СКАЧЫ́ЛЯС ((Skoczylas) Уладзіслаў) (4.4.1883, г. Вялічка Малапольскага ваяв., Польшча — 8.4.1934),

польскі гравёр, адзін са стваральнікаў польскай графічнай школы 20 ст. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Вене (з 1901) і АМ у Кракаве (1904—06). З 1908 выкладаў у Школе апрацоўкі дрэва ў Закапанэ, з 1922 праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. Ініцыятар стварэння творчых аб’яднанняў «Рытм» (1922) і «Гравюра» («Рыт», 1925). Адзін з заснавальнікаў Ін-та прапаганды мастацтва. У творчасці выкарыстоўваў традыцыі нар. гравюры і лубка. Ксілаграфіі С. на сял. тэмы ( «Паход разбойнікаў», «Танец разбойнікаў», абедзве 1919; «Дзяўчаты з карзінамі», 1928), гар. і вясковыя пейзажы (цыкл «Старая Варшава», 1930) вылучаюцца дэкар. вытанчанасцю кампазіцыі, выразнасцю лінейнага рытму, святлоценявымі кантрастамі, фактурнымі і каларыстычнымі эфектамі.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)