Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАНЧАРЫ́,

вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., у сутоках рэк Дзітва і Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПдУ ад г. Ліда, 100 км ад Гродна, 1 км ад чыг. ст. Ганчары, на аўтадарозе Ліда—Навагрудак. 460 ж., 175 двароў (1996). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1779). Каля вёскі стаянкі мезаліту, неаліту і бронзавага веку.

т. 5, с. 35

ГАНЧАРЫ́,

вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і племсаўгаса. За 12 км на Пд ад г. Ляхавічы, 208 км ад Брэста, 3 км ад чыг. ст. Райтанаў, на аўтадарозе Івацэвічы—Слуцк. 461 ж., 165 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 5, с. 35

ГАНЧА́РЫК Міхаіл Мікалаевіч

(24.11.1899, в. Кляннік Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1986),

бел. фізіёлаг раслін. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р біял. н., праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў Горацкі с.-г. ін-т (1924). З 1929 у Ін-це біялогіі АН Беларусі (з 1931 нам., в.а. дырэктара). У 1933 арыштаваны, вызвалены ў 1947. У 1949 зноў арыштаваны, рэабілітаваны ў 1956. У 1956—58 у БСГА, з 1958 у Ін-це біялогіі, з 1961 заг. аддзела фотасінтэзу, з 1967 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (у 1967—72 дырэктар). Навук. працы па вырошчванні бульбы, капусты ва ўмовах Крайняй Поўначы, даследаванні фотасінтэзу ў бульбе і яе патрабавальнасці да вільготнасці глебы ў антагенезе, уплыву іонаў хлору і хлорзмяшчальных калійных угнаенняў на фізіял. працэсы раслін.

т. 5, с. 35

ГАНЧА́РЫК Уладзімір Іванавіч

(н. 29.4.1940, в. Аўгустова Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

прафсаюзны дзеяч Беларусі. Канд. эканам. н. (1976). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1961), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1976). З 1961 на гасп., камсамольскай і парт. рабоце. З 1976 1-ы сакратар Чэрвеньскага райкома КПБ, нам. заг. аддзела аргпартработьі ЦК КПБ, 2-і сакратар Магілёўскага абкома КПБ. З 1986 старшыня Бел. рэсп. савета прафсаюзаў, з 1990 старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Дэп. Вярх. Савета Беларусі ў 1985—90 і ў 1995—96. Нар. дэп. СССР у 1989—91.

т. 5, с. 35

Ганчарык Іван Іосіфавіч

т. 18, кн. 1, с. 368

Ганчарык Уладзімір Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 369

ГАНЧАРЭ́НКА Андрэй Маркавіч

(н. 2.1.1933, в. Версанка Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1984, чл.-кар. 1972), д-р фізіка-матэм. н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Ін-це фізікі, з 1970 нам. дырэктара ін-та і кіраўнік Магілёўскага аддз. Ін-та фізікі, у 1987—97 гал. вучоны сакратар Прэзідыума, адначасова з 1991 дырэктар Аддзела антычных аптычных праблем інфарматыкі АН Беларусі. Навук. працы ў галіне фіз. і інтэгральнай оптыкі, квантавай і аптычнай электронікі. Распрацаваў тэорыю дыэлектрычных хваляводаў і святлаводаў, тэорыю анізатропных рэзанатараў аптычных квантавых генератараў. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Гауссовы пучки света. Мн., 1977;

Основы теории оптических волноводов. Мн., 1983 (разам з В.А.Карпенкам).

Літ.:

А.М. Ганчарэнка // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-матэм. навук 1993. № 1.

М.У.Токараў.

т. 5, с. 35

ГАНЧАРЭ́НКА Васіль Дзям’янавіч

(19.6.1923, г. Днепрапятроўск, Украіна — 16.9.1983),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1955, клас І.Патаржынскага). З 1955 працаваў у Пермі і Маскве. З 1960 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У операх бел. кампазітараў выканаўца партый: Лявон Бурак («Калючая ружа» Ю.Семянякі, Апанас («Алеся» Я.Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Платонаў («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), сенатар Фаскары («Джардана Бруна» С.Картэса); у класічным рэпертуары — Анегін, Ялецкі, Роберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Малатэста («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), граф Альмавіва («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), а таксама камісар Арцем’еў («Брэсцкая крэпасць» К.Малчанава), Фердынанд («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева). Вёў канцэртную дзейнасць. З 1980 выкладаў у Бел. кансерваторыі (у опернай студыі кансерваторыі паставіў оперы «Паяцы» Р.Леанкавала і «Яўген Анегін»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).

А.Я.Ракава.

т. 5, с. 35

ГАНЧАРЭ́НКА Іван Іванавіч

(30.7.1908, с. Яблыневае Палтаўскай вобл., Украіна — 5.6.1988),

украінскі паэт. Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры (1934, Харкаў). Друкаваўся з 1925. Першы зборнік вершаў — «Сябры» (1930). У паэт. творах (зб-кі «Гады ідуць», 1968; «Абеліскі», 1974; «Ззяйце, зоркі», 1977, і інш.) жыццё, праблемы сав. моладзі, калгаснай вёскі, подзвіг народа ў Вял. Айч. вайну. Пераклаў на ўкр. мову творы П.Глебкі, Я.Купалы, Я.Непачаловіча, М.Танка. На бел. мову творы Ганчарэнкі перакладалі Р.Барадулін, Н.Гілевіч, Г.Кляўко.

Тв.:

Вибране. Т. 1—2. Київ, 1978;

Вибране. Київ, 1988.

В.А.Чабаненка.

т. 5, с. 35

ГАНЧАРЭ́НКА

(па мужу Яўдошанка) Надзея Мацвееўна (н. 1.7.1929, г. Адэса, Украіна),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла Адэскае тэатр. вучылішча (1950). У 1955—88 у Брэсцкім драм. т-ры імя ЛКСМБ. Выконвала драм. і характарныя ролі. Спалучэнне жаноцкасці з унутр. цвёрдасцю характару, эмацыянальнасць, глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет гераінь вызначальныя ў мастацтве Ганчарэнкі. Сярод лепшых роляў: Зорына, Марына («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.Губарэвіча), Інга («Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка), Наталля Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І.Шамякіна), Ганна Ісакаўна («Верачка» А.Макаёнка), Маці («Парог» А.Дударава), Яўгенія, Мамаева («На бойкім месцы», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Валька («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Марсела («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Эліза («Пігмаліён» Б.Шоу).

т. 5, с. 36