БАБРУ́ЙСКІ ЗАВО́Д «ТАРМАЗНЫ́Я АПАРА́ТЫ І МЕХАНІ́ЗМЫ» «ТАіМ». Створаны ў 1961 у г. Бабруйск на базе гарпрамкамбіната як рамонтна-мех. завод, з 1963 мех. завод, з 1969 «Сельгасагрэгат» (вырабляў катлы-пераўтваральнікі). У 1977—87 у ВА «Бабруйскферммаш» (выпускаў транспарцёры для коранеклубняплодаў). З 1994 акц. т-ва «ТАіМ». Асн. прадукцыя (1995): пнеўматычныя тармазы і сістэмы для с.-г. машын, камплектуючыя дэталі для аўтамабіляў МАЗ.
т. 2, с. 190
БАБРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у Бабруйску, на правым беразе р. Бярэзіна. З боку ракі быў ахаваны высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, з інш. бакоў — ровам шыр. да 15 м, земляным валам, на якім стаялі драўляныя вежы і сцены. Да ўмацаванай уязной брамы (падвойныя вароты, сістэма жал. запораў) быў перакінуты драўляны мост. За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў: у 1502 і 1503 яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова асаджаў мяцежны кн. М.Глінскі, у студз. 1649 згарэў у час аблогі войскамі гетмана Я.Радзівіла, у сак. 1655 замак спалілі казакі гетмана І.Залатарэнкі, у 1665 згарэў у час казацкай аблогі. Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка. На плане г. Бабруйска 1794 сляды замка яшчэ выразна захаваліся.
т. 2, с. 190
БАБРУ́ЙСКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.
Створаны ў 1978 у г. Бабруйск на базе цагельнага з-да (засн. ў 1873, у час Вял. Айч. вайны разбураны, у 1949 адноўлены), цэха дрэнажных трубаў (працаваў у 1930—94, выпускаў таксама чарапіцу) і цэха сілікатнай цэглы (пушчаны ў 1977). У 1990 створаны цэх па вырабе дробных блокаў з ячэістага бетону. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Сілікат». Асн. прадукцыя (1995): камяні сілікатныя пустацелыя, дробныя сценавыя блокі, цэгла керамічная.
т. 2, с. 191
БАБРУ́ЙСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1924 у Бабруйску краязнаўцам Ц.Я.Славіным. 6 экспазіцыйных залаў (пл. экспазіцыі 255 м²), каля 11,8 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Раздзелы экспазіцыі: прырода краю, гісторыя Бабруйшчыны. Сярод экспанатаў карысныя выкапні, археал. знаходкі, этнагр. матэрыялы, калекцыі зброі і рыштунку рус. і франц. армій канца 18 — пач. 19 ст., дакументы пра дзейнасць у Бабруйску дзекабрыстаў С.І.Мураўёва-Апостала, М.П.Бястужава-Руміна, В.С.Норава, М.І.Пушчына, матэрыялы пра В.І.Дуніна-Марцінкевіча, пра партыз. рух і яго ўдзельнікаў на Бабруйшчыне ў грамадз. і Вял. Айч. войны; асобныя стэнды прысвечаны В.З.Харужай, Бабруйскай аперацыі 1944.
Н.П.Арцёмчык.
т. 2, с. 191
БАБРУ́ЙСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (№131). Створаны ў Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікамі летам 1941 у акупіраваным Бабруйску на тэр. Бабруйскай крэпасці для масавай загубы сав. ваеннапалонных і цывільных грамадзян. Пад канец года ў ім было каля 60 тыс. чал., з іх больш за 20 тыс. трымалі пад адкрытым небам. З-за голаду, холаду, антысанітарных умоў пачалася эпідэмія сыпнога тыфу. У кастр.—ліст. 1941 за суткі памірала 600—800, зімой — да 1 тыс. чал. Цяжкахворых фашысты закопвалі разам з мёртвымі. 7.11.1941 гітлераўцы падпалілі адзін з баракаў. Вязняў, якія выбягалі з падпаленага будынка, расстрэльвалі з кулямётаў. У выніку згарэла і расстраляна больш за 4 тыс. чал. У снеж. 1941 пад выглядам адпраўкі ў Мінск 3200 паўраспранутых вязняў пагрузілі ў таварныя вагоны і на адкрытыя платформы. Усе яны па дарозе замерзлі. Да жн. 1942 загублена каля 40 тыс. чал., да студз. 1944 — усе ваеннапалонныя. Лагер увесь час папаўняўся цывільнымі вязнямі, 5 тыс. з іх вызваліла Чырв. Армія. На магіле ахвяраў фаш. тэрору пастаўлены помнік.
т. 2, с. 191
БАБРУ́ЙСКІ ЛЕСАТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў 1930 у г. Бабруйск. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): мэблевая вытворчасць, машыны і абсталяванне прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці, тэхналогія дрэваапрацоўкі, эканоміка дрэваапр. вытв-сці. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 2, с. 191
БАБРУ́ЙСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1898 у г. Бабруйск як механічны, кацельны і чыгуналіцейны з-д (вырабляў абсталяванне для бровараў і інш.). З 1932 маш.-буд. з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1945. У 1961 пушчаны сталеліцейны цэх, у 1966—71 — чыгуналіцейны і электрацэх, рамонтна-мех. ўчастак, у 1981 — машыназборачны цэх. Асн. прадукцыя (1995): цэнтрабежныя помпы для гарнаруднай, металургічнай, нафтавай, хім., энергет. і інш. галін прам-сці і для камунальнай гаспадаркі.
т. 2, с. 191
БАБРУ́ЙСКІ МЕХА́НІКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў 1966 у г. Бабруйск. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): электратэхніка, тэхналогія абсталявання і аўтаматызацыя машынабудавання, хім. тэхналогія вытворчасці і перапрацоўкі арган. матэрыялаў, аналітычны кантроль якасці хім. злучэнняў, машыны і апараты хім. вытворчасцяў і прадпрыемстваў буд. матэрыялаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і вячэрняе.
т. 2, с. 191
БАБРУ́ЙСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭАТР.
Існаваў у Бабруйску ў 1963—65. Да снеж. 1962 Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр, з 1965 Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. Гал. рэжысёр А.Аркадзьеў (1963), заг. муз. часткі дырыжор В.Віткоўскі, мастак І.Чумакоў. У рэпертуары класічныя аперэты, муз. камедыі бел. і рус. аўтараў, у т. л. Ю.Семянякі, Б.Аляксандрава, Ю.Мілюціна і інш., п’есы рус. і замежнай класікі, сучасных драматургаў. У трупу ўваходзілі засл. артысты Беларусі Дз.Іванова, Н.Калаптур, Г.Лаўроў, П.Масцераў, В.Шаўкалюк, Л.Федчанка і інш.
Г.І.Вавула.
т. 2, с. 191
БАБРУ́ЙСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.
Існаваў у 1949—54 у Бабруйску. Адкрыты на базе пед. вучылішча. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х кл. агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні бел. і рус. мовы, бел. і рус. л-ры, фіз.-матэм., з 1950 завочнае. Працавалі кафедры педагогікі і псіхалогіі, бел. і рус. мовы, бел. і рус. л-ры, фізікі і матэматыкі, марксізму-ленінізму.
т. 2, с. 192