Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКАЧЫ́ЛЯС ((Skoczylas) Уладзіслаў) (4.4.1883, г. Вялічка Малапольскага ваяв., Польшча — 8.4.1934),

польскі гравёр, адзін са стваральнікаў польскай графічнай школы 20 ст. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Вене (з 1901) і АМ у Кракаве (1904—06). З 1908 выкладаў у Школе апрацоўкі дрэва ў Закапанэ, з 1922 праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. Ініцыятар стварэння творчых аб’яднанняў «Рытм» (1922) і «Гравюра» («Рыт», 1925). Адзін з заснавальнікаў Ін-та прапаганды мастацтва. У творчасці выкарыстоўваў традыцыі нар. гравюры і лубка. Ксілаграфіі С. на сял. тэмы ( «Паход разбойнікаў», «Танец разбойнікаў», абедзве 1919; «Дзяўчаты з карзінамі», 1928), гар. і вясковыя пейзажы (цыкл «Старая Варшава», 1930) вылучаюцца дэкар. вытанчанасцю кампазіцыі, выразнасцю лінейнага рытму, святлоценявымі кантрастамі, фактурнымі і каларыстычнымі эфектамі.

т. 14, с. 452

СКАЧЫ́НСКІ Аляксандр Аляксандравіч [13.7.1874, г. Алёкмінск, Якуція (Рэспубліка Саха), Расія — 6.10.1960], расійскі вучоны ў галіне горнай справы. Акад. АН СССР (1935). Герой Сац. Працы (1954). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1900), дзе і працаваў. З 1930 праф. Маскоўскага горнага ін-та, з 1938 дырэктар Ін-та горнай справы АН СССР. У 1944—51 старшыня прэзідыума Зах.-Сібірскага філіяла АН СССР. Навук. працы па праблемах рудніковай аэралогіі. Стварыў тэорыю руху паветра ў горных вырабатках, тэорыю проціпылавых аэрадынамічных рэжымаў. Распрацаваў метады даследавання сітаватасці і інш. уласцівасцей вугальных радовішчаў, вызначыў метананоснасць вуглёў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

А.А.Скачынскі.

т. 14, с. 452

СКВАЙР (англ. squire),

скарочаная форма англійскага дваранскага тытула эсквайр.

т. 14, с. 452

СКВАРЦО́Ў (Сяргей Канстанцінавіч) (20.1.1904, г. Луганск, Украіна — 4.2.1983),

расійскі кінадзеяч, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Праф. (1955). Скончыў кінааддзяленне Вышэйшых дзярж. курсаў пры Ленінградскім тэатр. тэхнікуме (1930). Працаваў на кінастудыях СССР. У 1938—55, 1969—74 выкладчык, у 1955—62 заг. кафедры, 1974—83 кіраўнік майстэрні кінарэжысёраў Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У 1962—69 маст. кіраўнік творчага аб’яднання на кінастудыі «Беларусьфільм».

т. 14, с. 452

СКВАРЦО́Ў-СЦЯПА́НАЎ (Іван Іванавіч) (сапр. Скварцоў, літ. псеўд. Сцяпанаў; 8.3.1870, г. Багародск, цяпер Нагінск Маскоўскай вобл. — 8.10.1928),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Маскоўскі настаўніцкі ін-т (1890). У рэв. руху з 1891, сацыял-дэмакрат з 1896, бальшавік з 1904, з 1921 чл. Цэнтр. рэвіз камісіі ВКП(б), чл. ЦК ВКП(б) з 1925. Удзельнік рэвалюцый 1905—07 і Кастр. 1917. У грамадз. вайну кіраўнік выд-ва «Камуніст». У 1920 удзельнічаў у аднаўленні органаў сав. улады на Беларусі. З 1925 рэд. газ. «Известия», нам. рэд. «Правды», рэд. «Ленинградской правды». Адначасова з 1926 дырэктар Ін-та Леніна пры ЦК ВКП(б). Чл. ЦВК СССР. Аўтар прац па эканам., гіст., прыродазнаўчых і філас. пытаннях. Пераклаў на рус. мову «Капітал» К.​Маркса.

Тв.:

Избранное. М., 1970.

Літ.:

Круглов А.А. Скворцов-Степанов — атеист. Мн., 1974.

т. 14, с. 452

СКВА́ТЭРЫ (англ., адз. л. squatter ад squat самавольна пасяляцца на чужой зямлі),

фермеры, якія ў 17—19 ст. самавольна, явачным парадкам захоплівалі незаселеныя землі ў брыт. калоніях Паўн. Амерыкі, а потым у ЗША (да 1862), Аўстраліі і некат. інш. краінах. Скватэрства было магчымае дзякуючы вял. фонду свабодных зямель і адноснай слабасці мясц. адміністрацыі; адыграла важную ролю ў складванні там фермерскага, або прадпрымальніцкага, шляху развіцця сельскай гаспадаркі.

т. 14, с. 452

СКВЕР (ад англ. square квадрат),

невялікі гарадскі сад; важная ч. азелянення населеных месцаў, дэкар. афармлення плошчаў і вуліц. Фарміруецца па асн. прынцыпах садова-паркавага мастацтва. Пл. звычайна 0,5—2 га. У адрозненне ад бульвара прызначаны пераважна для кароткачасовага адпачынку пешаходаў. С. можа мець самаст. закончаную кампазіцыю ці быць элементам буйнога арх.-ландшафтнага ансамбля. Звычайна асн. элемент кампазіцыі С. — пляцоўка для адпачынку з фантанам, дэкар. скульптурай, кветкавым партэрам, клумбамі, газонамі, пасадкамі дрэў, кустоў і інш. Першыя С. ўзніклі ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі, у 2-й пал. 19 ст. — у Расіі. Першыя С. на Беларусі — Аляксандраўскі сад (1870, цяпер Цэнтральны С.) з фантанам (1874) і на Саборнай пл. (1890-я г., цяпер пл. Свабоды) у Мінску. Найб. значныя С. ствараюцца ў адм.-грамадскіх цэнтрах (на плошчах Незалежнасці ў Мінску, Леніна ў Магілёве, Савецкай у Гродне), каля трансп.-планіровачных вузлоў (на прывакзальных плошчах у Гомелі, Маладзечне; Міхайлаўскі каля чыг. вакзала ў Мінску), перад буйнымі грамадскімі будынкамі (каля Бел. муз. т-ра ў Мінску, політэхн. ін-та ў Брэсце), каля помнікаў і мемар. комплексаў (С. на пл. Перамогі ў Мінску, каля помніка Вызвалення на пл. Свабоды ў Брэсце), у квартальнай забудове — т.зв. С.-«кішэні» (па вул. Берсана, на скрыжаваннях вул. Варвашэні і Куйбышава ў Мінску) і інш.

Г.​С.​Ларкін.

Міхайлаўскі сквер у Мінску. Скульптура «Дама на лаўцы» Скульптар У.​Жбанаў. 1998.

т. 14, с. 452

СКВОШ (англ. squash),

ракетбол, спартыўная гульня з гумавым мячом (дыям. каля 4 см) і ракеткамі на прамавугольнай пляцоўцы (корце), абмежаванай сценкамі. Гуляюць двое або чацвёра (парамі). Мэта — падтрымліваць мяч у гульні і пры гэтым перашкаджаць дзеянням саперніка.

Узнік у сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі. Першыя клубы арганізаваны ў 1890-х г. Спаборніцтвы праводзяцца з 1920, чэмпіянаты свету — з 1930. Існуюць варыянты гульні: т.зв. «брытанскі» («мяккі», або «міжнародны») і «амерыканскі» («жорсткі», або хардбол). Найб. пашыраны ў некат. краінах Еўропы, Паўн. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Афрыкі і інш.

т. 14, с. 453

СКЕ́ЙТБАРД, скейтборд (англ. skateboard ад to skate катацца + board дошка),

1) від спорту: катанне на адмысловай дошцы з ролікамі.

2) Сама такая дошка.

т. 14, с. 453

СКЕ́МА,

паселішча эпохі неаліту, бронзавага і ранняга жал. вякоў каля в. Мікольцы Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на берагавым узвышшы р. Скема. Першымі пасяленнямі былі носьбіты нарвенскай культуры (4-е—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.), з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. сюды пранікла насельніцтва тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры. У больш позніх напластаваннях сустракаюцца матэрыялы шнуравой керамікі культуры. Да канца бронзавага і пач ранняга жал. веку адносяцца знаходкі штрыхаванай керамікі культуры і мілаградскай культуры. Невял. рыбацкае паселішча існавала тут і ў сярэдневякоўі. Знойдзены рэшткі агнішчаў, паўзямлянак, сляды збудаванняў слупавой канструкцыі, кераміка.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 14, с. 453