Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКАБАЛАНО́ВІЧ (Мікалай Апанасавіч) (1848, Гродзенская губ. — 10.11.1918),

гісторык-візанцініст. Магістр. гісторыі (1873). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, з 1873 узначальваў там кафедру агульнай грамадзянскай гісторыі. У 1886—92 рэдактар час. «Церковный вестник». Асн. яго твор — «Візантыйская дзяржава і царква ў XI ст.» (1884), дзе на аснове грэч., лац. і ўсх. крыніц разглядаліся праблемы візант. адміністрацыі, суда, войска, царквы, мясц. кіравання, быў першай працай у рас. візанціназнаўстве. Сярод інш. прац найб. значныя: «Візантыйская навука і школы ў XI ст.», «Рэлігійны характар барацьбы асманскіх туркаў з грэка-славянскім светам», «Палітыка турэцкага ўрада ў адносінах да хрысціян і іх рэлігій», «Галілей перад судом рымскай курыі», «Раздзяленне цэркваў пры патрыярху Міхаіле Кіруларыю».

В.​М.​Чарапіца.

т. 14, с. 429

СКАБІЁЗА (Scabiosa),

род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы, пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды С.: галубіная (S. columbaria), занесеная ў Чырв. кнігу, трапляецца на парослых хмызняком пераўвільготненых лугавінах у далінах рэк, на вільготных узлесках, ускрайках балот, і жоўтая (S. ochroleuca), нар. назвы каўтуннік, папы, стараснік, расце на пясчанай глебе ў хваёвых лясах, уздоўж дарог. Характэрна для Пд рэспублікі. Інтрадукаваны С. каўказская (S. caucasica) і цёмна-пурпурная (S. atropurpurea).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 20—80 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, апушаныя. Лісце супраціўнае, суцэльнае або рассечанае. Кветкі ў верхавінкавых суквеццях, якія ўтвараюць густыя галоўкі накшталт кошыкаў складанакветных. Плод — арэх. Фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скабіёза галубіная.

т. 14, с. 430

СКАБІ́Н,

вёска ў Капыльскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр с.-г. вытв. кааператыва. За 3 км на У ад г. Капыль, 128 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 498 ж., 200 двароў (2001). Дом культуры, б-ка. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу Скабін.

т. 14, с. 430

СКАБІ́Н,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., за 1,5 км на ПнУ ад в. Скабін. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял шаравата-жаўтаваты, з бурымі плямамі ажалязнення, месцамі гліністы, з праслоямі пяску; кандыцыйнага жвіру (буйней за 5 мм) 27,7%, ёсць уключэнні буйной галькі і дробных валуноў. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 45,9 млн. м³, перспектыўныя 1,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—29,4 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,2—10 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 14, с. 430

СКАБІЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Міхайлавіч) (27.9.1838, С.-Пецярбург — 11.1.1911),

рускі крытык, гісторык літаратуры. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). Друкаваўся з 1859. У 1868—84 супрацоўнік час. «Отечественные записки». Працы пераважна прысвечаны праблемам «народнай літаратуры», творчасці белетрыстаў-народнікаў (кн. «Белетрысты-народнікі», 1888, і інш.). Аўтар драмы «Кругліцкія» (1862), цыклаў артыкулаў «Нарысы развіцця прагрэсіўных ідэй у нашым грамадстве» (1870—72; кніга спалена па прадстаўленні цэнзара), «Нарысы гісторыі рускай цэнзуры (1700—1863)» (1892), кн. «Гісторыя навейшай рускай літаратуры (1848—1890)» (1891), успамінаў, літ.-крытычных нарысаў пра А.​Пушкіна, М.​Лермантава, А.​Грыбаедава, М.​Дабралюбава, А.​Пісемскага (выд. ў серыі «Жыццё выдатных людзей»).

Тв.:

Литературные воспоминания. М.; Л., 1928.

Літ.:

Коновалов В.Н. Народническая литературная критика: (П.​Л.​Лавров, П.​Н.​Ткачев, Н.​К.​Михайловский, А.​М.​Скабичевский). Казань, 1975.

т. 14, с. 430

СКАБЛО́ (Барыс Германавіч) (13.4.1923, г. Самара, Расія — 15.6.1999),

бел. і расійскі віяланчэліст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1967). Праф. (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949). У 1949—72 канцэртмайстар групы віяланчэляў Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, адначасова ў 1949—55 удзельнік стр. квартэта і фп. трыо Бел. філармоніі. З 1952 выкладаў у муз. школе пры Бел. кансерваторыі, з 1963 — у Бел. кансерваторыі. У 1987—98 праф. Рас. акадэміі музыкі ў Маскве. Удасканальваў жанр віяланчэльнага дуэта. Першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў, у т. л. С.​Аксакава, М.​Аладава, А.​Багатырова, у рэпертуары таксама рус. муз. класіка. Аўтар метадычных падручнікаў.

т. 14, с. 430

СКАБЯЛЬЦЫ́Н (Дзмітрый Уладзіміравіч) (24.11.1892, С.-Пецярбург — 16.11.1990),

расійскі фізік і грамадскі дзеяч, заснавальнік навук. школы па фізіцы атамнага ядра і касм. прамянёў. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1915). З 1916 у ВНУ Ленінграда. У 1929—31 працаваў у лабараторыі М.​Складоўскай-Кюры. З 1937 у Фіз. ін-це АН СССР (у 1952—72 дырэктар), адначасова ў 1946—60 дырэктар НДІ ядз. фізікі Маскоўскага ун-та (з 1940 праф). У 1950—74 старшыня Камітэта па Міжнар. Ленінскіх прэміях. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў і фізіцы высокіх энергій. Выкарыстаў камеру Вільсана, змешчаную ў магн. поле, для даследаванняў узаемадзеяння γ-квантаў з рэчывам (1924), вынікі якіх пацвердзілі квантавую прыроду святла. Адкрыў наяўнасць у касм. прамянях зараджаных часціц высокіх энергій і паяўленне груп з некалькіх (да 4) генетычна звязаных часціц (т.зв. касм. ліўні; 1927—29), што дало пачатак даследаванню прыроды касм. прамянёў. Залаты медаль імя Ламаносава 1952. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1982.

Тв.:

Космические лучи. Л.;

М., 1936;

Парадокс близнецов в теории относительности. М., 1966.

Дз.У.Скабяльцын.

т. 14, с. 430

СКАВАРАДА́ (Рыгор Савіч) (3.12.1722, г.п. Чарнухі Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1794),

украінскі філосаф, пісьменнік і педагог. У 1734—41, 1744—45, 1751—53 вучыўся ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі (яго настаўнікам па філасофіі быў Е.​Каніскі). У 1745—50 у складзе пасольскіх місій быў у Венгрыі, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і інш. У 1750—51 выкладаў у Пераяслаўскім, у 1759—69 — у Харкаўскім калегіумах. У далейшым вандраваў па Украіне як філосаф-прапаведнік. У цэнтры яго філасофіі, выкладзенай у трактатах, дыялогах і прытчах, — канцэпцыя бачнай (матэрыя) і нябачнай (Бог) натур. Паводле С., боскі пачатак патаемна прысутнічае ва ўсёй прыродзе, і гал. задача чалавека — спасціжэнне нябачнай прыроды праз бачную («Пачатковыя дзверы да хрысціянскай дабрачыннасці», 1766—80). Лічыў, што ў кожнай асобе закладзена боская прырода, усведамленне Бога адбываецца праз самапазнанне («Наркіс», канец 1760-х г). Адрозніваў першае нараджэнне чалавека (фізічнае) і другое (духоўнае), калі чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду праз спасціжэнне боскай сутнасці. Сусвет падзяляў на 3 часткі: макракосм (прырода), мікракосм (чалавек) і сімвалічны свет (Біблія). Лічыў, што асн. сродкам увядзення чалавека ў духоўны свет з’яўляецца сімвал («Дыялог. Імя яму — Патоп змеяў», канец 1780-х г.), што хрысціянства і ант. культура маюць агульную духоўную аснову. Сац. погляды С. грунтуюцца на ідэі прызначэння Богам кожнага чалавека да пэўнага віду дзейнасці (земляробства, вайсковай справы, багаслоўя). Пед. канцэпцыя С. заснавана на ідэі выхавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго асабістай прыродай. Лічыў, што выхаванне павінна пачынацца яшчэ да фіз. нараджэння чалавека. Літ. творчасць С. эмацыянальна-вобразна адлюстроўвае яго філас. ідэі. Яго паэзія спалучае пафаснасць, манументалізм і лірычнасць, творчае пераасэнсаванне біблейскіх матываў і нар. песеннай культуры (цыкл «Сад божых песень, прарослых з зярнят Свяшчэннага Пісання», 1753—85). Развіваў жанр празаічнай байкі, дзе ў сатырычна-алегарычнай форме крытыкаваў грамадскія заганы, ухіленне чалавека ад духоўнай культуры (цыкл «Байкі харкаўскія», 2-я пал. 1760-х г. — 1774). Ідэі С. паўплывалі на развіццё ўсх.-слав. рэліг. філасофіі і л-ры.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное: Песни, басни, притчи. М., 1972;

Соч. Т. 1—2. М., 1973;

Соч. Мн., 1999.

Літ.:

Барабаш Ю.Я. «Знаю человека...»: Григорий Сковорода. Поэзия. Философия. Жизнь. М., 1989;

Гарин И. Сковорода // Гарин И. Пророки и поэты. М., 1994. Т. 3;

Кравец В.В. Разговор о Сковороде: С приложением хрестоматии по сковородоведению. Київ, 2000;

Эрн В. Г.​Сковорода: Жизнь и учение // Эрн В. Борьба за логос;

Г.​Сковорода: Жизнь и учения. Мн.;

М., 2000.

Н.​Г.​Кісялёва.

Р.С.Скаварада.

т. 14, с. 430

СКАВАРО́ДНІК,

у беларусаў печыва з хлебнага цеста, якое ўжо замешана, але яшчэ не падышло. Цеста абгладжваюць вадой, пальцам робяць дзірачкі, каб не расколвалася. Часам у цеста дадаюць драную бульбу. Пякуць на патэльні пры агні або на гарачым вуголлі. Калі пякуць прама на чарэні, называюць таксама праснак, выхапень, хапун, перапечка, сачэнь і інш. Вядомы па ўсёй Беларусі.

т. 14, с. 431

СКАГЕРА́К (Skagerrak),

праліў паміж п-вамі Ютландыя і Скандынаўскі; зах. з Дацкіх праліваў. Даўж. 225 км, шыр. 60—150 км, глыб. да 809 м (Нарвежскі жолаб), найменшая глыб. на фарватэры 53 м. Гал. порт — Осла (Нарвегія).

т. 14, с. 431