ТРЫФО́РЫУМ, трыфорый (позналац. triforium ад лац. tri- у складаных словах — тры + foris дзверы, уваход) у архітэктуры,
трохчасткавае аркаднае акно або арачны праём. Характэрны для зах.-еўрап. архітэктуры раманскага і гатычнага стыляў, дзе Т. таксама наз. ў культавых збудаваннях вузкія галерэі над бакавымі нефамі, адкрытыя ў цэнтральны трайнымі ці двайнымі арачнымі праёмамі; часам аркі Т. выконвалі толькі дэкар. функцыю (сцен за імі няма). Т.-вокны пашыраны ў 19 — пач. 20 ст. ў пабудовах стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус., мадэрн. Аздабляліся архівольтамі, вітражамі. Прасценкі паміж праёмамі Т. вырашаліся ў выглядзе невысокіх калон з базамі і ажурнымі капітэлямі. Часам завяршэнне Т. аздаблялася ляпной арнаментыкай. Матывы Т. выкарыстоўваліся і ў 1950-я г.
Трыфорыум.Трыфорыум на фасадзе касцёла Сымона і Алены (Чырвонага) у Мінску.