Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГА́РДА

(Garda),

кліматычны курорт у Італіі на ПнЗ ад г. Верона каля адгор’яў Паўд. Альпаў. У складзе зоны адпачынку і турызму вакол буйнейшага ў Італіі аднайм. возера. Мяжуе з размешчанымі ў яго наваколлі інш. шматлікімі курортамі. Мяккі міжземнаморскі клімат з рысамі горнага, выкарыстоўваецца для прафілактыкі і лячэння шырокага спектра захворванняў, пры якіх эфектыўнае кліматалячэнне.

т. 5, с. 58

ГАРДЗЕ́ЕНКА Уладзімір Цітавіч

(н. 6.7.1936, в. Клівы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. тэатр. мастак, жывапісец, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). У 1975—78 гал. мастак Бел. рэсп. т-ра юнага гледача. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1963—70), Бел. тэатр.-маст. ін-та (1973—75, 1978—93, у 1993—96 у Рэспубліканскім цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Творы Гардзеенкі вызначаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, яркай дэкар. вобразнай мовай. У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «На ўсіх адна бяда» П.Макаля, «Партызанская зона» К.Губарэвіча (абодва 1976), «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1977), «Эдзіт Піяф» В.Лягентава (1978) і інш.; у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Мая жонка — ілгуння» В.Ільіна і У.Лукашова (1989). Аўтар станковых твораў «Думы пра былое (Пятрусь Броўка)» (1976), «Слова пра Беларусь» (1983), «Салют над Прыпяццю», «Безыменная вышыня» (абедзве 1984), «Процістаянне» (1985), пейзажаў «Край дзеда Талаша» (1985), «Чырвоныя дрэвы» (1995), серый нацюрмортаў «Кветкі Чарнобыля» (1986—96), «Сто сустрэч з Радзімай (Пасля Чарнобыля)» (1986—96).

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 58

ГАРДЗЕ́ЕЎ Вячаслаў Міхайлавіч

(н. 3.8.1948, Масква),

рускі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1968). У 1968—88 саліст, у 1995—97 маст. кіраўнік балета Вял. т-ра. Адначасова з 1984 маст. кіраўнік харэагр. ансамбля «Маскоўскі балет» (з 1989 т-р «Рускі балет»). Гардзееву-танцоўшчыку найб. блізкія партыі лірыка-драм. плана: Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Сярод пастановак: «Шчаўкунок», «Міраж» на муз. В.А.Моцарта, «Мелодыя» на муз. А.Дворжака, новая рэд. «Вальпургіевай ночы» з оперы «Фауст» Ш.Гуно і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета (1972), Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1973).

т. 5, с. 58

ГАРДЗЕ́ЕЎ Фёдар Гардзеевіч

(1744, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 4.2.1810),

рускі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1759—67), у 1762—72 у Парыжы і ў Рыме. Акад. Пецярбургскай АМ (1776). З 1782 праф., з 1802 рэктар акадэміі. Ад драм. кампазіцый у духу барока («Праметэй», 1769) перайшоў да ясных і спакойных вобразаў, характэрных для класіцызму. Аўтар рэльефаў для фасадаў і інтэр’ераў палаца ў Астанкіне (1794—98), Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), надмагілляў Галіцыных (1780—90-я г.). Кіраваў адліўкай бронзавых статуй для фантанаў Петрадварца, устаноўкай помнікаў Пятру І (скульпт. Э.М.Фальканэ) і А.В.Сувораву (скульпт. М.Казлоўскі) у Пецярбургу.

Літ.:

Рогачевский В. Ф.Г.Гордеев. Л.; М., 1960.

т. 5, с. 58

ГАРДЗЕ́ЕЎ Якаў Якаўлевіч

(н. 26.6.1942, г. Гродна),

бел. вучоны-неўрапатолаг. Д-р мед. н. (1988), праф. (1990). Ганаровы чл. Нью-Йоркскай АН (1996). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1965). З 1968 у гэтым ін-це. Навук. працы па рассеяным склерозе ў клініцы і эксперыменце: дыягностыцы, біяхіміі, псіхапаталогіі і лячэнні, вывучэнні абменных працэсаў ва ўмовах эксперым. дэміэлінізацыі.

Тв.:

Метаболизм витамина B1 и его ди- и трифосфорного эфиров при экспериментальном аллергическом энцефаломиелите (у сааўт.) // Укр. биохим. журн. 1993. Т. 65, № 3.

т. 5, с. 59

ГАРДЗЕ́Й Віктар Канстанцінавіч

(н. 19.8.1946, в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1984). Працаваў у час. «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 у час. «Маладосць». Аўтар паэтычных зб-каў «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), празаічных зб-каў «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992, Літ. прэмія І.Мележа 1993). Гал. ў яго творчасці — маральна-этычныя і сац. праблемы сучаснай вёскі, людзі і прырода роднага краю.

т. 5, с. 59

ГАРДЗЕ́Й Іван Андрэевіч

(н. 7.10.1938, в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне генетыкі раслін. Д-р біял. н. (1988). Скончыў БСГА (1965). У 1969—74 і з 1994 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (нам. дырэктара), у 1974—94 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па генетыцы і біятэхналогіі збожжавых культур, цытагенетыцы, структурнай і функцыян. будове генома раслін, фарміраванні карыятыпу.

Тв.:

Гетерозис и радиоустойчивость растений. Мн., 1977 (разам з М.В.Турбіным, У.Г.Валодзіным);

Тритикале: Генетич. основы создания. Мн., 1992.

т. 5, с. 59

ГАРДЗЕ́ЙЧАЎ Уладзімір Рыгоравіч

(н. 5.3.1930, г.п. Касторнае Курскай вобл., Расія),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1957). Друкуецца з 1950. У вершах, прасякнутых тонкім лірызмам і філас. роздумам, апяваецца прыгажосць рус. прыроды, дружба і каханне (зб. «Мікітавы камяні», 1957; «Сваімі словамі», 1964; «Пара чаромхі», 1971; «Мяжа», 1979; «У родным коле», 1984, і інш.). Пераклаў на рус. мову творы А.Зарыцкага (кн. «Сустрэча з восенню», 1975; з М.Сідарэнкам), Н.Гілевіча (зб. «Мой белы дзень», 1980, з П.Кошалем і С.Кузняцовай), асобныя вершы бел. паэтаў (зб. «Спасціжэнне», 1990). На бел. мову тв. Гардзейчава пераклалі А.Вярцінскі, В.Зуёнак, Лось.

Тв.:

Избранное. М., 1980;

Весна-общественница. М., 1987;

В светающих березах. Воронеж, 1990.

т. 5, с. 59

Гардзей Аляксандр Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 369

ГА́РДЗІ,

Хардзі (Hardie) Джэймс Кейр (15.8.1856, Легбранак, каля г. Ланарк, Вялікабрытанія — 26.9.1915), дзеяч англ. рабочага руху. У 1870—80-я г. прафс. лідэр шатл. гарнякоў. У 1888 заснаваў Шатл. рабочую партыю, у 1893 — Незалежную рабочую партыю Вялікабрытаніі. У 1892—95, 1900—07 чл. Палаты абшчын англ. парламента. Пасля стварэння Лейбарысцкай партыі (1900) адзін з яе лідэраў. Асуджаў англа-бурскую вайну 1899—1902, у 1-ю сусв. вайну на пацыфісцкіх пазіцыях.

т. 5, с. 59