Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКЮДЭРЫ́ (Scudéry, Scudéri) Мадлен дэ (15.10.1607, г. Гаўр, Францыя — 2.6.1701), французская пісьменніца; прадстаўніца прэцыёзнай літаратуры. З 1630 у Парыжы, дзе заснавала арыстакратычны літ. салон, які стаў цэнтрам прэцыёзнага руху. Аўтар галантна-гераічных раманаў «Ібрагім, або Вялікі паша» (1641), «Артамен, або Вялікі Кір» (т. 1—10, 1649—53), «Клелія, або Рымская гісторыя» (т. 1—10, 1654—61), баек, вершаў і інш., у цэнтры якіх кодэкс прэцыёзнай маралі, вытанчанага густу, галантных пачуццяў і паводзін. Яе творы адзначаны майстэрствам сюжэтапабудовы, маляўнічасцю стылю, рысамі псіхалагізму і дыдактызму.

Літ.:

Гончар М.О. Концепция романа у М. де Скюдери // XVII век в диалоге эпох и культур. СПб., 2000.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 483