СКАЧЫ́НСКІ Аляксандр Аляксандравіч [13.7.1874, г. Алёкмінск, Якуція (Рэспубліка Саха), Расія — 6.10.1960], расійскі вучоны ў галіне горнай справы. Акад. АН СССР (1935). Герой Сац. Працы (1954). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1900), дзе і працаваў. З 1930 праф. Маскоўскага горнага ін-та, з 1938 дырэктар Ін-та горнай справы АН СССР. У 1944—51 старшыня прэзідыума Зах.-Сібірскага філіяла АН СССР. Навук. працы па праблемах рудніковай аэралогіі. Стварыў тэорыю руху паветра ў горных вырабатках, тэорыю проціпылавых аэрадынамічных рэжымаў. Распрацаваў метады даследавання сітаватасці і інш. уласцівасцей вугальных радовішчаў, вызначыў метананоснасць вуглёў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

А.А.Скачынскі.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)