ПЕРАВАЛО́ЦКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (псеўд. Антон, Тарас, Янка; 1903, в. Яглевічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. —6.11.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1927). З 1923 сакратар Косаўскага райкома, чл. Баранавіцкага, сакратар Брэсцкага, Пінскага акр. к-таў КПЗБ. З 1928 член ЦК КПЗБ. Неаднойчы быў арыштаваны. На «працэсе 75-і» (1929) выступіў з прамовай у абарону палітыкі і тактыкі КПЗБ, засуджаны на 15 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у СССР. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў сувязі з «пасламі ад КПЗБ» у польскім сейме П.​Валошыным, С.​Рак-Міхайлоўскім, Б.​Тарашкевічам і расстраляны. Рэабілітаваны ў канцы 1980-х г.

В.​П.​Ласковіч.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)