Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫ́ФАНАЎ Юрый Валянцінавіч (28.8.1925, Масква — 28.3.1981),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1949). Друкаваўся з 1947. Раманы «Студэнты» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Нецярплівасць» (1973) пра нарадавольцаў. У «маскоўскіх» псіхал. аповесцях «Абмен» (1969), «Іншае жыццё» (1975), «Дом на набярэжнай» (1976), «Стары» (1978), дакумент.-мемуарнай кнізе пра рэв. дзейнасць свайго бацькі «Водбліск вогнішча» (1965), публіцыстыцы (кн. «Як слова наша адгукнецца...», апубл. 1985) і інш. роздум пра лёс пакалення і сувязь часоў, рэвалюцыю і грамадз. вайну, паліт. рэпрэсіі. Сярод інш. твораў: раманы «Спатоленне смагі» (1963, аднайм. фільм 1965), аўтабіягр. аповесць «Час і месца» (1981, не завершана), зб-кі апавяданняў і нарысаў на спарт. тэмы «У канцы сезона» (1961), «Факелы на Фламініо» (1965), «Гульні прыцемкам» (1970), сцэнарый фільма «Хакеісты» (1965). На бел. мову аповесць Т. «Папярэднія вынікі» пераклаў А.​Жук, апавяданне «Смерць у Сіцыліі» У.​Шахавец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1985—87;

Избранное. Мн., 1983.

Літ.:

Иванова Н.Б. Проза Юрия Трифонова. М., 1984;

Оклянский Ю.М. Юрий Трифонов: Портрет-воспоминание. М., 1987.

Ю.В.Трыфанаў.

т. 16, с. 8

ТРЫФО́РЫУМ, трыфорый (позналац. triforium ад лац. tri- у складаных словах — тры + foris дзверы, уваход) у архітэктуры,

трохчасткавае аркаднае акно або арачны праём. Характэрны для зах.-еўрап. архітэктуры раманскага і гатычнага стыляў, дзе Т. таксама наз. ў культавых збудаваннях вузкія галерэі над бакавымі нефамі, адкрытыя ў цэнтральны трайнымі ці двайнымі арачнымі праёмамі; часам аркі Т. выконвалі толькі дэкар. функцыю (сцен за імі няма). Т.-вокны пашыраны ў 19 — пач. 20 ст. ў пабудовах стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус., мадэрн. Аздабляліся архівольтамі, вітражамі. Прасценкі паміж праёмамі Т. вырашаліся ў выглядзе невысокіх калон з базамі і ажурнымі капітэлямі. Часам завяршэнне Т. аздаблялася ляпной арнаментыкай. Матывы Т. выкарыстоўваліся і ў 1950-я г.

Трыфорыум.
Трыфорыум на фасадзе касцёла Сымона і Алены (Чырвонага) у Мінску.

т. 16, с. 8

ТРЫФТО́НГ (ад грэч. tri трох + phthongos голас, гук),

складаны галосны гук, які ўключае тры элементы, што ўтвараюць адзін склад. Характэрны пераважна для моў, якія маюць дыфтонгі. Звычайна маюць такую ж працягласць, што і дыфтонг. Найб. вывучаны Т. англ. мовы.

т. 16, с. 8

ТРЫХАГРА́МЫ (Trichogramma),

род насякомых сям. трыхаграматыдаў надсям. хальцыд падатр. паразітычных сцяблістабрухіх перапончатакрылых. Каля 60 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі трапляюцца Т.: звычайная, або жоўтая ці хваёвая (T. evanescens), лясная (T. embryophagum), пладовая (T. pallida).

Даўж. да 0,9 мм. Афарбоўка ад бледна-жоўтай да цёмна-бурай. 2 пары празрыстых крылаў. Вочы чырвоныя. Брушка вельмі рухомае, з яйцакладам на канцы. Самка адкладвае яйцы ў яйцо інш. насякомага ці павука, дзе яны развіваюцца. Развіццё з поўным ператварэннем. Некалькі пакаленняў за год. Дарослыя кормяцца нектарам кветак. Разводзяць Т. як сродак біял. барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.

Трыхаграмы: 1 — імага; 2 — самка заражае яйцо капуснай соўкі; 3 — заражаныя яйцы соўкі.

т. 16, с. 8

ТРЫХАМАНА́ДЫ (ад грэч. trichoma валасы),

род прасцейшых атр. трыхаманадыд падтыпу жгуцікавых. Некалькі дзесяткаў відаў. Паразіты жывёл (малпаў, коней, кароў і інш.), таксама чалавека.

Даўж. 5—40 мкм. На пярэднім канцы цела 3—5 свабодных жгуцікаў, адзін жгуцік праходзіць уздоўж цела і злучаецца з яго паверхняй ундуліруючай мембранай. 1 ядро. Рухомыя. Размнажэнне падоўжаным дзяленнем. Пад уздзеяннем неспрыяльных умоў Т. прымаюць шарападобную форму. Кормяцца бактэрыямі ўсёй паверхняй цела. Выклікаюць трыхаманоз.

Трыхаманада ангуста: 1 — ундуліравальная мембрана; 2 — адзін з пярэдніх жгуцікаў; 3 — ядро; 4 — задні жгуцік.

т. 16, с. 9

ТРЫХАМАНО́З, трыхаманіяз,

інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл, якая выклікаецца трыхаманадамі. У чалавека крыніца інфекцыі — хворыя на Т. і паразітаносьбіты (заражэнне адбываецца пераважна палавым шляхам). Адносіцца да венерычных хвароб. Найчасцей бывае Т. похвы (трыхаманадны кальпіт у жанчын) і Т. мочаспускальнага канала (трыхаманадны урэтрыт у мужчын). Адрозніваюць Т. востры, падвостры, хранічны. Асн. прыкметы: белі, сверб, набраканне слізістай абалонкі, частае мочаспусканне, агульная слабасць. У мужчын часта працякае бессімптомна. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл найб. пашыраны Т. палавых органаў буйн. раг. жывёлы, свіней, птушак. Заражаюцца пераважна пры спароўванні або штучным асемяненні.

т. 16, с. 9

ТРЫХАМІЦЭ́ТЫ (Trichomycetes),

клас грыбоў. Сістэм. становішча недастаткова высветлена. 2 парадкі: амёбідыевыя і экрынавыя. 60—100 відаў. Трапляюцца ў кішэчніку, страўніку, на анальных пласцінках водных і наземных членістаногіх. Магчыма, многія з іх не паразіты, а аблігатныя (абавязковыя) каменсалы, што харчуюцца з навакольнага асяроддзя ў кішэчніку ці страўніку членістаногага (гл. Каменсалізм).

Слаявіна (даўж. да 1 см) у выглядзе шмат’ядзерных, простых, несептаваных або галінастых септаваных нітак, прымацаваных да субстрату спец. клеткай. Пры бясполым размнажэнні канцавыя сегменты нітак ператвараюцца ў спарангіі. Некат. Т. не ўтвараюць спор, іх слаявіны распадаюцца на аідыі. Пры палавым працэсе адбываецца зліццё адасобленых у ніткі пратапластаў або ядраў з утварэннем таўстасценнай зіготы.

С.​І.​Бельская.

т. 16, с. 9

ТРЫХАСТРАНГІ́ЛЫ,

паразітычныя чэрві сям. трыхастрангілідаў кл. круглых чарвей. Паразіты страўніка і тонкіх кішак пазваночных жывёл, радзей чалавека.

Дробныя, ніткападобнай формы. Даўж. цела 3—6 мм. шыр. 0,04—0,8 мм. Самцы звычайна меншыя за самак. Развіваюцца простым шляхам. З кішэчніка яйцы Т. з фекаліямі жывёл выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе, дзе з іх развіваюцца лічынкі. Пасля 2 лінек лічынкі становяцца інвазійнымі, здольнымі да міграцыі ў глебе, на раслінах. Выклікаюць трыхастрангілёз.

Трыхастрангілы: 1 — самец; 2 — самка.

т. 16, с. 9

ТРЫХАФІТЫ́Я [ад грэч. thrix (trichos) волас + phyton расліна],

трыхафітоз, інфекцыйная хвароба птушак, жывёл і чалавека, якая выклікаецца паразітычнымі грыбкамі з роду трыхафітон. Раней Т., як і мікраспарыю, наз. «стрыгучы лішай».

У чалавека адрозніваюць паверхневую і глыбокую формы Т. Прыкметы паверхневай падобныя з прыкметамі мікраспарыі, пры глыбокай на целе і валасістай ч. галавы ўзнікаюць падобныя на нарывы балючыя ўтварэнні, бывае ўстойлівае аблысенне. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце з хворым на Т., праз бялізну, адзенне і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл да Т. найб. успрымальны маладняк буйн. раг. жывёлы.

т. 16, с. 10

ТРЫХАЦЭФАЛЁЗ [ад грэч. thrix (trichos) волас + kefalē галава],

глісная хвароба свойскіх і дзікіх жывёл, чалавека, што выклікаецца нематодамі роду трыхацэфалюс. Пашыраны ўсюды, асабліва сярод свіней і жвачных. Узбуджальнікі — воласагаловы. З экскрэментамі іх яйцы трапляюць у глебу. Жывёлы заражаюцца праз корм і ваду; чалавек — пры спажыванні ягад, садавіны, агародніны, забруджаных яйцамі ўзбуджальніка. У жывёл адзначаюць залежванне, уздыбленасць шчаціння, паносы, кроў у фекаліях. Прыкметы Т. ў чалавека: галаўны боль, запоры або паносы, нерв. расстройствы. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 16, с. 10