Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́КТАР (лац. sector),

1) частка плошчы фігуры (гл. Сектар у геаметрыі).

2) Частка якой-н. плошчы, абмежаванай радыяльнымі лініямі (напр., С. назірання, С. стадыёна).

3) Аддзел установы, арганізацыі, які мае пэўную спецыялізацыю.

4) Частка нар. гаспадаркі, якая мае пэўныя эканам. і сац. прыкметы (напр., С. кааператыўны).

5) Спец. ўчастак сістэмы кіравання самалёта, карабля і інш.

т. 14, с. 303

СЕ́КТАР у геаметрыі,

1) С. на плоскасці — плоская фігура, абмежаваная 2 паўпрамымі, што выходзяць з унутр. пункта фігуры, і дугой контуру. С. круга — фігура, абмежаваная 2 радыусамі і дугой, на якую яны апіраюцца. Плошча С. крута роўная, lr/2 ці πr2α/360, дзе l — даўжыня дугі, α — адпаведны гэтай дузе цэнтр. вугал у градусах і r — радыус круга.

2) С. у прасторы — частка цела, абмежаваная канічнай паверхняй, вяршыня якой знаходзіцца ўнутры цела, і выразанай ёю часткай паверхні цела.

т. 14, с. 303

СЕКУЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. sécularisation ад позналац. saecularis свецкі),

1) адчужэнне царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы. Праводзілася ў розных краінах свету з мэтай паслаблення эканам. магутнасці і паліт. ролі царквы ў дзяржаве.

На Беларусі ажыццяўлялася ў 18 — пач. 20 ст. У Рас. імперыі ўрад Кацярыны II адабраў у правасл. царквы населеныя маёнткі ў 1760-я г. Аднак на землях Беларусі, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, царызм не рашаўся ісці на абвастрэнне адносін з моцным і ўплывовым каталіцкім клірам, таму тут канфіскацыя маёнткаў у духавенства абмежавалася толькі агульнымі мерамі, што ўжываліся да ўладальнікаў, якія заставаліся за мяжой ці выступілі супраць рас. улады. Канфіскацыі ў 1770—90-я г. закранулі частку царк. маёнткаў (больш за 40 тыс. рэвізскіх душ), што належалі пераважна Віленскаму біскупству. У Рэчы Паспалітай у 1773 быў скасаваны ордэн езуітаў, а яго маёнткі перададзены Адукацыйнай камісіі, якая распрадала іх шляхце. На 1790 у паезуіцкіх маёнтках на тэр. зах. і цэнтр. Беларусі знаходзіліся 644 гарадскія і 7179 сельскіх дымоў. Ва ўсх. Беларусі езуіты захаваліся да высылкі іх з Рас. імперыі паводле ўказа 1820. Палажэннем К-та міністраў і ўказам Сената ад 13.4.1822 35 маёнткаў (9830 рэвізскіх душ), што належалі езуітам, канфіскаваны і замацаваны за казной. Карэнны пералом у адносінах царызму да.царк. маёмасці ў зах. губернях настаў пасля паўстання 1830—31 з мэтай нейтралізацыі шляхецка-каталіцкай апазіцыі. Указам ад 19.7.1832 ад ліквідацыі некамплектных (што не мелі поўнага складу манахаў) рымска-каталіцкіх кляштараў іх маёнткі перададзены ў склад казны. У 1837 на Беларусі былі 93 паманастырскія маёнткі з 10 183 рэвізскімі душамі. У час хваляванняў у Віцебскай і Магілёўскай губ. з-за пераводу уніятаў у праваслаўе (1833 і 1834) у рымска-каталіцкага і уніяцкага духавенства канфіскавана 5 маёнткаў і ўстаноўлена казённае кіраванне яшчэ адным. Паводле 8-й рэвізіі (1834) у пауніяцкіх вёсках налічваліся 2894 рэвізскія душы. 25.12.1841 падпісаны шэраг указаў аб прыёме ў дзярж. маёмасць усіх населеных маёнткаў вышэйшага правасл. і іншавернага духавенства зах. губерняў; 10.5.1843 — аб перадачы ў казну населеных маёнткаў прыходскіх цэркваў; 28.2.1844 — вылучаных па «эксдывізіях» (па рашэнні суда) на ўласнасць каталіцкага духавенства. Такіх падухоўных маёнткаў у 1847 у 5 бел. губернях было 546 і 87 269 рэвізскіх душ сялян; трэцяя частка з іх прыпадала на Віленскую губ. Асн. маса зямельных уладанняў была адабрана ў каталіцкага духавенства, бо правасл. царква мела параўнальна невял. колькасць сялян. Вышэйшае духавенства, незадаволенае пазбаўленнем матэрыяльных сродкаў, рабіла ўсё, каб пакінуць у сваім распараджэнні найб. колькасць зямлі і зацягвала перадачу ў казну асобных маёнткаў. Рэшткі царк. уладанняў секулярызаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917.

2) Працэс выхаду з-пад уплыву рэлігіі і царквы розных сфер грамадскага жыцця (палітыкі, права, культуры, асветы, нац. і сямейна-быт. адносін); адзін з аспектаў агульнага працэсу мадэрнізацыі, звязанага з развіццём навукі і вытв-сці, урбанізацыяй. Адбываецца на ўзроўні індывідуальнай свядомасці, сац. ін-таў і прыводзіць да аслаблення б. грамадскіх сувязей і традыцый. Характарызуецца стратай рэлігіяй ролі адзінай крыніцы каштоўнасцей, ідэалаў і норм, манаполіі на тлумачэнне аб’ектыўнай рэальнасці, аслабленнем уплыву царквы на асобу і дзяржаву. Рысы С. выявіліся ў сярэдневякоўі, асабліва праявіліся ў эпоху Адраджэння, Рэфармацыі, бурж. рэвалюцый. У СССР працэс С. найб. інтэнсіўна працякаў у 1920—30-я г. і звязаны з палітыкай дзяржавы, накіраванай на адлучэнне царквы ад жыцця грамадства. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР (1918) і пастановай СНК БССР (1922) «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» былі адменены ўсе ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэліг. т-ваў абвешчана агульнанароднай, рэліг. арг-цыям забаронена адкрываць ці мець агульнаадук. школы, выкладаць у школах рэліг. вучэнні. З боку дзяржавы вялася актыўная барацьба з рэлігіяй: храмы зачынялі і разбуралі, духавенства цярпела ганенні, царква і рэлігія абвяшчаліся «перажыткам старога». Пэўнае ажыўленне рэліг. жыцця назіралася ў перыяд Вял. Айч. вайны ў сувязі з падтрымкай з боку правасл. і рымска-каталіцкага духавенства барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. акупантаў. У 1990-я г. ў постсав. краінах тэмпы С. істотна знізіліся: рэлігія стала адным з элементаў духоўнай культуры, павялічылася колькасць храмаў, рэліг. арг-цыі сталі ўдзельнікамі міратворчай і дабрачыннай грамадскай дзейнасці. У канцы 20 — пач. 21 ст. працэс С. развіваецца адначасова з працэсам сакралізацыі розных сфер грамадскага жыцця і захоўваннем рэлігіі і царквы як сродкаў падтрымання духоўнасці і захавання традыц. грамадскіх структур.

Літ.:

Яблоков И.Н. Социология религии. М., 1979;

Зинченко А.Л. Реформа государственной деревни и секуляризация церковного землевладения в западных губерниях Российской империи // Исторические записки. М., 1985. Т. 112;

Кублицкая Е.А. Методологические аспекты изучения особенностей секуляризации в условиях перестройки // Проблемы перестройки: социал. аспект. М., 1989;

Сосно В.А. Конфискации церковных имений на Беларуси при включении ее в состав Российской империи // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 3;

Яго ж. Секуляризация церковных крестьян на Беларуси в 30—40-е гг. XIX в. // Церковь в истории славянских народов. М., 1997.

І.​В.​Катляроў, У.​А.​Сосна.

т. 14, с. 303

СЕ́КУН (Віталь Іванавіч) (н. 21.11.1935, г. Чарнігаў, Украіна),

бел. псіхолаг і сацыёлаг. Д-р псіхал. н. (1989). Скончыў Чалябінскі пед. ін-т (1957) і Ленінградскі ун-т (1966). З 1971 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. З 1981 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1990 заг. аддзела Ін-та сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па псіхалогіі асобы, праблемах псіхічнай рэгуляцыі дзейнасці і паводзін чалавека, механізмаў фарміравання свядомасці, псіхалогіі кіравання, ментальных працэсаў у грамадстве. Распрацаваў тэорыю першасных і другасных (дзейна апасродкаваных) рыс асобы і іх ролі ў рэгуляцыі паводзін чалавека, канцэпцыю актыўнасці асобы і яе асн. форм.

Тв.:

Индивидуально-психологические особенности и взаимоотношения студентов: (Опыт социал.-психол. исслед.) Мн., 1976;

Психология активности. Мн., 1996;

Понимание морально-психологического состояния офицерским составом Вооруженных Сил. Ч. 1—2. Мн., 1999 (разам з А.​М.​Гурам);

Особенности понимания демократии офицерским корпусом (разам з Л.​Мальцавым) // Бел. думка. 2001. № 10.

т. 14, с. 303

СЕКУ́НДА ў музыцы,

гл. ў арт. Інтэрвал.

т. 14, с. 303

СЕКУ́НДА (ад лац. secunda divisio другое дзяленне — спачатку градуса, а потым і гадзіны),

1) адзінка часу, адна з асноўных адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца с. Адрозніваюць атамную (эталонную) і эфемерыдную (астранамічную) С. Атамная С. роўная 9 192 631 770 перыядам эл.магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж двума звыштонкімі ўзроўнямі асн. стану атама цэзію-133. Узнаўляецца з дапамогай цэзіевых эталонаў частаты і часу (гл. Квантавыя стандарты частаты). Эфемерыдная С. роўная ​1/31 556 925, 9747 долі трапічнага года (1900-га, які пачаўся ў 12 гадз 31.12.1899; гл. Эфемерыдны час).

2) Вуглавая С. — пазасістэмная адзінка плоскага вугла. Абазначаецца ″. Роўная 1/60 мінуты, або ​1/3600 градуса, або ​π/64800 рад (гл. Радыян).

т. 14, с. 303

СЕКУНДАМЕ́Р,

прылада для вымярэння прамежкаў часу ў гадзінах, мінутах, секундах і долях секунды. Як і гадзіннікі, маюць механізм для адліку часу, а таксама прыстасаванне для пуску, спынення і вяртання да нуля стрэлак (лічбаў).

Першыя С. (з’явіліся ў канцы 19 ст.) мелі толькі секундную стрэлку (адсюль іх назва). Бываюць малагабарытныя — кішэнныя і наручныя (пераважна мех., са стрэлачнай індыкацыяй) і буйнагабарытныя — настольныя, шчытавыя, у т. л. дэманстрацыйныя (звычайна эл., электронна-мех. і электронныя з лічбавай індыкацыяй); падсумоўвальнага дзеяння (паказваюць выніковы час якіх-н. паслядоўных працэсаў), 2-стрэлачныя, шматцыферблатныя, са шкалой для вызначэння колькасці падзей за адзінку часу (напр., удараў пульсу за мінуту) і інш. Выкарыстоўваюцца ў спорце, медыцыне, авіяцыі, прам-сці і інш.

Секундамеры: 1 — механічны кішэнны; 2 — механічны падсумавальнага дзеяння з дзвюма секунднымі стрэлкамі і трыма шкаламі; 3 — электрычны дэманстрацыйны з дзвюма шкаламі.

т. 14, с. 304

СЕ́КЦЫЯ (ад лац. sectio разразанне, раздзяленне),

1) аддзел установы, арганізацыі і пад. з пэўнай спецыялізацыяй. Напр., С. літаратуры, С. спартыўная, С. абутку ва універмагу.

2) Група ўдзельнікаў з’езда, канферэнцыі, нарады, якая працуе над пэўным колам пытанняў.

3) У тэхніцы — частка якой-н. канструкцыі, машыны (напр., С. эл. шпуль, С. катла).

4) У архітэктуры — закончаная ячэйка жылога дома ці прамысл. будынка.

т. 14, с. 304

СЕ́КЦЫЯ ў медыцыне,

даследаванне цела памерлага для выяўлення паталаг. змен і ўстанаўлення прычын смерці.

т. 14, с. 304

СЕ́ЛА ((Cela) Каміла Хасэ) (н. 11.5.1916, г. Падрон, Іспанія),

іспанскі пісьменнік. Чл. Ісп. АН (з 1957). Вывучаў права ў Мадрыдзе і Англіі. Першыя вершы напісаў пад уплывам Р.​Альберці і П.​Нэруды. Паклаў пачатак т.зв. л-ры трэмендызму (ад ісп. tremendo — жахлівы, страшны). У раманах «Сям’я Паскуаля Дуартэ» (1942), «Вулей» (1951) матывы бязвыхаднасці і абсурднасці жыцця. Яго творчай манеры ўласцівы гратэск і іронія, імкненне да прастаты і прымітывізму. Аўтар раманаў «Служба цемры 5» (1973), «Спіс раганосцаў» (1976), «Мазурка для памерлых» (1983), кніг нарысаў, апавяданняў, дарожных нататак. Нобелеўская прэмія 1989.

Тв.:

Рус. пер. — Апельсины — зимние плоды. М., 1965;

Семья Паскуаля Дуарте. Улей;

Повести и рассказы. М., 1980.

Літ.:

Тертерян И. Современный испанский роман (1939—1969). М., 1972.

т. 14, с. 304