ГУЛЕ́ГІНА Марыя Агасаўна
(н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),
спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.Чайкоўскага (1986, Масква).
т. 5, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)