БА́ТЛЕР
(Butler) Нікалас М’юрэй (2.4.1862, г. Элізабет, ЗША — 7.12.1947),
амерыканскі дзярж. дзеяч, педагог, пацыфіст. Скончыў Калумбійскі каледж. Д-р філасофіі (1884), праф. (1890). У 1902—45 прэзідэнт Калумбійскага каледжа. Быў саветнікам прэзідэнта ЗША Т.Рузвельта. Адстойваў неабходнасць абмежавання ўзбраення і стварэння міжнар. суда. З 1925 прэзідэнт Фонду міжнар. міру. Падтрымаў пакт Келага—Брыяна (1928), які асуджаў вайну як сродак нац. палітыкі. Нобелеўская прэмія міру 1931 (разам з Дж.Адамс).
т. 2, с. 349
БАТМАГЕНЕ́З
(ад грэч. bathmos ступень + ...генез),
эвалюцыйная канцэпцыя, паводле якой у аснове прагрэс. развіцця жывых арганізмаў ляжыць унутр. імкненне да самаўдасканалення — «сіла росту», або батмізм. Дзеянне гэтага ўнутр. фактару накіроўваецца, на думку аўтара батмагенезу амер. палеантолага Э.Д.Копа (1871), вонкавымі ўплывамі, намаганнямі, што выклікаюцца патрэбнасцю, а таксама неўсвядомленым або свядомым выбарам. Менавіта свядомы выбар на аснове «сілы росту» ўласцівы, паводле батмагенезу, усяму жывому, стварае новыя адаптацыі арганізмаў, а натуральны адбор толькі захоўвае або знішчае іх. Канцэпцыя батмагенезу аўтагенетычная, падобная да вучэння Ж.Б.Ламарка і ляжыць у аснове псіхаламаркізму. Гл. таксама Неаламаркізм.
т. 2, с. 349
БАТНІ́ЧНЫ ЗАЛІ́Ў
(швед. Bottniska viken, фін. Pohjanlahti),
паўночная частка Балтыйскага м., паміж Швецыяй і Фінляндыяй. Злучаецца з адкрытым морам пралівам Сёдра-Кваркен паміж Аландскімі а-вамі і берагам Швецыі. Пл. 117 тыс. км². Даўж. 668 км, шыр. да 240 км. Найб. глыб. 290 м. Шэраг невял. астравоў — шхераў. Зімой замярзае. Прылівы мяшаныя, на Пн сутачныя (да 0,1 м). Гал. парты: Васа, Оўлу, Поры (Фінляндыя), Лулео, Умее (Швецыя).
т. 2, с. 350
БАТО́МЕТР
(ад грэч. bathos глыбіня + ...метр),
прылада для адбору проб вады з пэўнай глыбіні вадаёмаў. З дапамогай батометра вывучаюць фіз.-хім. і сан. ўласцівасці вады і завіслыя ў ёй прымесі. Бываюць імгненнага напаўнення (марскі і рачны батометры) і працяглага напаўнення (батометр-бутэлька, вакуумны батометр). Донныя батометры прыстасаваны да адбору проб наносаў. Некаторыя батометры спалучаны з тэрмометрамі, якія фіксуюць т-ру на глыбіні адобру пробы.
т. 2, с. 350
БАТО́РЫН
(сапр. Хаймовіч) Фелікс Барысавіч (н. 5.2.1948, Мінск),
бел. паэт, перакладчык. Піша на бел. і яўр. (ідыш) мовах. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). Працуе ўрачом. Друкуецца з 1968. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца» (1981), «Зялёны тралейбус» (1986), «Я дрэва пасадзіў» (1991). У баладах адлюстраваў гіст. асоб (лагойскі граф Тышкевіч, М.Гусоўскі, В.Вашчыла, С.Налівайка, К.Каліноўскі, А.Вярыга-Дарэўскі, М.Багдановіч і інш.), эпізоды бел. гісторыі. На бел. мову перакладае паэзію і прозу з рус., ням. і ідыш.
т. 2, с. 350
БАТО́РЫНА,
Баторын, возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 1,5 км на Пд ад г.п. Мядзел. Пл. 6,25 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 2,4 км, найб. глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 92,4 км².
Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, асабліва заходні, які зліваецца з забалочанай поймай і пераходзіць у балота. Мелкаводдзе пясчана-глеістае. Асн. частка ложа выслана сапрапелямі магутнасцю да 8 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 150 да 300 м. На ПдУ невял. ўчасткі сплавіны. Водапрыёмнік балотных водаў (упадаюць 10 меліярац. канаў); злучана пратокай з воз. Мястра. Месца адпачынку і турызму.
т. 2, с. 350
БАТРА́К
(сапр. Казлоўскі) Іван Андрэевіч (29.2.1892, в. Малое Гальцэва Талачынскага р-на Віцебскай вобласці — 1943),
рускі паэт і перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Адзін з кіраўнікоў Усесаюзнага т-ва сялянскіх пісьменнікаў. Друкаваўся з 1913. Для ранняй творчасці характэрны гераічныя матывы. Аўтар зб-каў баек «Абручы і клёпкі» (1926), «Саха і трактар» (1928), «Павукі і мухі» (1931), «Байкі» (1928, 1933). На рус. мову перакладаў творы Я.Коласа і К.Крапівы. Яго творы на бел. мову перакладалі Э.Валасевіч, У.Паўлаў.
Тв.:
Избранное М., 1958.
т. 2, с. 350
БАТРАКО́Ў Міхаіл Рыгоравіч
(5.8.1922, в. Радуга Веткаўскага р-на Гомельскай вобласці — 16.1.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Майкопскае бранятанк. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 удзельнік баёў на Паўн. Каўказе, Кубані, Беларусі, у Літве, Усх. Прусіі. У ходзе баёў у Прыбалтыцы ў 1944 танк. рота пад камандаваннем ст. лейт. Батракова прарвала абарону ворага на правым беразе Нёмана каля Каўнаса, адбіла 4 контратакі праціўніка, знішчыла 14 танкаў. Загінуў у баі на тэр. Усх. Прусіі. У в. Радуга яму пастаўлены помнік.
т. 2, с. 350