САВО́Я (Savoie),
гістарычная вобласць на ПдУ Францыі, у Савойскіх Альпах. Уключае дэпартаменты Савоя і Верхняя Савоя. Пл. 10,4 тыс. км². Нас. каля 1 млн. чал. (2000). Гал. горад — Шамберы. Рэльеф горны. У гарах лясы з дубу і каштану, вышэй — хвойныя лясы і альпійскія лугі. Клімат умераны, вышэй за 2000 м — халодны. Раён развітой прам-сці (ГЭС, электрахім. і электраметалургічная, дрэваапр., папяровая, станкабуд., гарбарная) і турызму (базы зімовага спорту, курорты Шамані, Эвіян-ле-Бэн і інш.). Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Выраб сыроў. У далінах пасевы пшаніцы, бульбы, фуражных культур, сады і вінаграднікі.
т. 14, с. 73
САВУ́ЦІН (Петр Мацвеевіч) (23.2.1923, в. Вялікае Сяло Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.7.1995),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах. Пам. камандзіра ўзвода разведкі ст. сяржант С. вызначыўся ў 1945 у наступальных баях на тэр. Польшчы і Германіі. Пасля вайны працаваў у рачным параходстве.
т. 14, с. 73
СА́ВУШКІН (Ігар Аляксандравіч) (н. 5.6.1935, Масква),
бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі. Д-р тэхн. н. (2000). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1959). У 1963—75 і з 1983 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (з 1983 заг. аддзела). У 1975—83 у Мінскім пед. ін-це. З 1992 у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН Беларусі (заг. аддзела, з 1996 заг. лабараторыі). Навук. працы па фізіцы ядз. рэактараў, ізатопных тэхналогіях, радыяцыйным маніторынгу і ахове навакольнага асяроддзя. Распрацаваў безадходную тэхналогію атрымання радыефармакалагічнага прэпарату «Тэхнецый-99м».
Тв.:
Прикладная ядерная физика. Мн., 1980 (разам з А.К.Красіным, Я.П.Пятраевым);
Радиационно-химическая очистка сточных вод и выбросных газов. Мн., 1985 (разам з Я.П.Пятраевым, В.І.Уласавай);
Основы экологически чистой технологии получения технеция-99т. Мн., 2000.
т. 14, с. 73