. З 1993 дырэктар Міжнар. тамаграфічнага цэнтра ў Новасібірску. Навук. працы па вывучэнні элементарных актаў хім. ператварэнняў, магнітных і спінавых эфектах у хім. рэакцыях, хім. палярызацыі ядзер, хім. радыёспектраскапіі. Ленінская прэмія 1986. Дзярж. прэмія Расійскай Федэрацыі 1994.

Тв.:

Магнитные и спиновые эффекты в химических реакциях. Новосибирск, 1978 (разам з А.​Л.​Бучачэнкам, К.​М.​Саліхавым);

Основы магнитного резонанса. Иркутск, 1995 (разам з У.​К.​Воранавым);

Основы современного естествознания. 2 изд. М., 1999 (разам з У К.​Воранавым, М.​В.​Грэчневай).

М.​М.​Касцюковіч.

Рэнад З.Сагдзееў.

т. 14, с. 74

САГДЫ́ЙЦЫ, согды,

старажытная ўсх.-іранская народнасць у Цэнтр. Азіі. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. насяляла Согд (Сагдыяну). Продкі сучасных таджыкаў і узбекаў, да цяперашняга часу захавалася невял. народнасць на Паміры — ягнобцы, якая размаўляе на адной з сагдыйскіх моў.

т. 14, с. 74

САГІЯ́Н (Амо) (сапр. Грыгаран Амаяк Саакавіч; 14.4.1914, с. Лор, Арменія — 16.7.1993),

армянскі паэт, перакладчык. Скончыў Бакінскі пед. ін-т (1940). У 1945—67 працаваў у перыяд. друку. Друкаваўся з 1930-х г. У зб-ках лірычных вершаў «Арменія ў песнях» (1962), «Перад захадам сонца» (1964), «Сезам, адчыніся» (1972), «Вячэрняя трапеза» (1977), «Зялёна-чырвоная восень» (1980), «Кліч роду» (1981), «Кветка мяты» (1986) і інш. тэмы прыроды, кахання, філас. асэнсавання ўнутр. свету чалавека. Перакладаў рус. і замежных паэтаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў К.​Камейша. Дзярж. прэмія Арменіі 1976.

Тв.:

Рус. пер. — Зеленый тополь Наири. М., 1969.

Літ.:

Поэзия поможет человеку. Ереван, 1974.

С.​Арзуманян.

т. 14, с. 74

САГУ́Н (Яўген Іванавіч) (н. 18.1.1947, Баку),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў БДУ (1970). З 1970 у Ін-це фізікі, з 1994 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і фотахіміі біямалекул, вывучэнні фотафіз. і фотахім. працэсаў з удзелам малекулярнага кіслароду. Даследаваў міжхрамафорныя ўзаемадзеянні і структурную дынаміку парфірынаў і іх структурна-арганізаваных сістэм, прапанаваў фотасенсібілізатары на аснове хларынаў і парфірынаў.

Тв.:

Тушение молекулярным кислородом возбужденных электронных состояний хлорофилла и родственных соединений и фотосенсибилизированное образование синглетного кислорода (разам з В.​А.​Ганжой, Б.​М.​Джагаравым) // Фотобиология и мембранная биофизика. Мн., 1999.

т. 14, с. 75

САД у садова-паркавым мастацтве,

зямельны ўчастак, засаджаны дрэвамі, кустамі, кветкамі. Як і парк, з’яўляецца ч. азелянення і фарміруецца паводле асн. прынцыпаў садова-паркавага мастацтва. Ствараюцца для адпачынку, прагулак, гульняў. З калекцыйна-экспазіцыйнымі і навук. мэтамі ствараюцца С. спец. прызначэння (напр., батанічны сад). Гар. С. для кароткачасовага адпачынку наз. скверам. Ад парку культуры і адпачынку адрозніваецца меншымі памерамі, нязначнай колькасцю спарт. збудаванняў, атракцыёнаў і інш. У кампазіцыі С. важную ролю адыгрываюць алеі, дарожкі, пляцоўкі, газоны, кветнікі, фантаны, каскады, каналы, малыя формы архітэктуры, часта ў С. ўключаюць альпінарыі і ружоўнікі. Для фарміравання прадметна-прасторавага асяроддзя і яго ўзбагачэння С. гарманічна спалучаюць рэльеф, вадаёмы і інш. сродкі ландшафтнай архітэктуры.

Вядомы з даўніх часоў: у Стараж. Егіпце, Вавілоне (т. зв. вісячыя сады Семіраміды), Рыме (багатыя С. ў загарадных вілах) і інш. Высокія дэкар. якасці ўласцівы С. сярэдневякоўя (Японія, Кітай, Індыя, Персія і інш.), эпохі Адраджэння (С. вілаў Баболі, д’Эстэ ў Італіі). З 12 ст. вядомы С. ў княжацкіх сядзібах Кіева, Уладзіміра (Расія). Сярод узораў С. — Летні сад у Пецярбургу, Аляксандраўскі ў Маскве.

На Беларусі С. вядомы з 15 ст. Іх стваралі ў манастырах, каля замкаў, у магнацкіх сядзібах і маёнтках; часам яны мелі утылітарнае прызначэнне, напр., аптэчныя С. (аптэчныя агароды) — папярэднікі бат. С. З 17 ст. стваралі т.зв. зімовыя С. (аранжарэі), якія часам уваходзілі ў арх. кампазіцыю палацаў, сядзібных дамоў (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, Ружанскі палацавы комплекс і інш.). У 17 ст. вядомы т.зв. італьянскія С., дзе спалучаліся утылітарныя і дэкар. функцыі. З 2-й пал. 18 ст. пашыраны бат. С. з калекцыямі мясц. і іншаземнай флоры (Гродзенскі батанічны сад, С. у г. Горкі Магілёўскай вобл). У канцы 18 — пач. 19 ст. гар. С. створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Рагачове, Чэрыкаве, яны спалучалі планіроўку пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. У 19 ст. з развіццём прамысл. садоўніцтва на ўчастках паркаў эканам. тыпу (в. Бабоўня Капыльскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага, в. Псуя Глыбоцкага р-наў) узніклі пладовыя С. З канца 1950-х г. адным з асн. элементаў сістэмы азелянення і ўзбагачэння эстэтыкі тэр. жылой забудовы стаў мікрараённы С. Інтэр’еры грамадскіх будынкаў часам афармляюць т.зв. зімовымі С. Для ўзбагачэння арх.-ландшафтнага вырашэння аб’ектаў робяць С. на дахах і тэрасах жылых дамоў. Навукова-доследная база для азелянення нас. месцаў — бат. С., адзін з кірункаў даследаванняў якіх — зялёнае буд-ва і ландшафтная архітэктура (Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта і інш.).

Літ.:

Горбачев В.Н. Архитектурно-художественные компоненты озеленения городов. М., 1983;

Хромов Ю.Б. Планировка и оборудование садов и парков. Л., 1974;

Сычева А.В., Сосков И.Н. Актуальность организации садов на искусственных основаниях // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. № 1.

В.​Р.​Анціпаў, А.​В.​Сычова.

Бутхардскі батанічны сад каля г. Вікторыя (Канада).
Былы Аляксандраўскі сад (цяпер Цэнтральны сквер) у Мінску.
Сад Баболі ў г. Фларэнцыя (Італія).
Сад камянёў манастыра Роандзі ў Токіо.

т. 14, с. 75

СА́ДАВА (Sadová),

горад у Чэхіі, у раёне якога 3.7.1866 у час аўстра-прускай вайны 1866 прус. войскі пад фактычным камандаваннем нач. Генштаба ген. Г.​Мольтке Старэйшага (221 тыс. чал., 924 гарматы) разграміла аўстра-саксонскую Паўн. армію Л.​Бенедэка (215 тыс. чал., 770 гармат). Вырашальную ролю ў зыходзе бітвы адыгралі больш дасканалыя прус. ваен. тэхніка і ўзбраенне, а таксама перавага ў стратэгіі і тактыцы. У выніку паражэння Аўстрыя вымушана была заключыць Пражскі мір 1866.

т. 14, с. 76

СА́ДАВІЧЫ,

вёска ў Бучацінскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл., на р. Волка. Цэнтр калгаса. За 32 км на Пд ад г. Капыль, 147 км ад Мінска, 23 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 397 ж., 154 двары (2001). Пач. школа-садок, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 76

САДАВЯ́НУ ((Sadoveanu) Міхаіл) (5.11.1880, г. Пашкані, Румынія — 19.10.1961),

румынскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Чл. Рум. акадэміі (з 1921). Скончыў Нацыянальны ліцэй у Ясах (1900). Друкаваўся з 1897. Аўтар сац. раманаў «Вуліца Лэпушняну. Хроніка 1917 г» (1921), «Плыў млын па Сірэце» (1925), у якіх крытыка тагачаснага грамадства. Стваральнік рум. гіст. рамана, у т. л. «Жыццё Штэфана Вялікага» (1934), трылогіі «Браты Ждэр» (1935—42) пра барацьбу рум. народа за нац. незалежнасць. У аповесці «Мітра Какор» (1949, Залаты медаль міру 1950) і гіст. рамане «Нікаарэ Падкова» (1952) роздум пра гіст. шляхі сялянства. Аўтар шматлікіх зб-каў апавяданняў і публіцыстыкі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Л.​Салавей. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1960.

Тв.:

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1954;

Рус. пер.Избр. произв. М., 1957;

Избранное. М., 1980.

Літ.:

Кожевников Ю.А. Михаил Садовяну. М., 1960;

Ройзман П.И. Михаил Садовяну: Биобиблиогр. указ. М., 1962.

М.Садавяну.

т. 14, с. 76