ПОЛІТАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад полі... + танальнасць),
адначасовае выкладанне розных гукавышынных пластоў, кожны з якіх належыць да розных канкрэтных танальнасцей (або арыентуецца на розныя танальнасці) адзінай танальна-гарманічнай сістэмы. П. — складаны сінтэз некалькіх танальнасцей, спец. драматургічны эфект у сістэме выразных сродкаў музыкі 20 ст. Гіст. перадумовы і аснова для ўзнікнення П. — храматызаваная ладатанальная структура з шматгучнай дысананснай акордыкай, якая пры ўспрыняцці падзяляецца на больш простыя акорды (субакорды) часта тэрцавай будовы. Існуюць П. акордавыя (аб’яднанне рознатанальных акордаў), меладычная (аб’яднанне рознатанальных меладычных ліній), мяшаная (рознатанальнае аб’яднанне акордаў і меладычных ліній).
Мяркуюць, што ўпершыню П. выкарыстаў амер. кампазітар Ч.Айвз у сімф. мініяцюры «Пытанне, якое засталося без адказу». Пазней П. выкарыстоўвалі Б.Бартак (п’еса для фп. «Стаката» з цыкла «Мікракосмас»), І.Стравінскі (тэма Пятрушкі з аднайм. балета), С.Пракоф’еў (у цыкле для фп. «Мімалётнасці»), Рысы П. сустракаюцца ў музыцы В.А.Моцарта («Музычны жарт»), М.Мусаргскага («Два яўрэі» з «Карцінак з выстаўкі»), у нар. музыцы (літоўскі сутарцінес).
У бел. музыцы П. шырока прадстаўлена ў выглядзе цэласных ладавых фармацый і прыёмаў ва ўсіх разнавіднасцях: П. акордавая — у музыцы А.Мдывані («Ванька-ўстанька»), В.Помазава («Батлейка»), меладычная — у творчасці Я.Глебава (1-я сюіта з балета «Выбранніца»), мяшаная — у В.Войціка (канцэрт для цымбалаў), Н.Усцінавай (канцэрты для скрыпкі з арк.), С.Картэса (канцэрт для фп. «Капрычас»). Маст. функцыі П. разнастайныя. Так, у «Капрычас» Картэса — дынамічны фактар, у араторыі «Ванька-ўстанька» — сродак стварэння вобразнай 2-планавасці, у канцэрце для скрыпкі з арк. Г.Гарэлавай — сродак вытанчанай экспрэсіі і інш.
Літ.:
Паисов Ю.И. Политональность в творчестве советских и зарубежных композиторов XX в. М., 1977;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.
Т.Г.Мдывані.
т. 12, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)