СЕКУ́НДА (ад лац. secunda divisio другое дзяленне — спачатку градуса, а потым і гадзіны),

1) адзінка часу, адна з асноўных адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца с. Адрозніваюць атамную (эталонную) і эфемерыдную (астранамічную) С. Атамная С. роўная 9 192 631 770 перыядам эл.магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж двума звыштонкімі ўзроўнямі асн. стану атама цэзію-133. Узнаўляецца з дапамогай цэзіевых эталонаў частаты і часу (гл. Квантавыя стандарты частаты). Эфемерыдная С. роўная ​1/31 556 925, 9747 долі трапічнага года (1900-га, які пачаўся ў 12 гадз 31.12.1899; гл. Эфемерыдны час).

2) Вуглавая С. — пазасістэмная адзінка плоскага вугла. Абазначаецца ″. Роўная 1/60 мінуты, або ​1/3600 градуса, або ​π/64800 рад (гл. Радыян).

т. 14, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)