Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГА́РАЛЬД II

(Harold II; ?—14.10.1066),

апошні англасаксонскі кароль Англіі (студз.кастр. 1066). Фактычна правіў краінай з 1053. Выбраны каралём 6.1.1066. 25.9 1066 разбіў войскі нарв. караля Гаральда III. Загінуў у бітве з нарманамі пад Гастынгсам.

т. 5, с. 49

ГАРАМЫ́КІНА Вера Іванаўна

(н. 14.7.1920, Іванаўскія хутары, Яраслаўская вобл., Расія),

гісторык антычнасці. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1990). Скончыла Яраслаўскі пед. ін-т (1948). З 1952 у Віцебскім, з 1954 у Магілёўскім пед. ін-тах, з 1957 у Кабардзіна-Балкарскім ун-це. З 1961 у БДУ, у 1962—92 у Мінскім пед. ін-це. З 1993 жыве ў г. Рыбінск. Даследуе гісторыю раннякласавых грамадстваў і пераходны перыяд ад антычнасці да сярэднявечча. Аўтар дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ па гісторыі стараж. свету.

Тв.:

К проблеме истории докапиталистических обществ (на материале Древней Руси). Мн., 1970;

В поисках истины о раннем христианстве. Мн., 1989;

Возникновение собственности на землю. Мн., 1991.

т. 5, с. 49

ГАРА́НІН Анатоль Іванавіч

(н. 27.5.1923, в. Чартовічы Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1982). Скончыў Бежыцкі ін-т трансп. машынабудавання (1951). У 1959—62 1-ы сакратар Гродзенскага гаркома КПБ. У 1967—73 дырэктар праектна-тэхнал. ін-та «Белбыттэхпраект», адначасова генеральны дырэктар НВА «Белбыттэхніка». У 1976—88 у Бел. дзярж. ін-це нар. гаспадаркі. У 1991—93 у Акадэміі кіравання пры СМ Беларусі. Навук. працы па праблемах паскарэння, навук.-тэхн. прагрэсу, асаблівасцях развіцця рыначнай эканомікі ў Беларусі.

Тв.:

Технический прогресс и экономика предприятий бытового обслуживания. Мн., 1974;

Бытовые услуги при социализме. Мн., 1977.

т. 5, с. 49

ГАРА́НІН Анатоль Мікалаевіч

(20.11.1898, г. Магілёў — 16.9.1970),

генерал-лейтэнант артылерыі (1944). Скончыў артыл. школу (1923). Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну нач. упраўлення проціпаветр. абароны, нам. камандуючага артылерыяй па ППА Карэльскага і Паўд.-Зах. франтоў, удзельнік абароны Сав. Запаляр’я. У снеж. 1943 — вер. 1946 нам. Нач. Цэнтр. штаба войск ППА Сав. Арміі.

т. 5, с. 49

ГАРА́НІН Лявонцій Якаўлевіч

(н. 18.6.1926, с. Цеплякоўка Саратаўскай вобл., Расія),

бел. літаратуразнавец. Скончыў філас. ф-т Ленінградскага ун-та (1957). Канд. філал. н. (1981). З 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі. У друку выступае з 1974. Даследуе тэндэнцыі і заканамернасці літ. развіцця, пытанні ўзаемаўплыву розных літаратур, філас. аспекты бел. л-ры 19 — пач. 20 ст.

Тв.:

Философские искания в белорусской литературе. Мн., 1984;

На скрижалях истории. Мн., 1985;

Мемуарный жанр советской литературы: Ист.-теорет. очерк. Мн., 1986;

Поиск духовного единства. Мн., 1990.

т. 5, с. 49

ГАРА́НІНАЎ Павел Фёдаравіч

(1796, г. Магілёў — 21.10.1865),

рускі батанік-сістэматык, урач. Д-р медыцыны (1824), праф. (1832). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1820), выкладаў у ёй з 1825. Выказаў ідэю адзінства развіцця свету. Разглядаў сістэматыку раслін і жывёл у сувязі з іх эвалюцыяй. Стварыў арыгінальную сістэму развіцця расліннага і жывёльнага свету. Аўтар першай у Расіі працы па тэхн. мікалогіі: «Грыбы, цвілі і пылавікі ў медыка-паліцэйскіх і іншых адносінах» (1848).

Літ.:

Русские ботаники: Биографо-библиогр. словарь. Т. 3. М., 1950.

т. 5, с. 49

ГАРА́НСКІ Георгій Канстанцінавіч

(н. 26.12.1912, г. Казань, Расія),

бел. вучоны ў галіне машыназнаўства і тэхн. кібернетыкі. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р тэхн. н. (1968), праф. (1969). Скончыў БПІ (1938). Арганізатар і першы дырэктар Ін-та машыназнаўства і аўтаматызацыі і Ін-та тэхнічнай кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па аўтаматызацыі канструявання і тэхнал. праектавання. Распрацаваў тэарэт. асновы, метады і алгарытмы мадэлявання і аўтаматызаванага праектавання тэхнал. працэсаў у машынабудаванні.

Тв.:

Элементы теории автоматизации машиностроительного проектирования с помощью вычислительной техники. Мн., 1970 (у сааўт.);

Автоматизированные системы технологической подготовки производства в машиностроении. М., 1976 (у сааўт);

Технологическое проектирование в комплексных автоматизированных системах подготовки производства. М., 1981 (разам з Э.І.Бендзеравай).

М.П.Савік.

т. 5, с. 49

ГАРА́НТЫІ І КАМПЕНСА́ЦЫІ працоўныя, парадак і меры забеспячэння аховы працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў, прадугледжаныя заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь устаноўлены: парадак замацавання месца работы (пасада) для работнікаў, выбраных на выбарныя пасады ў дзярж. органах, а таксама на час выканання дзярж., грамадскіх або воінскіх абавязкаў (з захаваннем сярэдняга заработку), пры накіраванні для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, пры часовай непрацаздольнасці, пры накіраванні на абследаванне ў мед. ўстановы, пры рабоце па ўкараненні вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў і ў інш. выпадках; гарантыйныя выплаты пры накіраванні ў службовыя камандзіроўкі і пераездзе на работу ў інш. мясцовасці; кампенсацыя за амартызацыю трансп. сродкаў, абсталявання, інструментаў і прыстасаванняў, якія належаць работніку. Закон прадугледжвае таксама выпадкі абмежаванай матэрыяльнай адказнасці работніка за страты, прычыненыя па яго віне наймальніку, а таксама абмяжоўвае магчымасці і памеры ўтрыманняў з заработнай платы. Пры кожнай выплаце зарплаты агульны памер усіх утрыманняў не можа перавышаць 20%, а ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных заканадаўствам, — 50% зарплаты. Не дапускаюцца ўтрыманні з выхадной дапамогі, кампенсацыйных і інш. выплат, на якія паводле заканадаўства не накіроўваецца спагнанне.

Г.А.Маслыка.

т. 5, с. 49

ГАРА́НТЫІ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫЯ,

сістэма прававых сродкаў, устаноўленых законам для забеспячэння належнага выканання правасуддзя і ажыццяўлення задач судаводства па крымін. і цывільных справах. Дакладнае захаванне гарантый працэсуальных — неабходная ўмова вынясення судом законнага і справядлівага рашэння (прыгавору) па справе. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь дае магчымасць усім удзельнікам суд. працэсу рэалізаваць свае абавязкі і выкарыстаць нададзеныя ім правы. Асобы, якія прымаюць удзел у справе, могуць рэалізаваць свае правы асабіста ці пры дапамозе адвакатаў, законных прадстаўнікоў і інш.

т. 5, с. 49

ГАРА́НТЫІ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ,

матэрыяльныя і прававыя сродкі, якія забяспечваюць рэалізацыю сац.-эканам. правоў членаў грамадства — права на працу, адпачынак, жыллё, адукацыю, мед. дапамогу, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. Матэрыяльнай асновай большасці відаў гарантый сацыяльных з’яўляюцца сац. фонды дзяржавы і прадпрыемстваў — частка нац. даходу, што накіроўваецца на сац. забеспячэнне і на задавальненне на бясплатнай ці льготнай аснове патрэб членаў грамадства ў адукацыі, ахове здароўя і інш. Мэтавыя выплаты з сац. фондаў (пенсіі, дапамогі і інш.) спрыяюць змяншэнню розніцы ў даходах сем’яў, якія ўзнікаюць у выніку іх рознага памеру і складу. Размеркаванне бясплатных ці льготных жыццёвых даброт з сац. фондаў зыходзіць з прынцыпу сапраўднай патрэбы членаў грамадства ў гэтых дабротах і накіравана на забеспячэнне сацыяльна гарантаванага ўзроўню задавальнення такіх патрэб. У сацыяліст. краінах з нацыяналізаванай уласнасцю і планавай гаспадаркай, у т. л. ў Беларусі, у 1950—80-х г. былі дасягнуты поспехі ў рэалізацыі гарантый сацыяльных, у прыватнасці ў сферы клопатаў аб састарэлых, мацярынстве і дзяцінстве. Разбурэнне планавай гаспадаркі і рух да свабоднай рыначнай эканомікі рэзка аслабілі дзейнасць гарантый сацыяльных, іх уплыў на жыццёвае становішча асн. часткі насельніцтва. Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаваны гарантыі сацыяльныя: на ахову здароўя, сац. забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, страты працаздольнасці, страты карміцеля і інш.

т. 5, с. 50