Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПОЛІСПЕРМІ́Я (ад полі... + сперма),

у раслін — апладненне яйцаклеткі і другаснага ядра зародкавага мяшка некалькімі (звычайна двума) сперміямі; у жывёл — пранікненне ў яйцо пры апладненні да некалькіх дзесяткаў сперматазоідаў. Пры фізіялагічнай П. (вядома ў членістаногіх — насякомыя, павукападобныя, і хордавых — акулавыя рыбы, хвастатыя земнаводныя, паўзуны, птушкі) у цытаплазме яйца галоўкі сперматазоідаў ператвараюцца ў мужчынскія прануклеусы. Адзін з іх злучаецца з жаночым прануклеусам і ўтварае ядро зіготы, а астатнія дэгенерыруюць. Пры паталагічнай П. (у фізіялагічна манаспермных жывёл, у т. л. млекакормячых) механізмы, што абараняюць яйцо ад пранікнення звышколькасных сперматазоідаў, аказваюцца недастаткова эфектыўнымі. У выніку парушэнняў апладнення зародак звычайна гіне.

т. 12, с. 477

ПОЛІСТРАФІ́ЧНАСЦЬ (ад полі... + страфа),

паслядоўнае або адвольнае чаргаванне ў вершаваным творы розных строф, графічна аддзеленых адна ад адной. Да полістрафічных адносяцца разнастрофныя вершы, а таксама раўнастрофныя з сіметрычным чаргаваннем двух ці больш відаў строф. Полістрафічнымі звычайна бываюць буйныя вершаваныя творы, кожная ч. якіх пішацца сваёй страфой. Напр., у 10 раздзелах паэмы Я.​Купалы «Безназоўнае» ўжываюцца чатырохрадкоўі 8 разнавіднасцей і шасцірадкоўі 2 разнавіднасцей. У паэме М.​Танка «Нарач» сустракаюцца і чатырохрадкоўі самых розных мадыфікацый, і пяцірадкоўе, і астрафічны верш. П. надае вершаванаму твору разнастайнасць формы, памагае лепш выявіць змены лірычнага перажывання паэта і яго герояў.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 477

ПОЛІСТЫЛІ́СТЫКА (ад палі... + стыль),

у музыцы, наўмыснае спалучэнне ў адным творы несумяшчальных (рознасных) стылістычных элементаў. Асн. формы П.: цытата (тэмы з твораў П.​Чайкоўскага, В.​Беліні ў «Ганне Карэнінай» Р.​Шчадрына), псеўдацытата (ілюзія «Марша энтузіястаў» І.​Дунаеўскага ў 1-й сімф. А.​Шнітке), алюзія (намёк; інтанацыі М.​Глінкі ў фінале сімф. №15 Дз.​Шастаковіча), тэхніка адаптацыі («Пульчынела» на тэмы Дж.​Б.​Пергалезі І.​Стравінскага, «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. В.​Капыцько). Характэрнай з’явай П. з’яўляецца калаж (Скерца з сімф. для 8 галасоў з арк. Л.​Берыо, 9-я сімф. Дз.​Смольскага). Да П. не адносяцца: чужая тэма ў варыяцыях (напр., Варыяцыі А.​Лядава на тэму М.​Глінкі), выкарыстанне нар. мелодыі (тэма «У полі бярозка стаяла» ў фінале 4-й сімф. П.​Чайкоўскага), ці імітацыя яе стылю (хор пасялян з оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна), інструментоўка твораў інш. кампазітараў, некат. віды цытат (мелодыя А.​Грэтры ў оперы «Пікавая дама» Чайкоўскага), нявытрыманасць стылю.

Літ.:

Лобанова М.Н. Музыкальный стиль и жанр: История и современность. М., 1990.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 12, с. 477

ПОЛІСТЫРО́Л,

сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі стыролу, [—CH2C(C6H5)H—]n, мал. м. (25—35)∙10​4.

Цвёрдае шклопадобнае рэчыва, шчыльн. 1050 кг/м³, т-ра шклавання 93 °C. Раствараецца ва ўласным манамеры, араматычных вуглевадародах, ацэтоне. Устойлівы да ўздзеяння шчолачаў і кіслот (акрамя канцэнтраванай азотнай і ледзяной воцатнай), радыеактыўных выпрамяненняў. Лёгка перапрацоўваецца, добра афарбоўваецца ў масе, выдатны дыэлектрык, крохкі, мае нізкую цеплаўстойлівасць. Больш цеплаўстойлівыя і менш крохкія супалімеры стыролу; у прам-сці найб. пашыраны П. ударатрывалы — тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай (бесперапынная фаза — П., дыскрэтная фаза — каўчук) і АБС-пластык. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пенапластаў, карпусоў радыё- і тэлеапаратуры, дэталей для аўтамабіляў, для вырабу тавараў шырокага ўжытку (цацкі, посуд разавага выкарыстання і інш.).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 477

ПОЛІСУЛЬФІ́ДНЫЯ КАЎЧУКІ́, тыяколы,

сінтэтычныя палімеры, прадукты полікандэнсацыі аліфатычных дыгалагенвытворных з полісульфідамі шчолачных металаў. Агульная ф-ла HS[—R—Sm—],SH, дае R — алкіл, m ≈ 2 ці 4.

Існуюць П.к. вадкія і цвёрдыя. Вадкія П.к., ці полісульфідныя алігамеры (т-ра застывання ад -32 да -10 °C), маюць мал. м. 500—7500, раствараюцца ў бензоле, талуоле, цыклагексане, дыаксане, хлараформе. Цвёрдыя П.к. з мал. м. (2—5) 10​5 нерастваральныя. Найб. пашыраныя вадкія П.к. (каля 90% ад агульнага аб’ёму выпуску) атрымліваюць расшчапленнем П.к. высокай малекулярнай масы. Гума з П.к. масла-, бенза-, атмасфера-, радыяцыйна- і азонаўстойлівая, газа- і воданепранікальная, устойлівая ў разбаўленых к-тах і растворах шчолачаў. Т-ра эксплуатацыі ад -55 да 170 °C. Вадкія П.к. выкарыстоўваюць як аснову герметыкаў і сінт. кляёў, цвёрдыя для гуміравання бетонных паліўных рэзервуараў, у вытв-сці маслабензаўстойлівых гумаватэхн. вырабаў. Гл таксама Вадкія каўчукі.

т. 12, с. 478

ПОЛІТАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад полі... + танальнасць),

адначасовае выкладанне розных гукавышынных пластоў, кожны з якіх належыць да розных канкрэтных танальнасцей (або арыентуецца на розныя танальнасці) адзінай танальна-гарманічнай сістэмы. П. — складаны сінтэз некалькіх танальнасцей, спец. драматургічны эфект у сістэме выразных сродкаў музыкі 20 ст. Гіст. перадумовы і аснова для ўзнікнення П. — храматызаваная ладатанальная структура з шматгучнай дысананснай акордыкай, якая пры ўспрыняцці падзяляецца на больш простыя акорды (субакорды) часта тэрцавай будовы. Існуюць П. акордавыя (аб’яднанне рознатанальных акордаў), меладычная (аб’яднанне рознатанальных меладычных ліній), мяшаная (рознатанальнае аб’яднанне акордаў і меладычных ліній).

Мяркуюць, што ўпершыню П. выкарыстаў амер. кампазітар Ч.​Айвз у сімф. мініяцюры «Пытанне, якое засталося без адказу». Пазней П. выкарыстоўвалі Б.​Бартак (п’еса для фп. «Стаката» з цыкла «Мікракосмас»), І.​Стравінскі (тэма Пятрушкі з аднайм. балета), С.​Пракоф’еў (у цыкле для фп. «Мімалётнасці»), Рысы П. сустракаюцца ў музыцы В.​А.​Моцарта («Музычны жарт»), М.​Мусаргскага («Два яўрэі» з «Карцінак з выстаўкі»), у нар. музыцы (літоўскі сутарцінес).

У бел. музыцы П. шырока прадстаўлена ў выглядзе цэласных ладавых фармацый і прыёмаў ва ўсіх разнавіднасцях: П. акордавая — у музыцы А.​Мдывані («Ванька-ўстанька»), В.​Помазава («Батлейка»), меладычная — у творчасці Я.​Глебава (1-я сюіта з балета «Выбранніца»), мяшаная — у В.​Войціка (канцэрт для цымбалаў), Н.​Усцінавай (канцэрты для скрыпкі з арк.), С.​Картэса (канцэрт для фп. «Капрычас»). Маст. функцыі П. разнастайныя. Так, у «Капрычас» Картэса — дынамічны фактар, у араторыі «Ванька-ўстанька» — сродак стварэння вобразнай 2-планавасці, у канцэрце для скрыпкі з арк. Г.​Гарэлавай — сродак вытанчанай экспрэсіі і інш.

Літ.:

Паисов Ю.И. Политональность в творчестве советских и зарубежных композиторов XX в. М., 1977;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 12, с. 478

ПОЛІТЭІ́ЗМ (ад полі... + грэч. theos бог),

мнагабожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з’яў прыроды (гл. Анімізм, Татэмізм, Фетышызм), шанавання разрозненых духаў родаплемянных рэлігій (гл. Дэманалогія). Веру ў мноства раўнапраўных фетышаў і духаў змяніла вера ў багоў, якія атрымалі канкрэтнае аблічча, імя, культ. У рытуалах П. гал. ролю адыгрывалі жрацы, якія групаваліся вакол храмаў ці свяцілішчаў, валодалі багаццем і мелі вял. ўладу. Такімі былі рэлігіі стараж. егіпцян, грэкаў, рымлян і інш. народаў, а таксама некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі. Політэістычнымі рэлігіямі з’яўляюцца індуізм, будызм. Элементы П. захаваліся ў монатэістычных рэлігіях — іудаізме, хрысціянстве, ісламе і інш. (гл. Монатэізм). Напр., у хрысціянстве адначасова з гал. Богам захавалася вера ў Святую Тройцу (Бога-Айца, Бога-Сына і Бога—Святога Духа), ушанаванне анёлаў, прарокаў, святых і інш. Пераходнай формай монатэізму да П. з’яўляецца генатэізм, які прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярх. богам. Ва ўласна бел. пантэоне дахрысц. часоў найб. шанаваліся Пярун, Жыжаль, Вялес, Ярыла, Зюзя, Цёця, Лада, Ляля і інш.

В.​В.​Красноеа.

т. 12, с. 478

ПОЛІТЭМАТЫ́ЗМ (ад полі... + тэма),

прынцып пабудовы муз. твора на дзвюх ці больш муз. тэмах, якія могуць проціпастаўляцца або супастаўляцца ў працэсе муз. развіцця. Выкарыстоўваецца ў санатнай і інш. формах.

т. 12, с. 478

ПОЛІТЭТРАФТОРЭТЫЛЕ́Н,

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі тэтрафторэтылену, [—CF2—CF2—]n, мал. м. 5 10​4—10​7. Асн. гандл. назвы: фтарапласт-4, фтарлон-4, тэфлон.

Цвёрдае крышт. рэчыва белага колеру, шчыльн. 2150—2240 кг/м³, tпл 270—327 °C, пры t > 415 °C раскладаецца. Тэрмапласт. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Устойлівы да ўздзеяння кіслот, раствораў шчолачаў, моцных акісляльнікаў і інш. хім. рэагентаў; атмасфера-, каразійна- і радыяцыйнаўстойлівы. Не гарыць. Выдатны дыэлектрык. Выкарыстоўваюць для вырабу плёнак, валокнаў, радыё- і электратэхн. дэталей, ізаляцыі для правадоў і кабеляў, хім. рэактараў і лабараторнага посуду, пратэзаў розных органаў чалавека, труб, шлангаў, мембран і інш., нізкамалекулярны П. (мал. м. 20—30 тыс.) — як сухую змазку, кампанент антыфрыкцыйных матэрыялаў, напаўняльнік для пластмас і каўчукоў, суспензіі — для нанясення ахоўных пакрыццяў на металы, прамочвання тканін, прызначаных для працы ў агрэсіўным асяроддзі.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 478

ПОЛІУРЭТА́НАВЫЯ ВАЛО́КНЫ, спандэкс,

сінтэтычныя валокны, што атрымліваюць фармаваннем з раствораў ці расплаваў некаторых поліурэтанаў (пераважна поліурэтанмачавін). Гандл. назвы: лайкра, вайрын, эластан, эспа, неалан, дарластан, варын і інш. Устойлівыя да ўздзеяння масел, хлорзмяшчальных арган. растваральнікаў, разбаўленых раствораў шчолачаў і кіслот. П.в. са стабілізаваных палімераў святло- і атмасфераўстойлівыя. Паводле эластычнасці падобныя на гумавыя ніткі, але больш моцныя і зносаўстойлівыя, лепш афарбоўваюцца. Выкарыстоўваюць для вырабу спарт. адзення, гарсэтных вырабаў, эластычнага бінту, лячэбнага трыкатажу.

т. 12, с. 478