СКРА́БІН (Аляксандр Мікалаевіч) (6.1.1872, Масква — 27.4.1915),

рускі кампазітар і піяніст, педагог. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1892, кл. С.​Танеева, В.​Сафонава). З 1895 вёў канцэртную дзейнасць. У 1898—1903 праф. Маскоўскай кансерваторыі. У 1904—10 жыў і працаваў за мяжой (з перапынкамі). У яго творчасці ўвасоблены ідэі экстатычнага памкнення да невядомых «касмічных» сфер, стваральнай сілы мастацтва. Музыцы ўласцівы напружанасць, дыяпазон вобразаў ад натхнёна-ідэальных, вытанчаных да экспрэсіўна-гераічных. Наватар муз.-выразных сродкаў; развіваў ідэю спалучэння каляровага святла і музыкі, упершыню ў муз. практыцы ўвёў партыю каляровага святла (сімф. паэма «Праметэй»). Станаўленне стылю С. выявілася ў сімфанізме. Аўтар твораў: для арк. — 3 сімфоній (1900—04, 3-я — «Боская паэма»), сімф. паэм «Мары» (1898), «Паэма экстазу» (1907), «Праметэй» («Паэма агню», з фп. і хорам, 1910); канцэрта для фп. з арк. (1897); для фп. — 10 санат (1892—1913), 29 паэм, 26 эцюдаў, 90 прэлюдый, 21 мазуркі, 11 экспромтаў, вальсаў, фантазій і інш. Творчасць С. паўплывала на фп. і сімф. музыку 20 ст.

Літ. тв.: Письма. М., 1965.

Літ.: Дельсон В.Ю. Скрябин. М., 1971; Бэлза И. А.​Н.​Скрябин. М., 1987; Рубцова В. А.​Н.​Скрябин. М., 1989.

Т.​А.​Дубкова.

А.М.Скрабін.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)