ПЕРАВА́Л,
найбольш нізкае і даступнае месца ў грэбені горнага хрыбта або масіву, якое служыць звычайна для зносін паміж суседнімі рачнымі далінамі. Шырокія пласкадонныя і глыбока апушчаныя П., якія маюць важнае трансп. значэнне, наз. горнымі праходамі; праз іх звычайна пракладзены ўючныя сцежкі, часам аўтадарогі ці чыгункі.
т. 12, с. 271
«ПЕРАВА́Л»,
літаратурная група ў 1923—32. Узнікла ў Маскве пры час. «Красная новь» (гал. рэд. А.Варонскі). Напачатку аб’ядноўвала невялікую групу маладых пісьменнікаў, што раней уваходзілі ў літ. групы «Кастрычнік» і «Маладая гвардыя». У зб-ках «Перавал» (1924—28, выйшла 6 нумароў) удзельнічалі А.Вясёлы, М.Галодны, М.Святлоў і інш. Пазней дэкларацыю «П.» супраць «бяскрылага бытавізму» падпісалі больш за 60 пісьменнікаў, у т. л. Э.Багрыцкі, І.Катаеў, Г.Караваева, Н.Агнёў, М.Прышвін і інш. Выступала за захаванне «пераемнай сувязі з мастацкім майстэрствам рускай і сусветнай класічнай літаратуры», асуджала лявацкае сектанцтва, адміністраванне «напостаўцаў» і рапаўцаў, рацыяналізм і фармалізм лефаўцаў. Праграмным творам стала аповесць І.Катаева «Сэрца» (1928). Тэарэтыкі «П.» Дз.Горбаў і А.Лежнеў развілі некат. ідэі Варонскага (кн. «Мастацтва бачыць свет», 1928), сцвярджалі прынцыпы «шчырасці» і інтуітывізму — «мацартыянства» творчасці. У 1927 быў утвораны «Мінскі перавал», які прызнаў дэкларацыю «П.» за сваю ідэйна-маст. праграму. У канцы 1920 — пач. 1930-х г., калі «П.» жорстка крытыкавалі, частка пісьменнікаў, у т. л. Прышвін, Багрыцкі, П.Паўленка, пакінулі групу. Пасля пастановы ЦК ВКП(б) ад 23.4.1932 «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» «П.» перастаў існаваць.
Літ.:
Перевальцы: Антология. М., 1930;
Белая Г. Дон-Кихоты 20-х гг. М., 1989.
Г.М.Шаладонаў.
т. 12, с. 271
ПЕРАВАЛО́КА,
вёска ў Караваціцкім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр калгаса. За 30 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 60 км ад Гомеля. 683 ж., 291 двор (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 12, с. 271
ПЕРАВАЛО́КА, Цяплуха,
рака, левы прыток р. Правая Лясная (бас. Зах. Бута), у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. і Польшчы. Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 155 км². Пачынаецца з балотнага масіву і цячэ па тэр. Белавежскай пушчы, вусце на мяжы з Польшчай. У верхнім цячэнні наз. Саломенка. На рацэ вадасх. Белавежская Пушча. Ад вытоку да пункта за 2 км ніжэй вадасховішча рэчышча каналізаванае.
т. 12, с. 271
ПЕРАВАЛО́ЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
другая назва вадасх. Белавежская Пушча.
т. 12, с. 271
ПЕРАВАЛО́ЦКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (псеўд. Антон, Тарас, Янка; 1903, в. Яглевічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. —6.11.1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1927). З 1923 сакратар Косаўскага райкома, чл. Баранавіцкага, сакратар Брэсцкага, Пінскага акр. к-таў КПЗБ. З 1928 член ЦК КПЗБ. Неаднойчы быў арыштаваны. На «працэсе 75-і» (1929) выступіў з прамовай у абарону палітыкі і тактыкі КПЗБ, засуджаны на 15 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у СССР. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў сувязі з «пасламі ад КПЗБ» у польскім сейме П.Валошыным, С.Рак-Міхайлоўскім, Б.Тарашкевічам і расстраляны. Рэабілітаваны ў канцы 1980-х г.
В.П.Ласковіч.
т. 12, с. 271
ПЕРАВАРО́Т,
карэнная змена існуючага паліт. становішча, якая заключаецца ў змяненні насільным або ненасільным шляхам дзеючага правіцеля або ўрада і прывядзенне да ўлады інш. паліт. сіл. П. былі пашыраны на апошніх этапах існавання Стараж. Рыма, манархій феад. грамадства (т.зв. «дварцовыя П.»), цяпер маюць месца ў паліт. рэжымах тых краін, дзе дэмакр. традыцыі не маюць трывалых каранёў у жыцці грамадства. Паліт., ваен., «парламенцкія» і інш. П. парушаюць нармальнае функцыянаванне паліт. ін-таў, дэмакр. механізмаў распрацоўкі і прыняцця законаў, вырашэння важнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Для выключэння П. з жыцця дэмакр. грамадства неабходна раздзяленне ўлад, кантроль за дзейнасцю кожнай з галін улады, а таксама стварэнне такіх эканам. і сац. умоў, якія б садзейнічалі стабільнасці грамадскага развіцця па шляху прагрэсу.
т. 12, с. 271
ПЕРАВАРО́ТАЎ ДВАРЦО́ВЫХ ЭПО́ХА,
назва перыяду рас. гісторыі з 1725 да 1762, калі змена манархаў і правячых эліт адбывалася звычайна шляхам дварцовых пераваротаў, якія ажыццяўлялі дваранскія групоўкі, што змагаліся за ўладу. Асн. падзеі: у лют. 1725 пасля смерці Пятра I яго ўдава Кацярына I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым у абыход унука Пятра I Пятра Аляксеевіча (імператар Пётр II у 1727—30); у вер. 1727 групоўка старой маскоўскай знаці адхіліла ад рэгенцтва пры малалетнім Пятру II Меншыкава; у ліст. 1740 групоўка ген.-фельдмаршала Б.К.Мініха адхіліла ад рэгенцтва пры імператару-дзіцяці Іване VI Э.І.Бірона і зрабіла рэгенткай маці імператара Ганну Леапольдаўну; у снеж. 1741 Лізавета Пятроўна [1741—62] пры падтрымцы гвардыі скінула Івана VI; 9.7.1762 Кацярына II [1762—96] з дапамогай гвардз. палкоў скінула мужа Пятра III, які 18.7 1762 быў забіты яе прыхільнікамі, і заняла прастол у абыход сына Паўла I.
т. 12, с. 271
ПЕРАВЕ́РЗЕЎ Валяр’ян Фёдаравіч
(18.10.1882, г. Баброў Варонежскай вобл., Расія — 5.5.1968),
расійскі літаратуразнавец. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це (1901—05), выключаны за ўдзел у рэв. руху. З 1905 у ссылцы і ў зняволенні. У 1911 вярнуўся ў Маскву, займаўся лектарскай і літ. працай. Пасля 1917 вёў навук. і пед. дзейнасць (з 1921 праф. Маскоўскага ун-та). Адзін з рэдактараў «Літаратурнай энцыклапедыі» (1929—30). У 1938 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Асн. працы прысвечаны творчасці М.Гогаля, Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова. У 1928 выдадзены зборнік артыкулаў П. і яго паслядоўнікаў «Літаратуразнаўства», які стаў прычынай для дыскусіі пра «пераверзеўскую школу» (1929—30). Імкненне тлумачыць маст. твор класавым быццём вяло П. да вульгарнага сацыялагізму. Разам з тым яго працам уласцівы тонкі аналіз маст. структуры тэксту, глыбокае пранікненне ў сістэму вобразаў маст. твора. Аўтар кн. «Літаратура старажытнай Русі» (апубл. 1971).
Тв.:
У истоков русского реалистического романа. 2 изд. М., 1965;
Гоголь. Достоевский: Исслед. М., 1982;
У истоков русского реализма. М. 1989.
т. 12, с. 271
ПЕРАВЕ́РЗЕЎ (Іван Фёдаравіч) (3.9.1914, в. Кузьмінкі Арлоўскай вобл., Расія — 23.4.1978),
расійскі кінаакцёр. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1938). З 1938 у маскоўскім т-ры Рэвалюцыі, з 1945 у Т-ры-студыі кінаакцёра кінастудыі «Масфільм». У характарах персанажаў імкнуўся раскрыць драматызм, супярэчлівасць, кантрастнасць і павароты лёсу. Зняўся ў фільмах «Марскі ястраб» (1942), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (1953), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1963), «Фронт без флангаў» (1975), «Фронт за лініяй фронту» (1977); на кінастудыі «Беларусьфільм» — «Маё каханне» (1940), «Палеская легенда» (1957). Дзярж. прэмія СССР 1952.
В.С.Іваноўскі.
т. 12, с. 271