СКРАМАСА́КС (ням. Skramasax),

адзін з відаў колюча-сякучай халоднай зброі бліжняга бою. Нож з прамым адналязовым клінком (даўж. 20—50 см, шыр. 2—4 см) з патоўшчанай спінкай і дзяржаннем. Вядомы з пач. н.э. У эпоху Вял. перасялення народаў С. — тыповая зброя «варвараў» Паўн.-Зах. і Сярэдняй Еўропы; напр., у франкаў — асн. від узбраення. З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ўвайшоў у баявы ўжытак ч. балцкага і фінскага насельніцтва ўзбярэжжа Балт. мора. Для ўзбраення славян не характэрны. У 10—11 ст. знік з вайск. ўжытку. Ва Усх. Прусіі, зах. раёнах Літвы і Латвіі выкарыстоўваўся і ў 12 ст. (магчыма, і пазней). На Беларусі С. знойдзены пры раскопках селішча Гарадок (2-я пал. 9—пач. 10 ст.) і курганнага могільніка Вышадкі (10 ст.) Гарадоцкага р-на, у Віцебску і Мінску (12 ст.). Паводле меркавання некат. даследчыкаў, ад С. вядуць сваё паходжанне асобныя тыпы цесакоў і корды.

Літ.:

Кулаков В.И. Древности пруссов, VI—XIII вв. М., 1990;

Казакявичюс В.К. Оружие балтских племен II—VIII вв. на территории Литвы. Вильнюс, 1988.

Г.​В.​Ласкавы.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)