ПОЛІТЭТРАФТОРЭТЫЛЕ́Н,
сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі тэтрафторэтылену, [—CF2—CF2—]n, мал. м. 5 104—107. Асн. гандл. назвы: фтарапласт-4, фтарлон-4, тэфлон.
Цвёрдае крышт. рэчыва белага колеру, шчыльн. 2150—2240 кг/м³, tпл 270—327 °C, пры t > 415 °C раскладаецца. Тэрмапласт. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Устойлівы да ўздзеяння кіслот, раствораў шчолачаў, моцных акісляльнікаў і інш. хім. рэагентаў; атмасфера-, каразійна- і радыяцыйнаўстойлівы. Не гарыць. Выдатны дыэлектрык. Выкарыстоўваюць для вырабу плёнак, валокнаў, радыё- і электратэхн. дэталей, ізаляцыі для правадоў і кабеляў, хім. рэактараў і лабараторнага посуду, пратэзаў розных органаў чалавека, труб, шлангаў, мембран і інш., нізкамалекулярны П. (мал. м. 20—30 тыс.) — як сухую змазку, кампанент антыфрыкцыйных матэрыялаў, напаўняльнік для пластмас і каўчукоў, суспензіі — для нанясення ахоўных пакрыццяў на металы, прамочвання тканін, прызначаных для працы ў агрэсіўным асяроддзі.
М.Р.Пракапчук.
т. 12, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)