БАБУ́ХІН Аляксандр Іванавіч
(28.3.1827 або 17.8.1835, с. Семяндзяева Арлоўскай вобл., Расія — 4.6.1891),
рускі гістолаг і фізіёлаг, адзін з заснавальнікаў рус. школы гістолагаў і бактэрыёлагаў. Праф. (1865). Скончыў Маскоўскі ун-т (1859). З 1865 працаваў там жа, у 1888 арганізаваў першую ў Маскве бактэрыял. лабараторыю. Навук. працы па нармальнай анатоміі і гісталогіі нерв. сістэмы. Даказаў клетачную будову сятчаткі вока і вызначыў паходжанне палачак і колбачак; апісаў нейрафібрылы ў перыферычных нерв. валокнах, паказаў прыналежнасць восевых цыліндраў нерв. валокнаў да адросткаў нерв. клетак, развіццё органаў рыб з эмбрыянальных папярочна-паласатых мышачных валокнаў, двухбаковую праводнасць узбуджэння ў нерв. валокнах.
Тв.:
Об отношении блуждающих нервов к сердцу. М., 1862.
т. 2, с. 194
БА́БЧА,
возера ў Беларусі, у Лепельскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 16 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,2 км², даўж. 0,87 км, найб. шыр. 0,35 км, найб. глыб. 13 м, даўж. берагавой лініі 2,07 км. Пл. вадазбору 1,95 км².
Схілы катлавіны выш. 10—15 м, на У 20—22 м. Берагі нізкія, на Пн і У тарфяністыя. Дно глеістае, мелкаводдзе пясчанае. Выцякае ручай у воз. Кабак.
т. 2, с. 194
БАБЫЛІ́,
кутнікі, каморнікі, катэгорыя беззямельных сялян на Беларусі ў 16—19 ст. Займаліся рамёствамі, дробнымі промысламі, наймаліся на розныя работы да феадалаў, заможных сялян і гараджан. Некат. мелі сваю хату, жывёлу, агарод, сенажаць; іншыя жылі ў чужых хатах, займаючы кут ці камору, або нават жабравалі. Асн. павіннасцю бабылёў была бабыльшчына — грашовы чынш, памер якога залежаў ад заможнасці; тыя, хто меў сваю хату, плацілі падымнае. Бабылёў у зах. раёнах Беларусі часцей называлі кутнікамі ці каморнікамі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) бабылёў абкладалі падушным падаткам, надзялялі зямлёю, яны выконвалі павіннасці; да сярэдзіны 19 ст. зліліся з асн. масай сялян. Бабылямі сталі называць адзінокіх, бедных, бяздомных людзей.
В.І.Мялешка.
т. 2, с. 194
БАБЫ́НА,
возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 15 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,49 км², даўж. 1,33 км, найб. шыр. 0,56 км, найб. глыб. 32,3 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 6,3 км².
Схілы катлавіны выш. да 40 м, пад пашай або лесам. Ніжняя частка схілаў амаль ўсюды ўтварае стромкі абразійны ўступ выш. да 9 м. Берагі нізкія, пясчаныя і гліністыя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, глыбей за 8—10 м глеістае. Злучана пратокай з воз. Бабынічы.
т. 2, с. 194
БАБЫ́НІЧЫ,
возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 15 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,6 км², даўж. 1,87 км, найб. шыр. 0,43 км, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 4,5 км. Пл. вадазбору 67,5 км².
Схілы катлавіны выш. да 40 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнЗ і З сплавінныя. Дно плоскае, мелкаводдзе пясчанае, глыбей сапрапелістае. Моцна зарастае да глыб. 2,5 м. Праз возера цячэ р. Быстрыца. Злучана пратокай з воз. Бабына.
т. 2, с. 194
БАБЫ́НІЧЫ,
вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобл., паміж азёрамі Бабынічы, Бабына і Нясета. Цэнтр сельсавета і калектыўнага с.-г. прадпрыемства. За 45 км на ПдЗ ад Полацка, 150 км ад Віцебска, 17 км ад чыг. ст. Загацце. 271 ж., 98 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. Належалі Корсакам. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка. На пач. 20 ст. комплекс паселішчаў у Бабынічах складаўся з мястэчка (70 дамоў, 326 ж.), фальварка Бабынічы-Вовель, маёнткаў Бабынічы-Юраўшчына і Вуглы-Бабынічы. З 1922 у Полацкім пав. У 1924—31, 1935—60 Бабынічы — цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1960 — Полацкага р-наў.
т. 2, с. 194
БАБ-ЭЛЬ-МАНДЭ́БСКІ ПРАЛІ́Ў,
паміж Аравійскім п-вам і Афрыкай. Злучае Чырвонае м. з Аравійскім. Шыр. да 26,5 км. Глыб. на фарватэры 182 м. Востраў Перым падзяляе праліў на Вялікі і Малы рукавы. Праз праліў і Суэцкі канал пралягае самы кароткі водны шлях з Еўропы ва Усх. і Паўд. Азію і Аўстралію.
т. 2, с. 194
БАВА́РСКІЯ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ЗБО́РЫ КАРЦІ́Н,
калекцыі ням. і сусв. выяўленчага мастацтва, сканцэнтраваныя гал. чынам у Мюнхене. Уключаюць Старую пінакатэку (засн. ў 1836; збор стараж.-ням. і зах.-еўрап. жывапісу, у тым ліку унікальную калекцыю твораў П.П.Рубенса, «Чатыры апосталы» А.Дзюрэра, «Каранаванне цярновым вянком» Тыцыяна), Новую пінакатэку (ням. скульптура і жывапіс 19—20 ст.), Галерэю Шака (мастацтва позняга ням. рамантызму), Новы палац у прадмесці Шлайсгайм. Філіялы дзейнічаюць і ў інш. гарадах Германіі.
т. 2, с. 194
БАВА́РСКІ ЛЕС
(Bayrischer Wald),
складкава-глыбавы крышт. хрыбет на ПдУ Германіі. Даўж. каля 90 км, выш. да 1121 м (г. Эйнёдрыгель). Паверхня згладжаная, з асобнымі завостранымі вяршынямі. Паўн.-ўсх. схілы адносна пакатыя, паўд.-заходнія стромка спадаюць да даліны р. Дунай. Да выш. 800 м укрыты ялова-букавымі, вышэй — ялова-піхтавымі лясамі.
т. 2, с. 194
БАВА́РЫ,
германскае племя. Упершыню ўпамінаецца ў пач. 6 ст. Магчыма, паходзіць ад маркаманаў. У сярэдзіне 6 ст. бавары занялі частку тэр. былых рым. правінцый Норык і Рэцыя (засялілі тэр. сучасных Верхняй Аўстрыі, Зальцбурга, Верхняй і Ніжняй Баварыі, часткова Ціроля). З 6 ст. вядома племянное герцагства (гл. Баварыя). На тэр. іх рассялення ў 7—8 ст. дзейнічала звычаёвае права — Баварская праўда (гл. ў арт. Варварскія праўды). Разам з інш. герм. плямёнамі бавары заклалі аснову ням. і аўстр. Народаў.
т. 2, с. 195