ТРЫ́ФАНАЎ Юрый Валянцінавіч (28.8.1925, Масква — 28.3.1981),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1949). Друкаваўся з 1947. Раманы «Студэнты» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Нецярплівасць» (1973) пра нарадавольцаў. У «маскоўскіх» псіхал. аповесцях «Абмен» (1969), «Іншае жыццё» (1975), «Дом на набярэжнай» (1976), «Стары» (1978), дакумент.-мемуарнай кнізе пра рэв. дзейнасць свайго бацькі «Водбліск вогнішча» (1965), публіцыстыцы (кн. «Як слова наша адгукнецца...», апубл. 1985) і інш. роздум пра лёс пакалення і сувязь часоў, рэвалюцыю і грамадз. вайну, паліт. рэпрэсіі. Сярод інш. твораў: раманы «Спатоленне смагі» (1963, аднайм. фільм 1965), аўтабіягр. аповесць «Час і месца» (1981, не завершана), зб-кі апавяданняў і нарысаў на спарт. тэмы «У канцы сезона» (1961), «Факелы на Фламініо» (1965), «Гульні прыцемкам» (1970), сцэнарый фільма «Хакеісты» (1965). На бел. мову аповесць Т. «Папярэднія вынікі» пераклаў А.Жук, апавяданне «Смерць у Сіцыліі» У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1985—87;
Избранное. Мн., 1983.
Літ.:
Иванова Н.Б. Проза Юрия Трифонова. М., 1984;
Оклянский Ю.М. Юрий Трифонов: Портрет-воспоминание. М., 1987.