ГУЛЕ́ГІНА Марыя Агасаўна
(н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),
спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.Чайкоўскага (1986, Масква).
т. 5, с. 527
ГУЛЕ́ЙКА Васіль Рыгоравіч
(23.4.1893, в. Быстрыца Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 8.7.1973),
генерал-лейтэнант артылерыі (1944). У арміі з 1915, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, ліквідацыі кранштацкага мяцяжу (1921). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: нач. штаба артылерыі арміі, нач. упраўлення артылерыі Карэльскага фронту. У 1943 — 46 нам. нач. штаба Гал. ўпраўлення камандуючага артылерыяй Сав. Арміі. Удзельнік вызвалення Мінска. Да 1951 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 527
ГУЛІ́ДАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Маргва, за 13 км на З ад г. Глыбокае. Пл. 0,27 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 3,25 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, параслі хмызняком, месцамі на Пд і Пн разараныя. Выцякае ручай у р. Маргва.
т. 5, с. 527
ГУ́ЛІС Ігар Міхайлавіч
(н. 16.11.1949, Мінск),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў БДУ (1972). З 1977 у БДУ. Навук. працы па фотафізічных працэсах у растворах і ізаляваных комплексах складаных малекул, метадах і апаратуры для лазерна-спектраскапічных даследаванняў. Распрацаваў метады атрымання звышкароткіх імпульсаў святла, якія перастройваюцца па частаце дыскрэтна ці неперарыўна. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Спектральные сдвиги при формировании ван-дер-ваальсовских комплексов ароматических молекул с атомами инертных газов // Журн. прикладной спектроскопии. 1996. Т. 63. № 1.
т. 5, с. 527
ГУ́ЛІЯ Георгій Дзмітрыевіч
(н. 14.3.1913, г. Сухумі, Абхазія),
рускі пісьменнік. Засл. дз. маст. Грузіі (1943) і Абхазіі (1971). Сын Дз.І.Гулія. Друкуецца з 1930. Трылогія «Сябры з Сакена» («Вясна ў Сакене», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «Добры горад», 1949; «Кама», 1951) пра побыт і працу людзей Абхазіі. Гіст. мінуламу абх. народа прысвечаны «Апавяданні каля кастра» (1937), аповесць «Чорныя госці» (1950), раман «Водаварот» (1959). Аўтар гіст. рамана «Цар Эхнатон» (1968), «Чалавек з Афінаў» (1969), «Сула» (1971), «Сказанне пра Умара Хаяма» (1975).
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1974.
т. 5, с. 527
ГУ́ЛІЯ Дзмітрый Іосіфавіч
(21.2.1874, в. Уарча, Абхазія — 7.4.1960),
абхазскі пісьменнік. Зачынальнік абх. л-ры. Нар. паэт Абхазіі (1937). Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў г. Горы. Настаўнічаў, выкладаў абх. мову ў Тбіліскім ун-це (1924—26). У 1892 склаў абх. азбуку (з К.Д.Мачаварыяні). Рэдактар першай абх. газеты «Апсны» («Абхазія», 1919—20). У 1921 стварыў і ўзначаліў першую абх. тэатр. трупу. Першы паэт. зборнік выдаў у 1912. У яго творах — гіст. мінулае і сучаснае роднага краю (навела «Пад чужым небам», 1919; паэмы «Песня пра Абхазію», 1940; «Восень у вёсцы», 1946; раман «Камачыч», 1940; драма «Прывіды», 1946, і інш.). Аўтар даследаванняў па гісторыі, фальклоры, мове і этнаграфіі («Гісторыя Абхазіі», т. 1, 1925, і інш.), тэрміналагічнага слоўніка па л-ры і мовазнаўстве, падручнікаў і хрэстаматый. Перакл. на абх. мову творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, І.Чаўчавадзе, Ш.Руставелі («Віцязь у тыгравай шкуры»), «Слова пра паход Ігаравы». На бел. мову асобныя творы Гулія пераклалі А.Бачыла, І.Калеснік, У.Паўлаў.
Тв.:
Рус. пер. — Соч. Т. 1—4. М., 1974—76.
Літ.:
Гулиа Г. Дмитрий Гулиа: Повесть о моем отце. М., 1962.
т. 5, с. 527
ГУЛЬБЕ́ЗА,
Губіза, возера ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас р. Страча, за 33 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Пл. 0,23 км², даўж. 940 м, найб. шыр. 390 м, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 6 км². Схілы катлавіны выш. 8—11 м, параслі лесам і хмызняком, на У разараныя. Берагі супадаюць са схіламі, на Пн сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. На Пд выцякае ручай у воз. Вераб’і, злучана пратокай з воз. Ёдзі.
т. 5, с. 528
ГУ́ЛЬБІШЧА,
вонкавая адкрытая тэраса ці закрытая галерэя, якая абкружае будынак на ўзроўні перакрыццяў падклецця. Выкарыстоўвалася ў культавых будынках 16—17 ст., часам у пабудовах свецкага характару. У драўляным дойлідстве існавала ў выглядзе стоек з укосінамі ў верхняй частцы (Троіцкая царква Маркава манастыра ў Віцебску), у мураваным — у выглядзе аркадных і ордэрных галерэй, глухіх прыбудоў да асн. будынка (храм-пахавальня ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры).
Г.А.Лаўрэцкі.
т. 5, с. 528
ГУ́ЛЬДЭН
(ням. Gulden ад Gold золата),
фларын, 1) грашовая адзінка Нідэрландаў, роўная 100 цэнтам. Уведзена ў 1816.
2) Залатая, потым сярэбраная манета ў некат. еўрап. краінах у 14—19 ст. (Аўстрыі, Германіі і інш.). У 17 ст. быў пашыраны на Беларусі.
т. 5, с. 528