Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ганчаронак Ігар Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 368

ГАНЧАРО́Ў Андрэй Аляксандравіч

(н. 2.1.1918, в. Сініцы, Зарайскі р-н Маскоўскай вобл.),

рускі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1977). Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1941). Працаваў у маскоўскіх т-рах Сатыры (1944—51), імя Ярмолавай (1951—58), з 1958 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра, з 1967 — т-ра імя У.Маякоўскага. Творчасці Ганчарова характэрныя яркая, энергічная рэжысура, імкненне да абвастрэння канфліктаў, выяўлення патаемных спружын драм. дзеяння: «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса (1970), «Гутаркі з Сакратам» Э.Радзінскага (1975), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» паводле М.Ляскова (1979), «Захад сонца» І.Бабеля (1988) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1977, 1984.

т. 5, с. 33

ГАНЧАРО́Ў Андрэй Дзмітрыевіч

(22.7.1903, Масква — 1979),

рускі графік. Нар. мастак РСФСР (1973). Вучыўся ў Маскве ў прыватных студыях, у Дзярж. вольных маст. майстэрнях і Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. ін-це (1918—27) у І.Машкова, А.Шаўчэнкі, У.Фаворскага. Выкладаў у Маск. паліграфічным ін-це (1930—34, 1948—79). Адзін з заснавальнікаў т-ва станкавістаў (1925). Для графікі Ганчарова (у асн. ксілаграфіі) характэрны цесная ўзаемасувязь усіх элементаў маст. афармлення кнігі, напружаная эмацыянальнасць зрокавага вобраза ілюстрацый, сакавітасць чорнабелых тонаў (іл. да «Прыгоды Перыгрына Пікля» Т.Смолета, 1934—35, 1955, твораў У.Шэкспіра, 1953—64; раманаў і аповесцей Ф.М.Дастаеўскага, 1969—71, і інш.). Працаваў таксама ў галіне станковага («С.Корань у ролі Меркуцыо», 1947), манум., тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Об искусстве графики. М., 1960;

Художник и книга. М., 1964.

Літ.:

Холоковская М.З. Андрей Гончаров. М., 1961.

т. 5, с. 33

ГАНЧАРО́Ў Віктар Канстанцінавіч

(н. 14.3.1939, с. Сакалоўка Растоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне лазернай фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў Варонежскі ун-т (1962). З 1965 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1979 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі пры БДУ. Навук. працы па фізіцы плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы. Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992.

Тв.:

Роль частиц материала мишени в динамике лазерного эрозионного факела // Инженерно-физ. журн. 1992. Т. 62, № 5.

т. 5, с. 33

ГАНЧАРО́Ў Іван Аляксандравіч

(18.6.1812, г. Сімбірск, цяпер г. Ульянаўск, Расія — 27.9.1891),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). Служыў у Мін-ве фінансаў, быў цэнзарам Пецярбургскага цэнзурнага к-та (1855—60), гал. рэдактарам газ. «Северная почта» (1862—63) і інш. У ранніх аповесцях «Ліхая болесць» (1838) і «Шчаслівая памылка» (1839) адчуваецца ўплыў пушкінскай і гогалеўскай прозы. У аснове першага рамана «Звычайная гісторыя» (1847) сутыкненне марнай летуценнасці правінцыяльнага дваранства з практыцызмам бурж. дзелавітасці, якая і перамагае. У 1852—54 прыняў удзел у экспедыцыі на ваен. фрэгаце «Палада» ў якасці сакратара адмірала Я.В.Пуцяціна. Яго пуцявыя нататкі, напісаныя з трапнай назіральнасцю, дасціпным гумарам і яскравай мовай, склалі цыкл нарысаў «Фрэгат «Палада» (1858). У рамане «Абломаў» (1859) Ганчароў вывеў вельмі характэрны тып рас. дваранства, жыццё якога няўмольна паглынаецца прыгонніцкім укладам, што падпарадкоўвае не толькі грамадскія адносіны, але і лёс асобнага чалавека. «Абломаўшчына» стала абагульняльным паняццем для такіх з’яў жыцця, як бяздзейнасць, марнатраўства, разлад паміж словам і справай. Своеасаблівую трылогію рус. жыцця 1840—60-х г. завяршае раман «Абрыў» (1869), прысвечаны лёсу новага пакалення, што шукае свайго шляху ў жыцці. У творах Ганчарова глыбінныя фундаментальныя працэсы — разбурэнне патрыярхальнага ўкладу і непазбежная замена яго новым стылем жыцця, новымі адносінамі — перадаюцца праз сутыкненне характараў герояў, кожны з якіх з’яўляецца носьбітам сваёй праўды. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Мільён пакут» (1872), «Лепш позна, чым ніколі» (1879) і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены раманы Ганчарова «Абломаў» (1939) і «Звычайная гісторыя» (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1977—80.

Літ.:

Недзвецкий В.А. И.А.Гончаров — романист и художник. М., 1992.

Н.В.Галаўко.

т. 5, с. 33

ГАНЧАРО́Ў Мікола

(Мікалай Іванавіч; 8.5.1934, в. Заполле Віцебскага р-на — 25.11.1991),

бел. графік, мастацтвазнавец, пісьменнік. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1959). Працаваў на радыё, у ІМЭФ АН Беларусі, з 1963 гал. мастак Дзяржкамвыда Беларусі. Аформіў кнігі: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў» (1982), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984, усе разам з Г.М.Галубовічам), «Беларускія мастакі пра Вялікую Айчынную вайну» (1985; складальнік і аўтар тэксту), «Беларуская кніжная графіка» (1987), «Беларускі палітычны плакат» (1989; складальнік і аўтар тэксту, з Галубовічам) і інш. У творчасці відавочны асэнсаванне лепшых здабыткаў сусв. кнігамастацтва, сувязь з нац. маст. традыцыямі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Аўтар зб-каў вершаў і казак «Веснавая завязь» (1962), «Мішка-пілот» (1966), «Карусель» (1971), «Касмалёт» (1979), «Зямля ў квецені» (1983), «Касманаўтам быць хачу» (1984) і інш., мастацтвазнаўчых даследаванняў пра бел. мастакоў.

Тв.:

К.М.Касмачоў. Мн., 1970;

Г.Г.Паплаўскі. Мн., 1974;

А.М.Кашкурэвіч. Мн., 1976;

Мастацтва мужнасці і гераізму. Мн., 1976;

С.Р.Раманаў. Мн., 1979;

Васіль Шаранговіч. Мн., 1981;

Праздники: Стихи. Мн., 1982.

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 33

ГАНЧАРО́Ў Якаў Ігнатавіч

(5.4.1914, в. Казлоўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.3.1982),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Нерчынскую школу малодшых авіяспецыялістаў (1937). У Чырв. Арміі з 1931. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол (1939). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах. 24.6.1941 бамбіў варожыя войскі на шашы Гродна—Маладзечна. Удзельнік вызвалення Харкава, Кіева, Гомеля, Бабруйска, Мінска, Брэста, баёў на тэр. Германіі. Нач. сувязі авіяэскадрыллі ст. лейтэнант Ганчароў зрабіў 221 баявы вылет на разведку і бамбардзіроўку ваен. аб’ектаў праціўніка. Да 1954 у Сав. Арміі.

т. 5, с. 34

Ганчароў Віл Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 368

ГАНЧА́РСТВА,

выраб рэчаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога характару з гліны. Вядома многім народам свету як адно з найстараж. рамёстваў. На тэр. Беларусі пач. форма ганчарства з ручной фармоўкай вырабаў і абпалам на вогнішчы вядома з часоў неаліту. З пашырэннем ганчарнага круга (10 ст.) і ганчарнага горна вылучылася ў спецыялізаванае рамяство, якое дасягнула росквіту ў 16—18 ст. У многіх бел. гарадах (Мінск, Брэст, Гродна, Полацк, Віцебск, Слуцк, Капыль, Камянец, Клецк, Стрэшын, Мір, Шклоў, Дзісна) дзейнічалі самаст. ці аб’яднаныя з іншымі ганчарныя цэхі, якія выраблялі посуд, кафлю, дробную пластыку. Вырабы цэхавага рамяства, у якіх нярэдка адчуваўся ўплыў зах.-еўрап. маст. стыляў, аздабляліся штампаваным, прадрапаным ці ляпным дэкорам, ангобнай размалёўкай, у большасці выпадкаў глазураваліся. У 19 ст. цэхавая вытв-сць заняпала, ганчарства становіцца пераважна сельскім рамяством. У канцы 19—1-й пал. 20 ст. на Беларусі вядома больш за 200 асяродкаў ганчарства.

Асн. прылада для фармавання ганчарных вырабаў — ганчарны круг, падсушаныя вырабы абпальвалі ў горне. Асартымент вырабаў вызначаўся гасп. патрэбамі. Выраблялі посуд для гатавання ежы (гаршкі, макотры, латушкі, пражэльнікі, рынкі, формы), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы), сталовы посуд (збаны, талеркі, міскі, кубкі, маслёнкі), рэчы штодзённага ўжытку (рукамыйнікі, паілкі), утылітарна-дэкар. посуд (вазоны, вазы, букетнікі, фігурны посуд), ляпілі таксама дробную пластыку і цацкі. Самастойным рамяством, пераважна гарадскім, была вытв-сць кафлі. У цэлым узоры бел. нар. ганчарства вызначаюцца простымі выразнымі формамі, у аснове — шар, цыліндр, конус. Дэкор абмяжоўваўся звычайна сціплымі хвалістымі і прамымі паяскамі (стараж. сімвал вады), выціснутымі завостранай палачкай на плечуках посуду ў час яго фармоўкі на крузе ці нанесенымі вадка разведзенай глінай іншага колеру (ангобам). Ганчарны посуд Падняпроўя вызначаецца стройнасцю і вытанчанасцю формаў, плаўнымі S-падобнымі абрысамі (гл. Бабінавіцкая кераміка, Благаўская кераміка, Дубровенская кераміка). На Пн Беларусі формы посуду масіўныя, устойлівыя, гарлавіны яго нібы раздаюцца ў бакі (гл. Дзісенская кераміка), нярэдка вырабы дзеля трываласці абгортвалі стужкамі бяросты, што надавала ім дадатковы дэкар.-маст. эфект. Ганчары паўд.-зах. Беларусі аддавалі перавагу прысадзістым шарападобным формам, на якія нібы насаджаны цыліндрычныя гарлавіны (гл. Гараднянская кераміка, Пружанская кераміка). Дэкар. якасці вырабаў залежалі таксама ад спосабаў хімікатэрмічнай апрацоўкі. Чорна-карычневымі плямамі на светлай тэракотавай паверхні вызначалася гартаваная кераміка, характэрная для архаічных вясковых асяродкаў ганчарства пераважна паўн.-зах. Беларусі. Гарманічнасць формаў і дэкору ў выглядзе палосак, сеткі, елачкі характэрна для чорнаглянцаваных вырабаў паўд.-зах. Беларусі (Пружаны, Ружаны Пружанскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на, Мір Карэліцкага р-на). Кантрастам маляўнічых падцёкаў палівы карычневага, зялёнага, жоўтага колераў на светлым тэракотавым фоне чарапка вылучаліся глазураваныя вырабы. Ангобны дэкор, характэрны для вырабаў некат. асяродкаў ганчарства (Бабінавічы Лёзненскага р-на, Ракаў, Івянец Валожынскага р-на), быў сціплы і рэдка пераходзіў у стадыю ручной адвольнай размалёўкі (гл. Ракаўская кераміка).

У 1920—50-я г. ў многіх асяродках ганчарства былі створаны ганчарныя арцелі. У 1960-я г. адны з іх спынілі сваю дзейнасць, іншыя былі пераўтвораны ў дзярж. прадпрыемствы (гл. ў арт. Івянецкая кераміка). З сярэдзіны 20 ст. з насычэннем рынку прамысл. прадукцыяй традыц. ганчарства стала інтэнсіўна скарачацца. У наш час большасць ганчарных вырабаў страціла утылітарнае прызначэнне і выконвае пераважна дэкар.-маст. функцыі. Традыц. посуд нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, вазоны) вырабляюць у некат. асяродках ганчарства, у ганчарных цэхах паасобных камбінатаў буд. матэрыялаў. На вытв-сці ганчарных вырабаў утылітарна-дэкар. і маст. прызначэння спецыялізуецца аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка» з прадпрыемствамі ў Івянцы, Радашковічах і Мазыры. З мэтай адраджэння традыц. ганчарства праведзены абласныя святы «Ганчарны круг — 95» у Обалі Шумілінскага р-на, «Ганчарны звон» у Любані (1996), рэспубліканскае свята «Ганчарны круг—96» у Бачэйкаве Бешанковіцкага р-на.

Літ.:

Милюченков С.А. Белорусское народное гончарство. Мн., 1984;

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;

Здановіч Н.І., Трусаў А.А. Беларуская паліваная кераміка XI—XVIII стст. Мн., 1993.

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 34

ГАНЧАРУ́К Уладзімір Іванавіч

(н. 6.7.1961, пас. Качубееўка Стаўрапольскага краю, Расія),

бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1989). У 1991—94 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. З 1994 у Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанры тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта. Філас. разважанні аб шматграннасці жыцця, свой духоўны, эстэт. ідэал Ганчарук выяўляе праз зварот да міфалагічных сюжэтаў, легендаў, паданняў. Сярод твораў: «Казачніца» (1985), «Лістапад», «Забыты Бог», «Прадказальнік» (усе 1988), трыптых «Датычнасць» (1989), «Знак зацьмення» (1991), «Адзінокая зорка», «Тэсей і мінатаўр» (абедзве 1992), «Блаславенне» (1993), «Жнівень», «Распяцце», «Зварот», «Усім самотным» (усе 1994), «Прэлюдыя ночы», серыя «Цыганскі барон» (усе 1996).

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 35