ТРЫХАМІЦЭ́ТЫ (Trichomycetes),
клас грыбоў. Сістэм. становішча недастаткова высветлена. 2 парадкі: амёбідыевыя і экрынавыя. 60—100 відаў. Трапляюцца ў кішэчніку, страўніку, на анальных пласцінках водных і наземных членістаногіх. Магчыма, многія з іх не паразіты, а аблігатныя (абавязковыя) каменсалы, што харчуюцца з навакольнага асяроддзя ў кішэчніку ці страўніку членістаногага (гл. Каменсалізм).
Слаявіна (даўж. да 1 см) у выглядзе шмат’ядзерных, простых, несептаваных або галінастых септаваных нітак, прымацаваных да субстрату спец. клеткай. Пры бясполым размнажэнні канцавыя сегменты нітак ператвараюцца ў спарангіі. Некат. Т. не ўтвараюць спор, іх слаявіны распадаюцца на аідыі. Пры палавым працэсе адбываецца зліццё адасобленых у ніткі пратапластаў або ядраў з утварэннем таўстасценнай зіготы.
С.І.Бельская.
т. 16, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)