Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЮ́З ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА, Садружнасць польскага народа (Stowarzyszenie Ludu Polskiego),

польская тайная вызв. арг-цыя ў 1835—37. Створаны ў Кракаве на аснове арг-цый карбанарыяў эмісарамі эмігранцкай арг-цыі «Маладая Польшча» (Ш.​Канарскі, А. і Л. Залескія, С.​Гашчынскі). Рыхтаваў паўстанне з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай і правядзення прагрэс. сац.-эканам. рэформ (найперш скасаванне прыгону). Ідэалагічна быў блізкі да «Дэмакратычнага таварыства». Складаўся пераважна са шляхты і інтэлігенцыі. Тэрытарыяльна падзяляўся на 5 правінцый: Кракаўская рэспубліка (там знаходзіўся цэнтр. орган — Гал. абшчына), Галіцыя, Пазнаншчына, Царства Польскае, Літва (б. ВКЛ, уключала Беларусь). Унутры саюза былі 2 плыні: радыкальна-дэмакр. і ліберальная, якія адрозніваліся адносінамі да сял. пытання, часу паўстання і інш. На тэр. Беларусі ў С.п.н. дзейнічалі Канарскі, А.​Ажэшка (гл. Ажэшкі) і інш. У 1837 частка дзеячаў Саюза заснавала Усеаг. канфедэрацыю польскага народа з радыкальнай паліт. праграмай. У выніку расколу ліберальнае кіраўніцтва прыняло рашэнне пра самароспуск арг-цыі.

т. 14, с. 232

САЮ́З ПО́ЛЬСКІХ ПАТРЫЁТАЎ (СПП; Związek Patriotów Polskich),

масавая антыфашысцкая грамадска-паліт. арг-цыя палякаў-эмігрантаў у СССР у 1943—46. Створаны ў сак.чэрв. 1943 у Маскве па ініцыятыве палякаў-камуністаў В.​Васілеўскай (старшыня), С.​Ендрыхоўскага, А.​Завадскага, А.​Лямпе і інш. СПП налічваў каля 100 тыс. членаў. Друкаваны орган газ. «Wolna Polska» («Свабодная Польшча»). Выступаў за дэмакр. парламенцкі лад у пасляваен. Польшчы, яе цесны саюз з СССР, прызнаваў правы СССР на Зах. Беларусь і Зах. Украіну, адмаўляў законнасць Польскага ўрада ў эміграцыі. СПП ініцыіраваў стварэнне Першай польскай пяхотнай дывізіі імя Т.​Касцюшкі (1943), удзельнічаў у фарміраванні (21.7.1944) Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення. Паліт. дзейнасць спалучаў з культ.-асв. і апякунскай працай: за гады існавання стварыў 248 школ, 52 дзіцячыя прытулкі, 636 бібліятэк і інш. У 1944—46 заахвочваў перасяленне палякаў з СССР у Польшчу. Спыніў існаванне ў жн. 1946.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 14, с. 232

САЮ́З ПО́ЛЬСКІХ РАБО́ЧЫХ (СПР; Związek Robotników Polskich),

рэвалюцыйная арг-цыя рабочых у Каралеўстве Польскім у 1889—93. Засн. Ю.​Мархлеўскім, Я.​Ледэрам і інш. ў Варшаве, аб’яднаў рабочыя гурткі і групы інтэлігенцыі. Заклікаў рабочых да сацыяліст. рэвалюцыі, арганізоўваў стачкі, першамайскія выступленні і інш. акцыі. Арг-цыі СПР існавалі ў гарадах Жырардаў, Лодзь, Згеж, Дамброва, Сасновец і інш. У 1893 увайшоў у склад партыі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы).

т. 14, с. 233

САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, Беларускі саюз прадпрымальнікаў,

арганізацыя, якая аб’ядноўвае кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў, прадпрымальнікаў, журналістаў, эканам. і юрыд. экспертаў, абараняе іх правы-і законныя інтарэсы. Створаны ў чэрв. 1991. Кіруючы орган — з’езд, які выбірае савет, прэзідэнта і віцэ-прэзідэнтаў саюза. Асн. кірункі дзейнасці: прадстаўленне інтарэсаў прыватнага бізнесу ў перагаворах з урадам, парламентам і прафсаюзамі; стварэнне прававога механізму забеспячэння абароны правоў прадпрымальнікаў; наладжванне кантактаў з міжнар. аб’яднаннямі прадпрымальнікаў і работадаўцаў; садзейнічанне экспарту прадукцыі і паслуг чл. саюза і інш.

т. 14, с. 233

«САЮ́З ПРАЛЕТАРЫЯТУ ГО́РАДА І ВЁСКІ»

(«Związek Proletariatu Miasta і Wsi»),

легальная арганізацыя Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), створаная ў жн. 1922 з мэтай удзелу ў выбарах у сейм і сенат. Пазбаўленая магчымасці выступаць адкрыта, КПРП стварыла легальную выбарчую арг-цыю «С.п.г. і в.», ЦК якой выклаў выбарчую праграму партыі ў адозве. У Зах. Беларусі выбарчыя к-ты саюза дзейнічалі ў Брэсце, Беластоку, Гродне, Вільні, Кобрыне, Лідзе. Яны ядналі вакол сябе рэв. актыў, наладжвалі мітынгі, сходы, распаўсюджвалі камуніст. л-ру. Нягледзячы на рэпрэсіі ўлад, арышты актывістаў, ануляванне ў многіх выбарчых акругах бюлетэняў і спісаў, за кандыдатаў «С.п.г. і в.» пададзена больш за 132 тыс. галасоў, з іх у Зах. Беларусі 23 тыс.; пасламі (дэпутатамі) сейма абраны камуністы С.​Ланцуцкі і С.​Крулікоўскі. Саюз існаваў да пач. 1925; у 1923, 1924 ён удзельнічаў у выбарах у гар. рады і праўленні бальнічных кас.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 14, с. 233

«САЮ́З ПРАЦВІТА́ННЯ,

«Саюз дабрабыту», тайная арганізацыя дзекабрыстаў у 1818—21. Засн. на базе «Саюза выратавання». Уваходзілі А.М. і М.М. Мураўёвы, С.І. і М.І. Мураўёвы-Апосталы, П.​І.​Песцель, І.​Дз.​Якушкін, М.​С.​Лунін і інш. Заканадаўчая ўлада ў «С.п.» належала Карэннай управе (30 заснавальнікаў), выканаўчая — Думе (6 чал.), мясц. ўправы існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Тульчыне, Кішынёве і інш. Мэта «С.п.» — ліквідаваць самадзяржаўе, прыгонніцтва, увесці канстытуц. праўленне. Чл. саюза праз друк і літ.-асветныя т-вы ўздзейнічалі на грамадскую думку. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва, неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да яго роспуску. Найб. актыўныя члены арганізавалі «Паўднёвае таварыства дзекабрыстаў» і «Паўночнае таварыства дзекабрыстаў».

т. 14, с. 233

«САЮ́З РУ́СКАГА НАРО́ДА»,

манархічная арг-цыя чарнасоценнага кірунку (гл. Чарнасоценцы) у Расіі ў 1905—17. Засн. 8.11.1905, карыстаўся маральнай і фін. падтрымкай урада. Цэнтр (Гал. савет) знаходзіўся ў С.-Пецярбургу. Паводле ўрадавых звестак у 1907 налічваў каля 350 тыс. чл. (правасл. духавенства, чыноўнікі, памешчыкі, гандляры, сяляне, рабочыя, рамеснікі і інш.), больш як 3 тыс. мясц. аддзелаў у 66 губернях. Кіраўнікі: А.​І.​Дубровін, У.​М.​Пурышкевіч, протаіерэй Іаан Кранштацкі, акад. А.​Л.​Сабалеўскі, І.​Я.​Гурлянд і інш. Гал. друкаваны орган — газ. «Русское знамя»; У Статуце саюза (1906) пад «рускім народам» разумеліся рускія, украінцы і беларусы; паводле некат. даследчыкаў, у бел. і ўкр. губернях знаходзілася каля 50% членаў «С.р.н.». Праграма саюза прадугледжвала захаванне адзінай непадзельнай Рас. імперыі, самадзярж. ладу, прыватнай уласнасці на зямлю, пераважнае становішча рускіх у дзяржаве, барацьбу з «засіллем іншародцаў» і панаваннем бюракратыі, паляпшэнне становішча працоўных. Саюз лічыў яўрэяў гал. арганізатарамі рэв. барацьбы і носьбітамі сацыяліст. ідэй, распальваў антысемітызм, які стаў прычынай шматлікіх яўр. пагромаў (у т. л. ў 1906 у Гомелі і Беластоку). На Беларусі актывістамі «С.р.н.» былі П.​Р.​Бывалькевіч, Л.​М.​Саланевіч, епіскап гомельскі Мітрафан і інш. Буйныя арг-цыі саюза дзейнічалі ў Аршанскім, Гомельскім, Быхаўскім, Лепельскім і інш. паветах, у гарадах Бабруйск, Пінск, Рэчыца і інш. У канцы 1910 у Гродне ўзнік філіял «С.р.н.» — «Гродзенскі рускі нацыянальны саюз». «С.р.н.» выступаў супраць бел. нац. руху, які лічыў прапольскім. 1910—11 мясц. арг-цыі саюза падбухторвалі сялян супраць памешчыкаў-палякаў. У 1908 са складу «С.р.н.» вылучыўся ультраправы «Саюз Міхаіла Архангела», у 1911 — «Усерасійскі дубровінскі саюз рускага народа» на чале з Дубровіным. Пасля лют. рэвалюцыі 1917 «С.р.н.» самаліквідаваўся.

Літ.:

Политическая история России в партиях и лицах. М., 1994;

Кожинов В. «Черносотенцы» и революция. 2 изд. М., 1998.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 14, с. 233

«САЮ́З РУ́СКІХ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТАЎ ЗА МЯЖО́Й»,

арганізацыя расійскіх паліт. эмігрантаў-марксістаў у 1894—1903. Засн. ў канцы 1894 у г. Жэнева (Швейцарыя) па ініцыятыве групы «Вызваленне працы» на ўмове прызнання ўсімі яго членамі праграмы групы. Выдаваў л-ру для Расіі, працаваў пад кіраўніцтвам групы «Вызваленне працы», якая ўваходзіла ў яго склад і рэдагавала (да канца 1898) усе яго выданні. У 1896—99 меў друкарню, выдаваў неперыяд. зб-кі «Работнік» і «Лісток «Работніка», працы У.​І.​Леніна, Г.​В.​Пляханава і інш., з 1899 — час. «Рабочее дело». Першы з’езд РСДРП (Мінск, 1898) прызнаў саюз замежным прадстаўніком партыі. З канца 1898 у саюзе пераважалі прыхільнікі плыні «эканамізму», т. зв. маладыя. На 2-м з’ездзе арг-цыі (Жэнева, крас. 1900) адбыўся раскол: «Вызваленне працы» выйшла з саюза, які фактычна стаў арг-цыяй «эканамістаў». Распушчаны 2-м з’ездам РСДРП (1903).

т. 14, с. 233

САЮ́З САВЕ́ЦКІХ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫХ РЭСПУ́БЛІК (СССР),

Савецкі Саюз, шматнацыянальная федэратыўная дзяржава, якая існавала з снеж. 1922 да снеж. 1991 на б.ч. тэр. былой Расійскай імперыі і некат. прылеглых да яе землях. У 1989 пл. СССР складала 22,4 млн. км², нас. 286,7 млн. чал.; больш за 100 нацыянальнасцей. Сталіца — г. Масква. Утварэнне СССР было заканамерным працэсам і з’явілася вынікам паліт., ваен., эканам. і культ. інтэграцыі сав. рэспублік, якія ўзніклі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. З моманту ўзнікнення сав. рэспублікі апынуліся ў рамках агульнага паліт. саюза з прычыны аднатыпнасці іх дзярж. сістэмы і канцэнтрацыі рэальнай улады ў руках адной Камуніст. партыі [рэспубліканскія кампартыі ўваходзілі ў РКП(б) на правах абл. арг-цый, гл. Камуністычная партыя Савецкага Саюза]. Пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 сав. рэспублікі былі аб’ектыўна зацікаўлены ў аднаўленні дзярж. адзінства: лягчэй было выстаяць у «капіталіст. атачэнні» і потым працягваць змаганне за «сусв. пралетарскую рэвалюцыю», аднавіць гаспадарку, развіваць эканоміку і культуру, забяспечыць сваю абараназдольнасць. Ужо 1.6.1919 утвораны ваен. саюз сав. рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Беларусі. Ініцыятарамі стварэння СССР выступілі камуністы (бальшавікі). У 1920—21 умацаваліся гасп. сувязі сав. рэспублік, напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі 1922 склаўся іх дыпламат. саюз. У вер. 1922 спец. камісія ЦК РКП(б) прыняла падрыхтаваны І.​В.​Сталіным т. зв. «план аўтанамізацыі», згодна з якім інш. сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР на правах аўтаномій. Гэты план не атрымаў поўнай падтрымкі з боку рэспублік, зусім не прыняў яго ЦК кампартыі Грузіі. У.​І.​Ленін прапанаваў план афармлення адзінай дзяржавы з захаваннем за рэспублікамі атрыбутаў паліт. незалежнасці — у форме добраахвотнага саюза суверэнных і раўнапраўных сав. дзяржаў. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, ЦК РКП(б) і пераважная большасць сав. дзеячаў выказаліся за ленінскі план. На Беларусі Цэнтр. Бюро (ЦБ) КП(б)Б пастанавіла (16.9.1922) «лічыць мэтазгодным устанаўленне адносін паміж камісарыятамі Беларусі і камісарыятамі РСФСР аналагічныя з адносінамі, устаноўленымі паміж РСФСР і Украінай». Зыходзячы з таго, што адносіны РСФСР з Укр. ССР (УССР) будаваліся як адносіны дзвюх роўных незалежных рэспублік, гэта фактычна азначала, што ЦБ КП(б)Б было супраць сталінскага плана «аўтанамізацыі». Ідэю стварэння СССР аднадушна падтрымалі павятовыя парт. канферэнцыі, 6 павятовых і 116 валасных з’ездаў Саветаў Беларусі. У снеж. 1922 з’езды Саветаў УССР, БССР, Закаўказскай Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікі (ЗСФСР; уваходзілі Армянская, Азербайджанская і Грузінская ССР) і X Усерас. з’езд Саветаў прызналі аб’яднанне сав. рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. Актам утварэння СССР стаў Дагавор, які заключылі паміж сабой 4 рэспублікі — РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР (падпісаны разам з асобнай Дэкларацыяй 27.12.1922). Дагавор размежаваў кампетэнцыю паміж урадам СССР і рэсп. органамі выканаўчай улады. 30.12.1922 Першы з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дагавор і Дэкларацыю, дзе былі сфармуляваны асн. прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым сав. сацыяліст. рэспублікам. З’езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярх. суда і Аб’яднанага дзярж. паліт. ўпраўлення, вызначыў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік. Быў абраны вярх. орган улады Саюза ССР — Цэнтр. Выканаўчы К-т (ЦВК; старшыні М.​А.​Калінін, Р.​А.​Пятроўскі, А.​Р.​Чарвякоў, Н.​Н.​Нарыманаў). На 2-й сесіі ЦВК сфарміраваны ўрад СССР — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з Леніным. Першая Канстытуцыя СССР (зацверджана 31.1.1924 на П з’ездзе Саветаў СССР) дэкларавала працоўным краіны шырокія дэмакр. правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. У сак. 1924 паводле прапаноў і хадайніцтваў ЦВК БССР Прэзідыум ЦВК СССР са згоды Усерас. Цэнтр. Выканаўчага К-та (ВЦВК) прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губ.; у снеж. 1926 вернуты яшчэ 2 паветы (Гомельскі і Рэчыцкі), што значна ўзмацніла эканам. і культ. патэнцыял БССР. У ходзе далейшага працэсу нац.-дзярж. будаўніцтва ў склад СССР 13.5.1925 увайшлі Туркм. ССР і Узб. ССР (утвораны 27.10.1924), 5.12.1929 — Тадж. ССР (утворана 16.10.1929), 5.12.1936 — Казахская ССР і Кірг. ССР, 31.3.1940 — Карэла-Фінская ССР (з 1956 Карэльская АССР у складзе РСФСР), 2.8.1940 — Малд. ССР, 3—6.8.1940 — Літ. ССР, Латв. ССР і Эст. ССР (утвораны 21.7.1940). Канстытуцыя СССР 1936 абмежавала паўнамоцтвы саюзных рэспублік. У ёй нічога не гаварылася пра тое, што суб’екты СССР перадаюць значную ч. паўнамоцтваў Саюзу, г. зн. дзейнічала не дагаворная, а канстытуцыйная норма. Павялічылася колькасць агульнасаюзных камісарыятаў. Утварэнне СССР дало магчымасць сканцэнтраваць сродкі для хуткага ажыццяўлення індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культ. будаўніцтва, садзейнічала стварэнню буйнога эканам. патэнцыялу, які забяспечыў тэхніка-эканам. незалежнасць шматнац. дзяржавы, сав. рэспублік. У канцы 1930-х г. СССР па аб’ёмах прамысл. вытв-сці выйшаў на 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Значныя асігнаванні з агульнасаюзнага бюджэту выдзяляліся гаспадарцы Беларусі. Напр., на буд-ва ф-кі штучнага валакна ў Магілёве, Крычаўскага цэментнага з-да, Бабруйскага і Гомельскага дрэваапрацоўчых камбінатаў, Гомельскага шклозавода і інш. аб’ектаў былі адпушчаны вялізныя на той час сумы. Хуткая суцэльная калектывізацыя вёскі дазволіла ўзяць у яе сродкі на патрэбы індустрыялізацыі і абароны краіны. Беларусь першай з рэспублік Саюза ССР на мяжы 1920—30-х г. ажыццявіла ўсеаг. абавязковае пач. навучанне і працягвала паступова ўводзіць усенавуч на базе сямігадовай школы. Разам з тым Камуніст. партыя кіравалася ідэямі «дзярж. сацыялізму», што абумовіла далейшую цэнтралізацыю ўлады, абмежаванне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне нар. гаспадаркі, згортванне эканам.-матэрыяльных стымулаў. Стварэнне адміністрацыйна-каманднай сістэмы выклікала сур’ёзныя скажэнні ў грамадска-паліт. жыцці краіны, масавыя рэпрэсіі палітычныя супраць грамадзян. Аднак нягледзячы на розныя хібы і дэфармацыі грамадства, за гады першых пяцігодак быў створаны магутны паліт. і сац.-эканам. патэнцыял, які дазволіў краіне, нягледзячы на вял. страты (27 млн. чал., 30% нац. багацця), выстаяць у барацьбе супраць фаш. Германіі, вытрымаць цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45, адстаяць сваю свабоду і незалежнасць. Савецкі народ і Узброеныя сілы СССР зрабілі вырашальны ўклад у выратаванне сусв. цывілізацыі ад фашызму. Важкім фактарам у дасягненні перамогі над Германіяй стаў партызанскі рух на Беларусі і ў інш. рэспубліках СССР. Пасля 2-й сусв. вайны міжнар. аўтарытэт СССР значна вырас. Сав. Саюз з’яўляўся чл. — заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыйкрас. 1945) і адным з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Паводле рашэння Сан-Францыскай канферэнцыі 1945, скліканай з мэтай утварэння ААН, БССР разам з УССР былі ўключаны ў лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнар. арг-цыі. Самаадданая праца і ўзаемадапамога народаў СССР далі магчымасць краіне хутка залячыць цяжкія раны вайны, аднавіць разбураную нар. гаспадарку, працягваць культ. будаўніцтва. У пасляваен. адраджэнні Беларусі ўдзельнічалі практычна ўсе сав. рэспублікі. У 1944—45 сродкі, атрыманыя БССР у даход яе дзярж. бюджэту з саюзных крыніц, склалі 55% іх агульнай сумы. Пасляваен. развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы, яе ролю ў стварэнні адзінага нар.-гасп. комплексу СССР. Гал. кірункам прамысл. развіцця Беларусі стаў паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прам-сці, радыёэлектронікі, буд. матэрыялаў. У будаўніцтве многіх буйных прадпрыемстваў рэспублікі прымала ўдзел уся краіна. Важнай рысай у нац.-дзярж. палітыцы ў 1950-я г. стала пашырэнне правоў і ініцыятыў саюзных рэспублік. У маі 1955 зменены парадак планавання і фінансавання нар. гаспадаркі рэспублік СССР. Замест ранейшага парадку зацвярджэння ўрадам СССР дэталёвых паказчыкаў па развіцці рэсп. прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя цяпер вызначаўся толькі агульны аб’ём валавой і таварнай прадукцыі, а таксама капіталаўкладанняў па саюзных рэспубліках. Канкрэтнае планаванне аб’ёму вытв-сці і капіталаўкладанняў па прадпрыемствах і ведамствах было перададзена ў распараджэнне рэсп. саветаў міністраў. Яны атрымалі права выкарыстоўваць дадаткова выяўленыя і атрыманыя пры выкананні рэсп. бюджэту даходы на фінансаванне жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, сац.-культ. мерапрыемстваў. Пашырыліся і паўнамоцтвы саветаў міністраў саюзных рэспублік у кіраўніцтве прам-сцю 1 буд-вам. У распараджэнне рэспублік у 1956 перададзены функцыі па кіраўніцтве работай судовых устаноў і органаў юстыцыі. Канцэнтрацыя навук. і вытв. сіл, матэрыяльных сродкаў на важнейшых кірунках навукі і тэхнікі прывяла да значных дасягненняў: створана ўласная ядзерная зброя (канец 1940 — пач. 1950-х г.), пабудавана першая ў свеце АЭС (1954), запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі (1957), першы касм. карабель з чалавекам — Ю.​А.​Гагарыным (1961); дасягнуты ваенна-стратэгічны парытэт з ЗША. У 2-й пал. 1980-х г. СССР займаў 1-е месца ў свеце па здабычы нафты, газу і жалезнай руды, выплаўцы чыгуну і сталі, вытв-сці коксу, трактароў, мінер. угнаенняў і некат. інш. відаў прадукцыі. Але выкарыстанне паліўна-энергет., сыравінных і інш. матэрыяльных рэсурсаў на адзінку нац. даходу ў 2—3 разы перавышала аналагічныя паказчыкі вядучых зах. краін. З пач. 1970-х г. усё больш пачалі выяўляцца адмоўныя рысы «дзярж. сацыялізму» (абмежаванне дэмакратыі, адхіленне працоўных ад уласнасці і ўлады, парушэнні прынцыпаў сац. справядлівасці, бюракратызацыя дзярж. апарату і інш.), што прывяло да паглыблення крызісных з’яў. У якасці прававой нормы ў арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 было замацавана, што «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Спробы паскорыць сац.-эканам. развіццё на аснове канцэпцыі перабудовы (з сярэдзіны 1980-х г.) станоўчых вынікаў не прынеслі. Узмацніліся цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Прычыны будучага распаду СССР, якія намеціліся ў канцы 1980-х г., заключаліся таксама ў абмежаванні паўнамоцтваў саюзных рэспублік, кансервацыі многіх адсталых форм арганізацыі грамадства (кланавасць, пратэкцыянізм, бюракратыя), дыктаце цэнтра ў эканам. монаразвіцці без уліку асаблівасцей кожнай рэспублікі, перараджэнні парт., дзярж. і інтэлектуальнай эліты ў асобны клан алігархаў, скажэннях у духоўным жыцці народаў (уніфікацыя адукацыі і асветы, моўная асіміляцыя), наяўнасці нац. нігілізму пад сцягам барацьбы з нацыяналізмам, намаганнях Захаду да скасавання СССР як гал. перашкоды на шляху да сусв. панавання т. зв. «заходніх каштоўнасцей» у выглядзе «новага парадку», дапамозе зах. колаў групоўкам і плыням некамуніст. скіраванасці, што тады дзейнічалі ў саюзных рэспубліках. Абвастрэнне супрацьстаяння дзвюх грамадска-паліт. сістэм, гонка ўзбраенняў, уцягванне СССР у ходзе змагання з Захадам у лакальныя канфлікты 1970—80-х г. (Афганістан, Ангола і інш.) аслаблялі эканоміку шматнац. сав. дзяржавы. Усё гэта паступова прыводзіла да радыкалізацыі палітыкі саюзных рэспублік, якія былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў аб «аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы», скасаванні дзеяння Канстытуцыі Літ. ССР і Канстытуцыі СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. рэспублікі, хаця напачатку яны не заяўлялі аб выхадзе з СССР.

Спроба захаваць Саюз з усімі атрыбутамі ўлады была зроблена ў Законе СССР «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі» (крас. 1990). Рэспублікі атрымлівалі магчымасць уступаць паміж сабой у эканам. супрацоўніцтва, наладжваць адносіны з замежнымі дзяржавамі, прымаць удзел у міжнар. арг-цыях. Аднак гэта не спыніла імкнення саюзных рэспублік да незалежнасці. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў РСФСР. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зацвердзіў Вярх. Савет БССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў. За захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму. У той жа час на Беларусі больш за 80% галасаваўшых выказаліся за захаванне СССР. Вясной і летам 1991 прэзідэнту СССР М.​С.​Гарбачову (з сак. 1990) на кансультацыях і перагаворах з кіраўніцтвам саюзных рэспублік у падмаскоўнай рэзідэнцыі Новае Агарова («Новаагароўскі працэс») удалося падрыхтаваць і 23 ліп. ўзгадніць праект новага саюзнага дагавора, які пры значным звужэнні ролі цэнтра прадугледжваў захаванне адзінай дзяржавы. Спроба групы парт. і дзярж. кіраўнікоў (Дзярж. к-т па надзвычайным становішчы, 19—21 жн.) увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР, выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве РСФСР і інш. рэспублік. Урадамі і Вярх. Саветамі суверэнных рэспублік быў канчаткова ўзяты курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Беларусі. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспублікай Беларусь. У ліст. 1991 кіраўнікі саюзных рэспублік адмовіліся падпісаць падрыхтаваны Гарбачовым новы тэкст саюзнага дагавора. 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі, Камянецкі р-н) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), у якім канстатавалі, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Саветы Беларусі і Украіны, 12.12.1991 Вярх. Савет Расіі ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансавалі Дагавор 1922 аб утварэнні СССР. 21.12.1991 была прынята Алма-Ацінская дэкларацыя кіраўнікоў 11 незалежных дзяржаў (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны), у якой зноў было пацверджана: «З утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».

Кр.: Образование СССР: Сб. док. М., 1972; Несостоявшийся юбилей: Почему СССР не отпраздновал своего 70-летия? М., 1992.

Літ.:

Бараноўскі Я.І. За дружбу народаў. Мн., 1972;

Ленін У.І. Да пытання аб нацыянальнасцях, або аб аўтанамізацыі // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);

История национально-государственного строительства в СССР, 1917—1978. Т. 1—2, М., 1979;

Ракашевич В.К. Конституция СССР — интернационализм в действии. Мн., 1980;

Бармичев В.Д. Союзу республик — шестьдесят. Мн., 1982;

Куличенко М И. Национальные отношения в СССР и тенденции их развития. М., 1972;

Национальные отношения и национальные процессы в СССР: вопр. истории. М., 1990;

Ненароков А.П. К единству равных: Культ. факторы объединительного движения сов. народов, 1917—1924. М., 1991;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Абдулатипов Р.Г., Болтенкова Л.Ф., Яров Ю.Ф. Федерализм в истории России. Кн 1—3. М., 1992—93;

Доронченков А.И. Межнациональные отношения и национальная политика в России: актуал. пробл. теории, истории и современ. практики: Этнополитол. очерк. СПб., 1995;

Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНРБССР—РБ. Мн., 1995;

Боффа Дж. От СССР к России: История неоконченного кризиса, 1964—1994: Пер. с итал. М., 1996;

Чешко С.В. Распад Советского Союза: Этнополитич. анализ. М., 1996;

Хоскинг Д. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995;

Национальная политика России: история и современность. М., 1997;

Бабурин С.Н. Территория государства: Правовые и геополитич. пробл. М., 1997.

У.​Я.​Казлякоў, І.​А.​Літвіноўскі.

Герб і сцяг Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выступленне старшыні ЦВК СССР М.​І.​Калініна (10.10.1932) на адкрыцці Дняпроўскай гідраэлектрастанцыі каля г. Запарожжа на Украіне.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Дэкларацыя аб утварэнні СССР, прынятая I з’ездам Саветаў СССР 30.12.1922.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Парад Перамогі. Масква 24.6.1945.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сумеснае пасяджэнне Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета РСФСР і ЦК КПСС, прымеркаванае да 50-годдзя СССР. Масква, снеж. 1972.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Масква. 1980-я г.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Галоўны канструктар касмічных караблёў С.​П.​Каралёў (справа) і першы касманаўт Зямлі Ю.​А.​Гагарын. 1960-я г.
Да арт. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларуская ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі (Белавежская пушча), дзе 8.12.1991 падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

т. 14, с. 233

САЮ́З САЮ́ЗАЎ,

аб’яднанне прафесійна-палітычных саюзаў у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Зарадзіўся ў канцы 1904, у ходзе «банкетнай кампаніі» (120 банкетаў пад паліт. лозунгамі ў 34 гарадах), аформіўся ў 1905—06. Уключаў 20 усерас. саюзаў (інжынераў, і тэхнікаў, акадэмічны, адвакатаў, земцаў-канстытуцыяналістаў, раўнапраўя жанчын, сялянскі і інш.) і каля 40 мясц. аддзяленняў; усяго каля 135 тыс. членаў (без Усерас. сял. саюза) — у асноўным інтэлігенцыя і служачыя. Гал. патрабаванне — скліканне Устаноўчага сходу і ўвядзенне паліт. свабод. Дзейнічаў у кантакце з Пецярб. саветам рабочых дэпутатаў (у снеж. 1905 дэлегаваў у яго склад сваіх членаў), удзельнічаў у кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачцы 1905, паліт. забастоўках у ліст. і снеж. 1905 у Пецярбургу, Маскве, аказваў фін. падтрымку рэв. партыям і арг-цыям, даваў сродкі на ўзбраенне баявых дружын, дапамагаў б. палітзняволеным. Распаўся ў 1906 у сувязі з забаронай паліт. дзейнасці прафсаюзаў і іх аб’яднанняў.

т. 14, с. 241