САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1920,
вайна сав. дзяржавы з Польшчай у крас.—кастр. 1920; частка польска-сав. вайны 1919—20, выкліканай экспансіяй Польшчы пры падтрымцы яе дзяржавамі Антанты і ЗША. У перыяд адраджэння польск. дзяржавы (канец 1918 — пач. 1919) краіны Антанты і ЗША, зацікаўленыя выкарыстаць яе ў барацьбе супраць сав. рэспублік — РСФСР, Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел) і УССР, падтрымлівалі заваёўніцкія планы кіруючых польск. колаў. Пры іх падтрымцы польск. армія была даведзена да 545 тыс. чал. У 1-й пал. 1919 Польшча атрымала ад ЗША на 60 млн. дол. зброі і на 51,6 млн. дол. харчавання. Значнымі былі ваен. пастаўкі з Францыі, на яе тэр. было сфарміравана 5 польскіх дывізій. У пач. 1919 польск. камандаванне стала канцэнтраваць свае войскі каля граніц сав. рэспублік. На сав. прапановы аб перамір’і польскі ўрад не адказаў. Ён выступіў супраць устанаўлення сав. улады ў Беларусі і Літве, не прызнаў абвяшчэння суверэннай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), а потым і стварэння Літбела. У 1-й пал. лют. 1919 Польшча пачала ваен. дзеянні супраць сав. рэспублік. Паўн. група польск. войск наступала ў напрамку Вільні і Ліда—Маладзечна, паўд. — на Баранавічы—Мінск і Кобрын—Пінск; разгортваліся ваен. дзеянні і на тэр. Украіны. Для адпору інтэрвенцыі ў лют. 1919 створаны сав. Заходні фронт 1919—24. 8.4.1919 Літбел аб’яўлена на ваен. становішчы, але спыніць польск. войскі не ўдалося. Урады РСФСР і Літбела звярталіся да польск. ўрада з прапановамі мірна вырашыць спрэчныя пытанні, але польскі бок адхіліў іх. 22.4.1919 захоплена сталіца Літ.-Бел. ССР Вільня. У гэты перыяд у польск. друку і грамадскай думцы адносна Беларусі вызначыліся 2 тэндэнцыі. Адна выражала інтарэсы кіруючых колаў: далучыць землі былога ВКЛ (Беларусь і Літву) да Польшчы. Другая адлюстроўвала думку польскіх дэмакр сіл, якія разглядалі Беларусь, Літву і Украіну як самаст. дзяржавы, звязаныя з Польшчай уніяй (т.зв. «федэралістычная канцэпцыя»). З ёй спачатку вымушана лічыўся і нач. польскай дзяржавы Ю.Пілсудскі. Але неўзабаве ён ад яе адмовіўся. Віленская дэкларацыя (прынята польск. сеймам 2.5.1919) нават сцвярджала, што «бацькаўшчына Касцюшкі, Міцкевіча і Траўгута належыць да Польшчы, як частка непадзельная». Фактычна Пілсудскі адмовіўся ад «федэралістычнай канцэпцыі і ўзяў на ўзбраенне іншы план — захапіць Літву з Вільняй, Беларусь з Мінскам, Украіну з Кіевам». Сутнасць палітыкі Польшчы адносна Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва «Стражы крэсовай» — далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх» (бел., літ. і ўкр. зямель). У сак.—крас. 1919 польскія войскі занялі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірна ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Важнае значэнне мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі (прыняты ў маі 1919) аб неабходнасці заключэння ваен.-паліт. саюзу. На іх аснове ЦВК Расіі прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні ваен. сіл сав. рэспублік. Але праціўнік меў значную перавагу (яго сілы амаль падвоіліся, калі з Францыі была перакінута добра ўзбр. армія). 1.7.1919 польск. войскі разгарнулі наступленне на Зах. фронце, а 8 жн. занялі Мінск. У сярэдзіне жніўня яны занялі практычна ўсю тэр. Літ.-Бел. ССР і шэраг раёнаў Украіны.
У Беларусі лінія фронту праходзіла па р. Бярэзіна, на Украіне — па р. Славечна — г. Наваград-Валынскі — г. Магілёў-Падольскі. Польскі ўрад адхіліў чарговыя мірныя прапановы сав. ўрада (22.12.1919, 28.1 і 2.2.1920). 25.4.1920 войскі Польшчы (агульная колькасць узбр. сіл 740 тыс. чал.) пачалі наступаць: у Беларусі — 1-я, 4-я, 7-я арміі (79 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы ген. С.Шаптыцкі); на Украіне — 2-я, 3-я, 6-я (65 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы Пілсудскі). У Беларусі ім процістаялі войскі Зах. фронту [180 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючыя У.М.Гіціс (з 7.7.1919), М.М.Тухачэўскі (з 29.4.1920)]; на Украіне — войскі Паўд.-Зах. фронту [120 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы А.І.Ягораў (10.1—31.12.1920), чл. РВС: Р.І.Берзін (10.1—18.12.1920), Х.Г.Ракоўскі (6.2—9.10.1920), І.В.Сталін (10.1—1.9.1920), С.І.Гусеў (29.8—14.10.1920), С.І.Аралаў (1—31.12.1920)]. У сак. 1920 польскія войскі занялі Мазыр, Калінкавічы, Оўруч, перарэзалі чыгункі паміж Зах. і Паўд.-Зах. франтамі; у крас. 1920 пры падтрымцы ўкр. палкоў С.Пятлюры захапілі Корасцень, Жытомір, Казацін, 6 мая — Кіеў (гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22).
12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі, на польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З Беларусі па парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.1 да 1.10.1920 накіравана 1116 камуністаў. Паводле няпоўных звестак у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны было больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела да 40 тыс. чал. (камандуючы П.А.Пятраеў). 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем Чырв. Арміі. Гал. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву; часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. — 1-я Конная армія (камандуючы С.М.Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. 14.5.1920, не дачакаўшыся рэзерваў, Зах. фронт пачаў наступаць. 16-я армія фарсіравала Бярэзіну паміж прытокамі Бобр і Клява і наступала ў напрамку Мінска. Польск. камандаванне падцягнула рэзервы з літ. граніцы і контрударам прымусіла сав. войскі адысці на зыходныя рубяжы. Наступленне польск. войск на Украіне было затрымана. Паўд.-Зах. фронт, падмацаваны 1-й Коннай арміяй, нанёс паражэнне 3-й і 6-й польск. арміям і 12.6.1920 вызваліў Кіеў.
Летам 1920 на Зах. фронце было больш за 100 тыс. чал., 2573 кулямёты, 598 гармат. 4.7.1920 ударная група фронту (3-і кав. корпус Г.Дз.Гая, 4-я, 15-я і 3-я арміі) разбіла польск. войскі каля Полацка і рушыла да Вільні і Маладзечна, 16-я армія фарсіравала Бярэзіну і 11.7.1920 вызваліла Мінск. Мазырская група (57-я стралк. дывізія і зводны атрад) наступала ўздоўж чыгункі Мазыр—Брэст. 14 ліпеня войскі Зах. фронту занялі Вільню, 19 ліп. фарсіравалі Нёман, Шчару і выйшлі на тэр. Польшчы (гл. Майская аперацыя 1920, Ліпеньская аперацыя 1920). На Украіне Чырв. Армія разбіла польск. войскі пад Роўнам, 11 ліп. заняла Сарны, Роўна, Камянец-Падольскі. У канцы ліп. ў Беластоку створаны Польскі рэвалюцыйны камітэт (Польрэўком). У сав. тыле фарміравалася 1-я Польская Чырв. Армія, якая на восень 1920 мела 22 вайск. часці (2507 чал.). Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але стомленасць войск, іх адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польск. арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі 1920 і прымусіць яе адысці.
Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі было абумоўлена найперш пераацэнкай гатоўнасці рабочых і сялян Польшчы падтрымаць наступленне сав. войск (ідэя сусв. сацыяліст. рэвалюцыі). Абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы сав. краіны не далі магчымасці забяспечыць усім неабходным войскі фронту. Сав. камандаванне зрабіла стратэгічныя і тактычныя памылкі. Недастатковая ўвага аддавалася аператыўнаму забеспячэнню баявых дзеянняў. Змена камандаваннем Паўд.-Зах. фронту напрамку гал. ўдару з Брэсцкага на Львоўскі парушыла ўзаемадзеянне франтоў, што і прадвызначыла канчатковы вынік аперацыі. Да таго ж Чырв. Армія была вымушана весці баявыя дзеянні на інш. франтах. У сувязі з гэтым польскія войскі выкарысталі ініцыятыву і ў вер.—кастр. 1920 прасунуліся на У, захапіўшы Мінск. Крыху пазней яны зноў адступілі. 12.10.1920 у Рызе падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, а 18.3.1921 — Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога ў складзе Польшчы засталіся занятыя яе войскамі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. У час вайны ў баявых дзеяннях удзельнічалі таксама савецкія Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія і польская Пінская флатылія (гл. ў арт. Пінская ваенная флатылія).
Літ.:
Директивы Главного командования Красной Армии (1917—1920 гг.): Сб. док. М., 1969;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 191.7—1925. Мн., 1985;
Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;
Маль К. Вайна 1920 г. і Беларусь: Вызваленне ці акупацыя? // Бел. гіст. агляд. 1997. Т. 4, сш. 1—2 (6—7);
Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.
М.С.Сташкевіч.
т. 14, с. 60