ГУ́ЛЬБІШЧА,

вонкавая адкрытая тэраса ці закрытая галерэя, якая абкружае будынак на ўзроўні перакрыццяў падклецця. Выкарыстоўвалася ў культавых будынках 16—17 ст., часам у пабудовах свецкага характару. У драўляным дойлідстве існавала ў выглядзе стоек з укосінамі ў верхняй частцы (Троіцкая царква Маркава манастыра ў Віцебску), у мураваным — у выглядзе аркадных і ордэрных галерэй, глухіх прыбудоў да асн. будынка (храм-пахавальня ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры).

Г.А.Лаўрэцкі.

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)