БЕЛАРУ́СКАЯ ГУМАНІТА́РНАЯ ПА́РТЫЯ
(БГП),
палітычная партыя, якая ставіць за мэту гуманізацыю дзяржавы і грамадства. Утворана ў 1994. Дзейнічае на прынцыпах дэмакратыі і публічнасці. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Дасягненне праграмных задач бачыць ва ўдзеле ў органах дзярж. улады, выдавецкай дзейнасці, у правядзенні лекцый, мітынгаў, дэманстрацый, вулічных шэсцяў, пікетаў і інш. Для вырашэння сац. праблем лічыць неабходным выкарыстанне патэнцыялу, закладзенага у самім чалавеку, лепшых інтэлектуальных сіл народа.
А.А.Дзмітрук.
т. 2, с. 410
БЕЛАРУ́СКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ КАПЭ́ЛА.
Існавала ў 1928—30 у Мінску. Арганізавана на базе Бел. студыйнага хору, створанага ў 1926 па ініцыятыве Інбелкульта. У студз. 1929 умацавана лепшымі артыстамі з хору Бел. дзярж. муз. тэхнікума (усяго 55 чал.). Кіраўнік А.Ягораў. Папулярызавала бел. нар. песні, выконвала творы бел. кампазітараў (у тым ліку хары з оперы М.Аладава «Тарас на Парнасе»), Удзельнічала ў выкананні 9-й сімфоніі Л.Бетховена. Большасць артыстаў капэлы ўвайшла ў склад Беларускай студыі оперы і балета.
т. 2, с. 410
БЕЛАРУ́СКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ РАЁННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
гл. Беларуская ДРЭС.
т. 2, с. 410
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,
газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.Купалы, У.Жылкі, Л.Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.
С.В.Говін.
т. 2, с. 410
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,
штодзённая незалежная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1927 у Гродне на бел. мове бел. т-вам «Аб’яднанне». Выступала за дзярж. дапамогу бяздомным бел. сем’ям у Зах. Беларусі, адкрыццё школ на роднай мове, за прыём бел. інтэлігенцыі на дзярж. пасады, аблягчэнне становішча бел. вёскі, стварэнне культ. цэнтраў, эканам. кааператываў і інш. Паведамляла пра ўгодкі з дня абвяшчэння БНР і арганізацыю яе Рады, дзейнасць бел. с.-г. т-ва і інш. Інфармавала пра падзеі ў свеце і Польшчы, дзейнасць польск. сейма і сената, умовы эміграцыі ў Канаду, ЗША, Перу, вяла перапіску з чытачамі.
В.І.Дзяшко.
т. 2, с. 410
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ДРУЖЫ́НА,
тэатральны калектыў пры Беларускім клубе ў Вільні. Існавала ў 1916—18. Кіраўнік Ф.Аляхновіч. Наладжвала муз.-вак. вечары, паказы тыпу кабарэ, дзе выконвалі куплеты, песні, эстрадны жарт «Пятрук і Петрунэла». Пастаўлены драм. спектаклі: «На Антокалі», «На вёсцы», «Дзед і баба» (з муз. С.Манюшкі) Аляхновіча, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, сцэнічная фантазія «У купальскую ноч» і інш. Спектаклі адбываліся 1—2 разы на тыдзень. Калектыў садзейнічаў станаўленню і развіццю бел. тэатр. мастацтва.
А.В.Сабалеўскі.
т. 2, с. 410
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ,
аматарская тэатральная студыя ў Вільні. Існавала ў 1922—25 (юрыдычна аформлена ў 1924). Мела на мэце папулярызацыю бел. тэатр. культуры ў Зах. Беларусі, стварэнне асновы для прафес. тэатра. Кіраўнікі М.Красінскі, А.Канчэўскі, А.Міхалевіч, Л.Родзевіч. Удзельнікі — навучэнцы і настаўнікі Віленскай бел. гімназіі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі. Работа па падрыхтоўцы спектакляў спалучалася з тэарэт. заняткамі па гісторыі тэатра, майстэрстве акцёра і інш. Наладжваліся спектаклі ў вёсках. У рэпертуары: «На папасе» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рысь» («У зімовы вечар») паводле Э.Ажэшкі, «Лес шуміць» паводле У.Караленкі, «Апошняе спатканне» У.Галубка. Для паказаў выкарыстоўвалася форма беларускіх вечарынак.
Літ.:
Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969. С. 21—28, 82—83, 94—96.
А.А.Лабовіч.
т. 2, с. 410
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ СТУ́ДЫЯ ў Маскве. Існавала ў 1921—26, з 1924 на правах ВНУ. Створана для падрыхтоўкі бел. нац. акцёрскіх кадраў. Маст. кіраўнік А.Бондараў, з 1922 В.Смышляеў, педагогі — рэжысёры і акцёры МХАТ-2 Б.Афонін, А.Гейрат, М.Успенская, С.Гіяцынтава, В.Громаў. У студыі пастаўлены спектаклі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «Астап» А.Глобы і «У мінулы час» І.Бэна. У 1926 з выпускнікоў студыі створаны БДТ-2 (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Студыю скончылі 34 чал., у т. л. Т.Бандарчык, В.Барысевіч, М.Бялінская, З.Вялікі, Л.Гепнер, Я.Глебаўская, А.Ільінскі, Р.Кашэльнікава, А.Лагоўская, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, М.Міцкевіч, А.Радзялоўская, К.Саннікаў, С.Скальскі, С.Станюта, С.Стэльмах, М.Сянько, Ц.Сяргейчык, Л.Шынко.
Літ.:
Нефед В. Становление белорусского советского театра, 1917—1941. Мн., 1965. С. 131—142;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра. Мн., 1966. С. 94—110.
т. 2, с. 410
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРЭС,
Беларуская дзяржаўная раённая электрастанцыя (БелДРЭС). Пабудавана паводле плана ГОЭЛРО ў 1927—30 каля в. Арэхі (цяпер г.п. Арэхаўск) Аршанскага р-на Віцебскай вобласці як Асінаўская ДРЭС. Працавала на торфе, які здабываўся на Асінаўскім балоце. З 1931 БелДРЭС. Праектнай магутнасці ў 32 тыс. кВт дасягнула з пускам 2-й чаргі ў 1939. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946, даваеннай магутнасці (34,5 тыс. кВт) дасягнула ў 1951. З 1986 працуе на мазуце.
т. 2, с. 411
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
штотыднёвы грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 2.10.1930 да 1932 у Гродне на бел. мове. Асвятляў бел. грамадскі рух на Гродзеншчыне, жыццё вёскі, заклікаў бел. інтэлігенцыю арганізоўваць культ.-асв. работу. Пісаў пра падзеі ў Польшчы і за мяжой, пра жыццё ў СССР і БССР, у т. л. пра сталінскія рэпрэсіі; друкаваў матэрыялы па пытаннях рэлігіі, права, сельскай гаспадаркі. Змясціў літ. творы Ф.Аляхновіча, А.Бартуля, Г.Леўчыка, Я.Коласа, Я.Купалы, артыкулы да 10-годдзя з дня смерці А.Гаруна, Ядвігіна Ш. і інш.
В.І.Дзяшко.
т. 2, с. 411