Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКРАБЕ́ЦКІ Леан, піяніст, педагог, дырыжор, кампазітар 19 ст. Творчае жыццё звязана з Беларуссю і Расіяй. З сярэдзіны 1850-х г. у Магілёве, выступаў у канцэртах як выканаўца на фп. і фісгармоніі, дырыжыраваў аркестрам мясц. аматараў, навучаў ігры на розных інструментах. З канца 1868 у Віцебску, з 1869 у Мінску, дзе дырыжыраваў Мінскім гарадскім аркестрам. У 1876—80 адзін з дырыжораў муз. т-ва ў г. Растоўна-Доне. Аўтар шэрагу фп. і вак. твораў, якія друкаваліся ў Вільні і Варшаве; артыкулаў пра муз. жыццё Магілёва ў польскім муз. часопісе «Ruch Muzyczny» («Музычны рух»). Супрацоўнічаў з рэдакцыямі газет «Могилевские губернские ведомости» і «Донская пчела».

А.​Л.​Капілаў.

т. 14, с. 469

СКРА́БІН (Аляксандр Мікалаевіч) (6.1.1872, Масква — 27.4.1915),

рускі кампазітар і піяніст, педагог. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1892, кл. С.​Танеева, В.​Сафонава). З 1895 вёў канцэртную дзейнасць. У 1898—1903 праф. Маскоўскай кансерваторыі. У 1904—10 жыў і працаваў за мяжой (з перапынкамі). У яго творчасці ўвасоблены ідэі экстатычнага памкнення да невядомых «касмічных» сфер, стваральнай сілы мастацтва. Музыцы ўласцівы напружанасць, дыяпазон вобразаў ад натхнёна-ідэальных, вытанчаных да экспрэсіўна-гераічных. Наватар муз.-выразных сродкаў; развіваў ідэю спалучэння каляровага святла і музыкі, упершыню ў муз. практыцы ўвёў партыю каляровага святла (сімф. паэма «Праметэй»). Станаўленне стылю С. выявілася ў сімфанізме. Аўтар твораў: для арк. — 3 сімфоній (1900—04, 3-я — «Боская паэма»), сімф. паэм «Мары» (1898), «Паэма экстазу» (1907), «Праметэй» («Паэма агню», з фп. і хорам, 1910); канцэрта для фп. з арк. (1897); для фп. — 10 санат (1892—1913), 29 паэм, 26 эцюдаў, 90 прэлюдый, 21 мазуркі, 11 экспромтаў, вальсаў, фантазій і інш. Творчасць С. паўплывала на фп. і сімф. музыку 20 ст.

Літ. тв.: Письма. М., 1965.

Літ.: Дельсон В.Ю. Скрябин. М., 1971; Бэлза И. А.​Н.​Скрябин. М., 1987; Рубцова В. А.​Н.​Скрябин. М., 1989.

Т.​А.​Дубкова.

А.М.Скрабін.

т. 14, с. 470

СКРА́БІН (Георгій Канстанцінавіч) (17.9.1917, С.-Пецярбург — 26.3.1998),

расійскі мікрабіёлаг і біяхімік. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1968). Сын К.​А.​Скрабіна. Скончыў Казанскі вет. ін-т (1942). З 1949 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР. З 1967 дырэктар Ін-та біяхіміі і фізіялогіі мікраарганізмаў АН СССР. У 1967—74 дырэктар Навук. цэнтра біял. даследаванняў АН СССР у г. Пушчына. У 1971—88 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН СССР. Навук. працы ў галіне агульнай і тэхн. мікрабіялогіі і біяхіміі мікраарганізмаў. Дзярж. прэмія СССР 1971. Залаты медаль імя І.​І.​Мечнікава 1984.

т. 14, с. 470

СКРА́БІН (Канстанцін Іванавіч) (7.12.1878, С.-Пецярбург — 17.10.1972),

расійскі вучоны ў галіне гельмінталогіі; заснавальнік сав. школы гельмінтолагаў. Акад. АН СССР (1939), УАСГНІЛ (1935), АМН СССР (1944). Правадз і ганаровы чл. іншаземных акадэмій (Францыі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы і інш.), навук т-ваў ЗША, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Індыі і інш. Д-р вет., мед., біял. н. (1934, 1938, 1943). Герой Сац. Працы (1958). Скончыў Юр’еўскі вет. ін-т (1905). У 1917—43 праф. Данскога, Маскоўскага, Ленінградскага, Казанскага вет. ін-таў; адначасова з 1920 ва Усесаюзным ін-це гельмінталогіі (у 1931—61 дырэктар). З 1956 віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. Навук. працы па марфалогіі, сістэматыцы, экалогіі паразітычных чарвей с.-г. жывёл і чалавека, эпідэміялогіі і мерапрыемствах па барацьбе з гельмінтозамі (распрацаваў прынцыпы дэгельмінтызацыі і дэвастацыі). Апісаў каля 200 новых відаў і даў абгрунтаванне 120 новым родам гельмінтаў. Увёў паняцце аб дадатковых і рэзервуарных гаспадарах, транзітным паразітызме і сімбіяпаразітызме, бія- і геагельмінтозах. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1950.

Тв.:

Гельминтозы человека. Ч. 1—2. М.; Л., 1929—31 (разам з Р.​С.​Шульцам);

Основы общей гельминтологии. М., 1940;

Трематоды животных и человека: Основы трематодологии. Ч. 1—23. М.; Л., 1947—70;

Моя жизнь в науке. М., 1969.

Літ.:

Гильденблат А.А., Заянчковский И.Ф. Академик К.И. Скрябин и советская гельминтология. М., 1963.

К.І.Скрабін.

т. 14, с. 470

СКРАБО́К,

шматфункцыянальная прылада працы з аббітага каменю, найчасцей з крэменю, для апрацоўкі скуры, рогу, косці і дрэва. Вядомы з эпохі палеаліту, выкарыстоўваўся і ў эпоху бронзы. С. адрозніваліся формай загатоўкі, арыентацыяй рабочага ляза (на пласціне, адшчэпе, сколе і г.д.), а таксама другаснай апрацоўкай (рэтушшу). На Беларусі найб. стараж. С. знойдзены ў Бердыжы і Юравічах.

т. 14, с. 470

СКРАЗНА́Я ДАЛІ́НА, даліна прарыву,

вузкія і глыбокія ўчасткі рачных далін, якія праразаюць горныя хрыбты (на ўсю шырыню) або ўзвышшы. Узнікаюць пры гораўтварэнні або падняцці ўчастка зямной паверхні, у які рака ўразаецца ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі, а таксама ў выніку прарыву вады з прыледавіковых азёр праз найб. нізкае месца ўзвышша.

т. 14, с. 470

СКРАЗНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, якая праходзіць праз увесь вершаваны твор Побач з радкамі са С.р. могуць быць радкі без яе ці спалучаныя інш. рыфмоўкай. Для С.р. характэрна сіметрычнасць размяшчэння спалучаных ёю вершаваных радкоў. С.р. выдзяляе найб. значныя ў маст. адносінах словы:

Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!
(Я.​Купала. «А зязюлька кукавала...»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 470

СКРАМАСА́КС (ням. Skramasax),

адзін з відаў колюча-сякучай халоднай зброі бліжняга бою. Нож з прамым адналязовым клінком (даўж. 20—50 см, шыр. 2—4 см) з патоўшчанай спінкай і дзяржаннем. Вядомы з пач. н.э. У эпоху Вял. перасялення народаў С. — тыповая зброя «варвараў» Паўн.-Зах. і Сярэдняй Еўропы; напр., у франкаў — асн. від узбраення. З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ўвайшоў у баявы ўжытак ч. балцкага і фінскага насельніцтва ўзбярэжжа Балт. мора. Для ўзбраення славян не характэрны. У 10—11 ст. знік з вайск. ўжытку. Ва Усх. Прусіі, зах. раёнах Літвы і Латвіі выкарыстоўваўся і ў 12 ст. (магчыма, і пазней). На Беларусі С. знойдзены пры раскопках селішча Гарадок (2-я пал. 9—пач. 10 ст.) і курганнага могільніка Вышадкі (10 ст.) Гарадоцкага р-на, у Віцебску і Мінску (12 ст.). Паводле меркавання некат. даследчыкаў, ад С. вядуць сваё паходжанне асобныя тыпы цесакоў і корды.

Літ.:

Кулаков В.И. Древности пруссов, VI—XIII вв. М., 1990;

Казакявичюс В.К. Оружие балтских племен II—VIII вв. на территории Литвы. Вильнюс, 1988.

Г.​В.​Ласкавы.

т. 14, с. 470

СКРА́НТАН (Scranton),

горад на ПнУ ЗША, штат Пенсільванія. Засн. ў 1788. 74,7 тыс. ж., з г. Уілкс-Барэ і агульнымі прыгарадамі каля 800 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: вытв-сць прамысл. абсталявання, боепрыпасаў, мед. інструментаў; радыёэлектронная, паліграф., тэкст., швейная, харчовая. 2 ун-ты.

т. 14, с. 470

СКРО́БАВА-ГАРАДЗІ́ШЧАНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,

гл. ў арт. Баранавіцкая аперацыя 1916.

т. 14, с. 470