Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУЛЬТЫ... (ад лац. multum многа), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на мноства, множнасць, шматразовасць, напр., мультымільянер, мультывібратар, мультыполь.

т. 11, с. 23

МУЛЬТЫВІБРА́ТАР (ад мульты... + вібратар),

двухкаскадны імпульсны генератар, які стварае разрыўныя ваганні амаль прамавугольнай формы. Выкарыстоўваецца як генератар імпульсаў, дзялільнік частаты, бескантактны пераключальнік у радыёлакацыі, аўтаматыцы, вымяральнай і выліч. тэхніцы і інш.

Вырабляецца на электронных лямпах, транзістарах (найб. пашырана), тырыстарах і інтэгральных мікрасхемах. Можа працаваць у неперарыўным ці чакальным рэжымах генерацыі. У чакальным рэжыме (затарможаны М., аднавібратар, спускавое прыстасаванне, кіпрэле) М выкарыстоўваецца як фарміравальнік імпульсаў, для затрымкі імпульсаў, а таксама для шыротна-імпульснай і фазава-імпульснай мадуляцыі ваганняў і інш. Існуюць мнагафазныя (л-фазныя) М., якія генерыруюць паслядоўнасць л зрушаных у часе і прасторы імпульсаў і выкарыстоўваюцца ў многаканальных сістэмах адбору, перадачы і пераўтварэння інфармацыі. Гл. таксама Імпульсная тэхніка.

Схема сіметрычнага мультывібратара (а) і сігналы (б), што ім генерыруюцца: Tp1, Tp2 — транзістары; C1, C2 — кандэнсатары; R1—R4 — рэзістары; E — напружанне крыніцы сілкавання; UK — напружанне на калектары (выхадны сігнал); T — перыяд ваганняў; T1, T2 — працягласць рабочых тактаў.

т. 11, с. 23

МУЛЬТЫМЕ́ДЫЯ (ад мульты... + лац. media які пасрэднічае),

электронная інфарм. тэхналогія, якая забяспечвае карыстальніка ўсімі відамі інфарм. паслуг у інтэрактыўным рэжыме (па запатрабаванні карыстальніка). Тэрмін узнік у канцы 1960 — пач. 1970-х г. як сінонім сродкаў масавай інфармацыі (напр., кнігі, часопісы, тэле- і радыёперадачы); часта ўжываецца ў спалучэннях сістэма М., тэхналогія М., праграмныя сродкі М., тэрмінал М.

Да М. адносяць віды інфармацыі, якія можна атрымаць па каналах электрасувязі ці з яе электронных носьбітаў: відэа-, гукавую, тэкставую і графічную інфармацыю, статычную і дынамічную камп’ютэрную графіку (у т. л. 3-мерную), а таксама электронныя версіі кніг, газет і часопісаў, якія ўключаюць тэкст і каляровыя ілюстрацыі, невял. відэаролікі з гукавымі эфектамі.

А.П.Ткачэнка.

т. 11, с. 23

МУЛЬТЫПЛІКА́ТАР (ад лац. multiplico памнажаю, павялічваю, узмацняю),

у тэхніцы, прыстасаванне для ўзмацнення дзеяння якога-н. механізма, павышэння ціску, павелічэння перадатачных адносін і інш. У гідраўл. прэсах павышае ціск вадкасці, што падаецца помпай у рабочыя цыліндры; у мех. перадачах павышае скорасць вярчэння валоў (напр., павышальная зубчастая перадача); М. да фотаапарата дае магчымасць атрымаць некалькі негатываў на адной пласцінцы (плёнцы); у паліграфіі — прылада для адначасовага атрымання проб каляровага друку.

Схема гідраўлічнага мультыплікатара: 1 — плунжэр малога дыяметра d; 2 — поршань вялікага дыяметра D; 3 — рабочая вадкасць; pн — ціск, што ствараецца помпай; pв — атрыманы высокі ціск ( pв = D2 d2 pн ) .

т. 11, с. 23

МУЛЬТЫПЛІКА́ТАР у эканоміцы,

каэфіцыент, які характарызуе сувязь паміж павелічэннем (змяншэннем) інвестыцый і зменай велічыні даходу. Інвестыцыйны М. — уздзеянне капіталаўкладанняў вузкай накіраванасці на сумарны даход (невял. інвестыцыі праз эфект М. могуць аказваць уздзеянне на ўсю эканоміку, таму што паслядоўна закранаюць розныя яе галіны). Дэпазітны (крэдытны) М. — павышанае ўздзеянне невял. змен у банкаўскіх дэпазітах на грашовую масу і аб’ём крэдытавання праз шматразовае выкарыстанне адных і тых жа грошай у банкаўскай сістэме і на крэдытных рынках. Выкарыстоўваецца разам з акселератарам.

т. 11, с. 23

МУЛЬТЫПЛІКАЦЫ́ЙНАЕ КІНО́,

гл Анімацыйнае кіно.

т. 11, с. 23

МУЛЬТЫПО́ЛЬ (ад мульты... + грэч. polos полюс),

пэўная канфігурацыя кропкавых крыніц поля (зарадаў). Напр., кропкавы зарад — М. нулявога парадку; 2 процілеглыя па знаку і роўныя па модулі зараду — дыполь, ці М. 1-га парадку; 4 аднолькавыя па модулі зараду, размешчаныя ў вяршынях паралелаграма так, што кожная старана злучае процілеглыя па знаку зарады — квадруполь, ці М. 2-га парадку. Асн. характарыстыка М. — мультыпольны момант, які дазваляе адназначна звязаць палі М. з палямі складаных сістэм крыніц на вял. адлегласцях, што вядзе да уніфікацыі рашэння шырокага класа задач. Паняцце М. дастасавальнае для апісання палёў, створаных эл., магн. і інш. зарадамі.

т. 11, с. 23

МУЛЬТЫЦЭ́ПС (Multiceps),

род стужачных чарвей. Больш за 20 відаў. Пашыраны ўсюды. Дарослыя чэрві паразітуюць у тонкіх кішках драпежных млекакормячых, пераважна сабачых і кашэчых, выклікаючы тэніідозы; лічынкі (цэнуры) — у мозгу, унутр. поласцях і органах, пад скурай і інш. у капытных, грызуноў, зайцападобных, прыматаў (зрэдку чалавека) і інш., выклікаюць цэнурозы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайны, або мазгавік авечы (M. multiceps), трапляецца М. серыйны (M. serialis).

Даўж. да 1 м. Цела мае да 250 членікаў, галоўку (сколекс) з прысоскамі і крукамі. Гермафрадыты. Спелыя членікі з яйцамі выдаляюцца з калам канчатковых гаспадароў. Яйцы з ежай трапляюць у кішэчнік прамежкавага гаспадара, з іх выходзяць зародкі (анкасферы), разносяцца з крывёю па арганізме і ператвараюцца ў цэнурусы — пузыры з вадкасцю і зародкавымі сколексамі (да некалькіх соцень у кожным). Трапляючы ў кішэчнік драпежніка, сколексы вырастаюць у дарослых паразітаў.

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 23

МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ (ад англ. mulch абкладваць карані раслін саломай, гноем і інш),

пакрыццё глебы ахоўным слоем з розных матэрыялаў (мульчы); агратэхн. прыём. У якасці мульчы выкарыстоўваюць кампосты, тарфяную крошку, перагной, адкіды, адходы дрэваапрацоўкі (апілкі, папера і інш.), іржышча збожжавых, лісце, салому, палімерныя матэрыялы і інш. Адрозніваюць М. суцэльнае, міжрадковае, у прыствольных кругах дрэў і кустоў і вертыкальнае (з запаўненнем мульчой верт. шчылін для перахоплівання паверхневага сцёку). Затрымлівае вільгаць, рэгулюе паветр. і тэмпературны рэжымы глебы, угнойвае яе, узмацняе карысныя біяхім. глебавыя працэсы, перашкаджае ўтварэнню глебавай скарынкі, ветравой і воднай эрозіі, прыгнечвае прарастанне пустазелля. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур, лясных парод. Найб. эфектыўна ў раёнах з недастатковым увільгатненнем.

Л.В.Круглоў.

т. 11, с. 24

МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ ў меліярацыйным будаўніцтве,

размеркаванне па паверхні глебагрунтоў мульчы (пераважна тарфакрошкі) з наступным замацаваннем яе плёнкаўтваральнымі эмульсіямі. Робіцца пры залужэнні адхонаў каля гідравузлоў, мастоў, шлюзаў і стромкіх адхонаў каналаў, дамб, плацін, дарог з мэтай папярэджання воднай (змыву, размыву) і ветравой (выдзімання) эрозіі.

Перад М паверхню адхонаў рыхляць, выраўноўваюць, засяваюць травамі, уносяць угнаенні. Нанесены слой мульчы (5—10 см) пакрываюць латэкснымі або бітумнымі эмульсіямі (выкарыстоўваюцца таксама эмульсіі водарастваральных сінт. палімераў, распрацаваныя ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства). Замест эмульсій ужываюць таксама паветраводапранікальнае палатно або біяпалатно, распрацаванае тым жа ін-там (выпускаецца акц. т-вам у Жлобіне). У якасці мульчара (мульчыравальніка) выкарыстоўваюць гідрасеялкі, пераабсталяваныя раскідвальнікі ўгнаенняў. М. адхонаў магістральных каналаў робяць таксама бульдозерамі, самазваламі, каўшовымі экскаватарамі.

В.М.Кандрацьеў.

т. 11, с. 24