Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАРНАСТА́Й

(Mustela erminea),

млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).

Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.

т. 5, с. 66

ГАРНЕРЭ́Н

(Garnerin),

сям’я французскіх паветраплавальнікаў і парашутыстаў. Андрэ Жак (31.1.1769, Парыж — 18.8.1823), пілот паветранага шара і парашутыст. Ажыццявіў шэраг паветр. палётаў у Еўропе, у т. л. першыя паветр. палёты ў Расіі (1803, Пецярбург, Масква). Выкарыстаў паветр. шар у ваен. мэтах у час франц. рэв. войнаў (1794). Ажыццявіў першы ў свеце скачок з парашутам з вышыні каля 600 м (1797, Парыж), потым з вышыні 2400 м (1802, Англія). Жан Батыст Аліўе (1775, Парыж — 1846), брат Андрэ Жака, вынаходнік і парашутыст. Удасканаліў парашут брата: паменшыў яго масу і павялічыў грузападымальнасць. Вынайшаў паплаўковы парашут для скачкоў у ваду. Жанна Жэнеўева (1775—1846), жонка Андрэ Жака, першая жанчына паветраплавальніца і парашутыстка.

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 66

ГА́РНЕЦ,

1) старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ быў прыняты да карыстання гарней малы (шынковы), роўны 2,8237 л, і гарнец вялікі (цэхавы), у два разы большы (5,6474 л). У 19 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер карысталіся гарнцам, роўным 3,2798 л.

2) Пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці).

т. 5, с. 67

ГАРНІ́,

старажытнаармянскія крэпасць і паселішча за 27 км на У ад Ерэвана. Засн. каля 2 ст. да н.э. на месцы энеалітычнага паселішча. Да 5 ст. н.э. была летняй рэзідэнцыяй арм. цароў. Існавала і ў сярэднія вякі (зруйнаваная землетрасеннем 1679). Захаваліся руіны крапасной сцяны, вежаў, палаца з параднай залай, вінаробняй і лазняй з мазаічнай падлогай (2—3 ст.), язычніцкага храма (1 ст.; адноўлены ў 1975), круглага купальнага хрысц. храма (6 ст.). У паселішчы пры крэпасці — базіліка (5 ст.), руіны шматлікіх арх. збудаванняў (4—17 ст.), надмагільныя пліты-хачкары.

т. 5, с. 67

ГАРНІЕРЫ́Т

(ад прозвішча Франц, геолага Ж.Гарнье),

мінерал класа сілікатаў, нікелевая разнавіднасць серпенціну (Ni, Mg)6 [Si4O10](OH)8. Мае нікелю да 2—5%. Прымесі жалеза, хрому, алюмінію, марганцу. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны канкрэцыі, нацёчныя агрэгаты, шчыльныя, порыстыя і зямлістыя масы. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск матавы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,3—2,8 г/см³. На паветры траціць ваду і рассыпаецца ў парашок. Трапляецца ў корах выветрывання ультраасноўных парод і серпенцінітаў. Састаўная ч. сілікатных нікелевых руд. Радовішчы ў Расіі, Казахстане, на в-ве Новая Каледонія.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 67

ГАРНІЗО́Н

(франц. garnison) 1) вайсковыя часці, ваенна-навуч. і інш. ваен. ўстановы, размешчаныя пастаянна ці часова ў пэўным населеным пункце або раёне з вызначанымі межамі. У гарнізоне назначаюць нач., яго намеснікаў, ваен. каменданта і інш. службовых асоб; арганізуюць гарнізонную і каравульную службы.

2) Войскі (падраздзяленні),

што абараняюць пэўны апорны пункт (напр., доўгатэрміновае абарончае збудаванне, крэпасць).

т. 5, с. 67

ГАРНІ́Р

(ад франц. garnir забяспечваць, упрыгожваць),

агародніна, макароны, кашы і падобнае, што дабаўляюць да рыбных і мясных страў.

т. 5, с. 67

ГАРНІТУ́Р

(франц. garniture),

набор, камплект прадметаў пэўнага прызначэння (напр., мэблевы гарнітур).

т. 5, с. 67

ГАРНІТУ́РА шрыфту, камплект друкарскіх шрыфтоў аднаго рысунка. У пэўнай гарнітуры шрыфты адрозніваюцца абрысам (прамы, курсіўны і інш.), рознымі памерамі — кеглем (тэкставыя ад 6-га — нанпарэль да 12-га — цыцэра, тытульныя і загаловачныя ад 14 да 48-га), насычанасцю (светлая, паўтлустая і інш.). Камплектнасць гарнітуры залежыць ад тыпу наборных працэсаў. Звычайна друкарні маюць некалькі дзесяткаў гарнітур — тэкставых, тытульных, акцыдэнтных (дэкаратыўных), афішна-плакатных. Ёсць гарнітура літаратурная, новая газетная, школьная, часопісная сечаная, акадэмічная, кудрашоўская энцыклапедычная, звычайная новая і інш. Гэты тэкст набраны гарнітурай таймс.

т. 5, с. 67

ГАРНО́Ў Цімафей Якаўлевіч

(1916, в. Асіпова Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 23.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з сак. 1942 на Паўн.-Зах. і 3-м Бел. франтах. Камандзір гарматы ст. сяржант Гарноў вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на левым беразе Нёмана ў Віцебскай вобл. і пасля фарсіравання р. Шашупе на тэр. Літвы пры адбіцці контратакі ворага. Загінуў у баі, на магіле помнік.

т. 5, с. 67