СКРА́БІН (Канстанцін Іванавіч) (7.12.1878, С.-Пецярбург — 17.10.1972),

расійскі вучоны ў галіне гельмінталогіі; заснавальнік сав. школы гельмінтолагаў. Акад. АН СССР (1939), УАСГНІЛ (1935), АМН СССР (1944). Правадз і ганаровы чл. іншаземных акадэмій (Францыі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы і інш.), навук т-ваў ЗША, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Індыі і інш. Д-р вет., мед., біял. н. (1934, 1938, 1943). Герой Сац. Працы (1958). Скончыў Юр’еўскі вет. ін-т (1905). У 1917—43 праф. Данскога, Маскоўскага, Ленінградскага, Казанскага вет. ін-таў; адначасова з 1920 ва Усесаюзным ін-це гельмінталогіі (у 1931—61 дырэктар). З 1956 віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. Навук. працы па марфалогіі, сістэматыцы, экалогіі паразітычных чарвей с.-г. жывёл і чалавека, эпідэміялогіі і мерапрыемствах па барацьбе з гельмінтозамі (распрацаваў прынцыпы дэгельмінтызацыі і дэвастацыі). Апісаў каля 200 новых відаў і даў абгрунтаванне 120 новым родам гельмінтаў. Увёў паняцце аб дадатковых і рэзервуарных гаспадарах, транзітным паразітызме і сімбіяпаразітызме, бія- і геагельмінтозах. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1950.

Тв.:

Гельминтозы человека. Ч. 1—2. М.; Л., 1929—31 (разам з Р.​С.​Шульцам);

Основы общей гельминтологии. М., 1940;

Трематоды животных и человека: Основы трематодологии. Ч. 1—23. М.; Л., 1947—70;

Моя жизнь в науке. М., 1969.

Літ.:

Гильденблат А.А., Заянчковский И.Ф. Академик К.И. Скрябин и советская гельминтология. М., 1963.

К.І.Скрабін.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)