Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЎРЫ́ЛІК Язэп Емяльянавіч

(6.4.1893, в. Калодчына Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1937),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыўшы Барунскую настаўніцкую семінарыю (1914), настаўнічаў. Адзін з заснавальнікаў Радашковіцкай бел. гімназіі імя Ф.Скарыны (1922), удзельнічаў у рабоце Т-ва бел. школы. З 1925 чл. Беларускай сялянска-работніцкай грамады, з 1930 чл. КПЗБ. У 1928 абраны дэпутатам у польскі сейм. Адзін са стваральнікаў і старшыня рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне». У жн. 1930 арыштаваны польск. ўладамі як «дзяржаўны злачынца» і прыгавораны да 9,5 года зняволення. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Мінску заг. сектара Нар. камісарыята асветы БССР. У 1933 рэпрэсіраваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 21.11.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

У.І.Адамушка.

т. 5, с. 91

ГАЎРЫ́ЛІН Валерый Аляксандравіч

(н. 17.8.1939, г. Волагда, Расія),

рускі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1985). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1964). У сваёй творчасці імкнецца да сінтэзу акад. і быт. жанраў, уводзіць новыя, ярка нац. формы хар. музіцыравання, заснаваныя на творчым пераўтварэнні рус. фальклору. Сярод твораў: опера «Суцяшэнні» (паводле Г.Успенскага, 1972); балеты «Анюта» (паводле А.Чэхава) і «Падпаручнік Рамашоў» (паводле А.Купрына, 1986), тэлебалет «Дом каля дарогі»; дзействы «Скамарохі» (1967), «Вяселле» (1981), «Перазвоны» (1982), «Пастух і пастушка» (паводле В.Астаф’ева, 1983); вак.-сімф. паэма «Ваенныя пісьмы» (1972); кантаты; вак. цыклы — 3 «Нямецкія сшыткі» (сл. Г.Гейнэ, 1961, 1972, 1976), «Рускі сшытак» (словы народныя, 1965), «Поры года» (словы народныя, 1969), «Зямля» (1974), «Вечарок» (1975); сімф., камерна-інстр., хар., вак. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 5, с. 91

ГАЎРЫ́ЛКІН Леанід Іванавіч

(22.5.1935, в. Стэп Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1989),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1957). Быў сакратаром Гомельскага аддз. СП БССР (1967—77) і праўлення СП БССР (1979—86), з 1986 працаваў у час. «Вожык». Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (выд. 1990), зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989) і інш. Раман «Не магу без цябе» (1973) аб працы і побыце бел. геолагаў, раман «Зямля дзяцей нашых» (1979) пра складаныя праблемы пераўтварэння Палесся, жыццё меліяратараў. Актуальным праблемам вясковага жыцця прысвечаны раман у апавяданнях «Матчына хата» (1983). Працаваў і ў галіне драматургіі: «Бо ў пісанні сказана» (1966), «Выпрабаванне» (паст. ў 1975), «Жыгулі ў экспартным варыянце» (як радыёп’еса, паст. ў 1978), «Хвост паўліна» (паст. на тэлебачанні, 1981). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Броўку «Маўчаць я ніколі не буду» (1980).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1987.

т. 5, с. 91

ГАЎРЫ́ЛЬЧЫК Аляксандр Пятровіч

(н. 25.12.1935, в. Чырвонабярэжская Слабодка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі вытворчасці і фізікахіміі торфу. Д-р тэхн. н. (1987). Акад. Міжнар. АН Еўразіі (1996). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1959). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні фіз.-хім. уласцівасцей торфу і метадах яго рацыянальнага выкарыстання з атрыманнем новых прадуктаў.

Тв.:

Превращения торфа и его компонентов в процессе саморазогревания при хранении. Мн., 1972 (у сааўт.);

Повышение качества торфа как удобрения. Мн., 1978 (у сааўт.);

Превращения торфа при добыче и переработке. Мн., 1992.

т. 5, с. 91

ГАЎРЫ́ЛЬЧЫЦЫ,

вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. на р. Лань. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Салігорск, 178 км ад Мінска. 735 ж., 320 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму.

т. 5, с. 91

ГАЎРЫЛЮ́К Аляксандр Якімавіч

(23.4.1911, в. Забалоцце Бельскага ваяв., Польшча — 22.6.1941),

украінскі пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі. На працягу 1929—39 шмат разоў быў арыштаваны, двойчы быў вязнем канцлагера Бяроза-Картузская. Дэбютаваў вершам «Успаміны зняволенага» (1929), які стаў песняй падпольшчыкаў. Аўтар паэт. твораў «Паэма пра пятлю» (1932), «Плакаты» (1935), «Непрадбачаны эпілог» (1941), памфлета «Паны і панічы над «Кабзаром» (выд. 1936), паэмы «Песня з Бярозы» (1937, выд. 1941), «Львоў» (1941), дакумент. аповесці «Бяроза» (1941, выд. 1946) і інш., у якіх адлюстраваў жыццё працоўных былой Зах. Украіны і Зах. Беларусі, нязломнасць духу паліт. вязняў канцлагера. На бел. мову творы Гаўрылюка перакладалі Н.Мацяш, М.Рудкоўскі, Р.Семашкевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1952;

У кн.: Украінская савецкая паэзія. Т. 2. Мн., 1975;

Пісня з Берези (На ўкр., рус. і бел. мовах). Львів, 1979.

Літ.:

Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962. С. 197—238.

В.А.Чабаненка.

т. 5, с. 92

ГАЎРЫЛЮ́К Васіль Васілевіч

(н. 7.12.1923, г. Загорск, Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1975). Скончыў Маскоўскі дзярж. ін-т міжнар. адносін (1948). У 1961—64 адказны сакратар час. «Коммунист Белоруссии». У 1965—69 і 1977—80 ст. супрацоўнік сакратарыята ЮНЕСКА. З 1980 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Навук. працы па праблемах міжнар. эканам. адносін.

Тв.:

Эксперт капиталистических отношений в развивающиеся страны. Мн., 1973;

Государственно-монополистический вывоз капитала в развивающиеся страны. Мн., 1976;

Инфляция: природа, сущность и регулирование. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 5, с. 92

ГАЎРЫЛЮ́К Вера Ільінічна

(15.7.1904, в. Старасельцы Беластоцкага ваяв., Польшча — 5.12.1986),

майстар маст. саломапляцення; ініцыятар адраджэння традыцый саломкі мастацкай на Беларусі. Працавала на Брэсцкай ф-цы сувеніраў (з 1964). Заснавала там промысел па вырабе маст. і ўжытковых рэчаў з саломкі. Для масавай вытв-сці стварыла шэраг узораў-эталонаў утылітарна-дэкар. вырабаў у спалучэнні з чаротам, ніткамі, дрэвам, скурай (сурвэткі, сумкі, куфэркі і інш.), а таксама дробнай саламянай пластыкі сувенірнага і маст. характару (фігуркі людзей, птушак, жывёл, жанравыя сцэны і інш.). Прадаўжальнікі яе справы — дачка Т.Агафоненка і ўнучка Т.Паўлоўская. Творы захоўваюцца ў бел. і замежных музеях.

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 92

ГА́ЎРЫН Юрый Васілевіч

(н. 17.1.1943, г. п. Зіядзін Самаркандскай вобл., Узбекістан),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1966), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працуе ў галіне манум.-дэкар. мастацтва і жывапісу. Выканаў вітражы для т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску (1988), кінатэатра «Цэнтральны» ў Мінску (1990), будынкаў Прамбудбанка і Нац. банка ў Гомелі (1989), Мін-ва абароны Расіі ў Маскве (1993), размалёўку з рэльефам «Медыцына» для Мінскага мед. ін-та (1996). Жывапісныя творы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, кампазіцыйнай завершанасцю, лірычнасцю: «Аўтапартрэт» (1976), «Батлейка» (1981), «Песня пра Нёман» (1982), «Ля роднага дома» (1985), «Дыялог» (1989), «Памяці Максіма Багдановіча», «Піраміды ў Гізе» (1991), серыя «Белы бераг» (1995—96) і інш.

Г.А.Фатыхава.

т. 5, с. 92

ГА́ЎРЫС Іван Трафімавіч

(1890, в. Кухчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 4.11.1937),

бел. жывапісец, графік, педагог. Скончыў у Віцебску настаўніцкі ін-т, маст.-практычны ін-т (1922, у 1922—23 яго рэктар). Зазнаў уплыў К.Малевіча. У 1920—30-я г. выкладаў маляванне ў навуч. установах Віцебска. Уваходзіў у групу УНОВІС. Удзельнік выставак УНОВІС (Масква, 1921) і ўсебеларускіх (1925, 1927, 1930, 1936, 1937). Сярод работ: «Партрэт дачкі», «Затока», «Маёўка ў 1905» і інш. Аўтар успамінаў пра Віцебскую мастацкую школу ў першыя гады сав. улады. У 1937 беспадстаўна рэпрэсіраваны і расстраляны. У 1962 рэабілітаваны.

Тв.:

Вобразнае мастацтва ў г. Віцебску // Віцебшчына. Віцебск, 1928. Т. 2.

А.Г.Лісаў.

т. 5, с. 92