СКЕ́МА,
паселішча эпохі неаліту, бронзавага і ранняга жал. вякоў каля в. Мікольцы Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на берагавым узвышшы р. Скема. Першымі пасяленнямі былі носьбіты нарвенскай культуры (4-е—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.), з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. сюды пранікла насельніцтва тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры. У больш позніх напластаваннях сустракаюцца матэрыялы шнуравой керамікі культуры. Да канца бронзавага і пач ранняга жал. веку адносяцца знаходкі штрыхаванай керамікі культуры і мілаградскай культуры. Невял. рыбацкае паселішча існавала тут і ў сярэдневякоўі. Знойдзены рэшткі агнішчаў, паўзямлянак, сляды збудаванняў слупавой канструкцыі, кераміка.
М.М.Чарняўскі.
т. 14, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)