ГАСПАДА́Р,
1) уласнік, уладальнік чаго-небудзь.
2) У ВКЛ у 15—17 ст. тытул вялікага князя, а таксама іншаземных манархаў, вышэйшых духоўных асоб.
т. 5, с. 83
ГАСПАДАРО́Ў Піліп Паўлавіч
(1865, в. Забаб’е Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 9.7.1938),
рускі і бел. нар. казачнік. У 1905 за ўдзел у сял. выступленні на Магілёўшчыне сасланы пажыццёва ў Алонецкую губ. (в. Шуя). Пасля вызвалення з-пад нагляду паліцыі ў 1907 перасяліўся ў Петразаводск. Працаваў кавалём на Аляксандраўскім з-дзе. Казачны рэпертуар засвоіў у дзяцінстве ад аднавяскоўца, прыгоннага селяніна К.К.Шаўцова. У 1937—38 ад яго фалькларыст М.У.Новікаў запісаў 106 казак, прыказкі, загадкі. Традыц. для бел. казачнага эпасу антыпамешчыцкая, антырэліг. і антыклерыкальная накіраванасць характэрна і для казак Гаспадарова («Салдацкія сыны», «Пра дурнога Амелю», «Пра залатое яечка», «Поп і работнік», «Каваль і поп», «Праўда пра святога Феадосія»). На аснове традыц. сюжэтаў стварыў казкі на сав. тэматыку («Як мужык і рабочы праўду шукалі», «Чырвоныя арляняты», «Як Мар’я з Іванам зраўняліся»). Казкі Гаспадарова вылучаюцца шырокім выкарыстаннем сродкаў традыц. фальклорнай паэтыкі, трапных прыказак, загадак, майстэрствам дыялогаў. Чарадзейныя казкі Гаспадарова паводле стылю блізкія да яго быт. казак. Казка Гаспадарова «Салдацкія сыны» ў перакладзе на ням. мову Г.І.Грыма ўвайшла ў складзены Л.Р.Барагам зб. «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 1966, 10-е выд. 1980).
Тв.:
Сказки Ф.П.Господарева. Петрозаводск, 1941;
У кн.: Песни и сказки на Онежском заводе. Петрозаводск, 1937.
Літ.:
Бараг Л. Беларуская казка. Мн., 1969.
І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 83
ГАСПАДА́РЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак кіравання гасп. дзейнасцю, рэгулююць гасп. адносіны, што складваюцца паміж рознымі арг-цыямі і іх падраздзяленнямі, і накіраваны на забеспячэнне рацыянальнага і эфектыўнага гаспадарання. Нормы гаспадарчага права змешчаны ў актах гасп. заканадаўства, якое вызначае прынцыпы, формы і метады гаспадарання, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання і органаў гасп. кіравання, сістэму гаспадарчых дагавораў і інш. абавязацельстваў, адказнасць у гасп. адносінах і інш. Асн. крыніцамі гаспадарчага права Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца яе Канстытуцыя, законы аб прадпрыемствах, кааперацыі, маёмасці, прадпрымальніцкай дзейнасці, аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці, банкаўскай справе, аб эканам. неплацежаздольнасці і банкруцтве, аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзярж. уласнасці, аб абароне правоў спажыўцоў і інш. У гаспадарчае права сумесна з агульнымі нормамі і правіламі выкарыстоўваюцца і нормы канкрэтнага характару (нормы-заданні, рэкамендацыі, ведамасныя інструкцыі і інш.), якія выдаюцца ўрадам і органамі гасп. кіравання, рашэнні гасп. судоў па канкрэтных спрэчках суб’ектаў гаспадарання і інш. Забеспячэнне іх выканання дасягаецца пэўнымі санкцыямі, якія прымяняюць у выпадках парушэння нормаў, а таксама мерамі матэрыяльнага заахвочвання і ў арганізац. парадку.
Ю.Я.Савельеў.
т. 5, с. 83
ГАСПАДА́РЧЫЯ СУДЫ́ Рэспублікі Беларусь, судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усе гасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп. суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.
т. 5, с. 84
ГАСПАДА́РЧЫ ДАГАВО́Р,
пагадненне паміж прадпрыемствамі з вызначэннем іх правоў і абавязкаў у сферы гасп. дзейнасці. Да іх адносяцца дагаворы пастаўкі, падраду на капітальнае буд-ва, грузавой перавозкі, кантрактацыі с.-г. прадукцыі, арэнды, на выкананне навук., праектных і канструктарскіх работ, па аказанні паслуг і інш. У Рэспубліцы Беларусь гаспадарчы дагавор рэгулюецца шматлікімі нарматыўнымі актамі, у т. л. правіламі аб дагаворах падраду на капітальнае буд-ва, палажэннямі аб пастаўках, аб парадку заключэння і выканання дагавораў кантрактацыі с.-г. прадукцыі, трансп. статутамі і кодэксамі і інш. Гаспадарчы дагавор выкарыстоўваюць і як прававую форму арг-цыі ўнутрыгасп. дзейнасці (пагадненне аб арэндзе, падрадзе, у т. л. брыгадным).
т. 5, с. 83
ГАСПАДА́РЧЫ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС Рэспублікі Беларусь, адзіны сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе адносіны, звязаныя з парадкам вырашэння гасп. спрэчак на тэр. краіны. Прыняты Вярх. Саветам Беларусі 5.6.1991, уведзены ў дзеянне з 1.7.1991. Складаецца з 12 раздзелаў і 108 артыкулаў. Вызначае падведамнасць і падсуднасць гасп. спрэчак, рэгламентуе правы і абавязкі іх удзельнікаў, працэсуальныя пытанні — суд. разгляду спраў, парадак перагляду рашэнняў гасп. суда і інш.
т. 5, с. 83
ГАСПАДА́РЧЫ РАЗЛІ́К,
метад кіравання дзярж. прадпрыемствамі, засн. на ўліку выдаткаў вытв-сці, устанаўленні планавай даходнасці прадпрыемства; сістэма забеспячэння бясстратнай, прыбытковай работы вытв. звён гаспадаркі і іх адказнасці за сваю дзейнасць. Пры гаспадарчым разліку ўсе формы грамадскай уласнасці дазваляюць узгадняць існуючыя ў адзінстве супярэчлівыя інтарэсы асобных людзей і калектываў, дасягаць сац. справядлівасці. Гаспадарчы разлік як спецыфічная эканам. катэгорыя адлюстроўвае таварна-грашовыя сувязі паміж гасп.-разліковымі звёнамі, унутры іх, паміж імі і грамадствам. Гэта сувязі планамернай арганізацыі, уліку і кантролю за вытв-сцю і размеркаваннем сукупнага грамадскага прадукту, якія вызначаюць долю кожнага чалавека, вытв. калектыву або арг-цыі працоўных у яго стварэнні і размеркаванні. Дазваляюць улічыць і па магчымасці задаволіць інтарэсы асобы, калектыву і грамадства, уздзейнічаць на іх, кіраваць імі. Гаспадарчы разлік як метад гаспадарання характарызуюць прынцыпы самаакупнасці, самафінансавання, самакіравання, стымулявання, грашовага кантролю. Укараненне гэтых прынцыпаў у комплексе ёсць поўны гаспадарчы разлік. Гал. звяном гаспадарчага разліку з’яўляюцца вытв. прадпрыемствы (аб’яднанні), таваравытворцы, дзейнасць якіх падпарадкавана механізму рыначных адносін. Імі ахоплены як знешнія (гаспадарчы разлік прадпрыемстваў), так і ўнутрывытв. (унутрыгасп. гаспадарчы разлік) сувязі прадпрыемстваў. Практыка выкарыстання прынцыпаў гаспадарчага рзліку пашыраецца і ў невытв. сферы. На аснове гаспадарчага разліку прадпрыемстваў ажыццяўляецца пераход на самакіраванне, самаакупнасць і самафінансаванне.
т. 5, с. 84
«ГАСПАДАРЫ́»
(«Гаспадары, для Вас пішам гэта апавяданне...»),
бел. ананімная брашура. Выйшла нелегальна асобным выданнем без тытульнага ліста. Надрукавана лацінкаю. Налічвае 8 стар. празаічнага тэксту. Мяркуецца, што твор надрукаваны ў Кракаве. Прысвечана падзеям, што разгарнуліся 9.11.1893, калі царскія ўлады закрывалі касцёл у мяст. Крожы (Кражай) у Літве. Сяляне аказалі супраціўленне, іх схапілі і судзілі ў Віленскай суд. палаце. Багацце лексікі, трапныя фразеалагізмы, жывая гутарковая мова даюць падставу прыпісаць гэта выданне Ф.Багушэвічу. Брашура зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
С.Х.Александровіч.
т. 5, с. 84
ГАСПАРА́Н
(Хачатран) Гаар Мікаэлаўна (н. 14.12.1924, Каір),
армянская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1984). Муз. адукацыю атрымала ў Каіры. З 1948 у Арменіі, з 1949 салістка Арм. т-ра оперы і балета. З 1965 выкладае ў Ерэванскай кансерваторыі (праф. з 1977). Голас вял. дыяпазону, удумлівая, тонкая трактоўка маст. вобразаў спалучаюцца ў яе з віртуознай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый у операх арм. кампазітараў: Ануш, Шушан («Ануш», «Давід-Бек» А.Тыграняна), Гаар («Гераіня» А.Сцепаняна; Дзярж. прэмія СССР 1951), Алімпія («Аршак II» Т.Чухаджана), у класічных — Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Віялета, Дэздэмона, Джыльда («Травіята», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Вядомая як камерная спявачка. Дзярж. прэмія Арменіі 1964.
т. 5, с. 84