Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САСНО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 8 км на З ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,29 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 7,6 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,28 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, спадзістыя, разараныя, на ПнУ пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнУ тарфяныя. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, да 4—4,5 м укрыта апясчаненым ілам, глыбей гліністым ілам і сапрапелем. Уздоўж берагоў зарастае.

т. 14, с. 191

САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 3 км на ПдЗ ад р.п. Сасновы Бор. Адкрыта ў 1973, распрацоўваецца з 1973. Пл. нафтаноснасці 11 км². Паклады нафты прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону. Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны, паміж Давыдаўскім і Асташкавіцкім радовішчамі. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 2726—3291 м. Пароды-калектары — кавернава-порава-трэшчынныя даламіты і даламітызаваныя вапнякі. Нафта маласмалістая, маласярністая, парафінавая, шчыльн. 784—865 кг/м³. Пач. геал. запасы — 3,5 млн. т, здабываемыя — 1,4 млн. т.

І.​Р.​Захарыя.

т. 14, с. 191

САСНО́ЎСКІ (Аляксандр Цімафеевіч) (22.10.1923, в. Каралёў Стан Мінскага р-на —21.11.1996),

бел. вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Д-р мед. н. (1971), праф. (1972). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1951). З 1955 у БелНДІ скурных і венералагічных хвароб, з 1963 у Мінскім мед. ін-це (у 1970—86 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях эксперым. сіфілісу, тэрапіі герпесу, вострых прамянёвых дэрматытаў і хірургіі іх хранічных форм, дыягностыцы цяжкіх для распазнавання захворванняў скуры.

Тв.:

Лучевые дерматиты. Мн., 1974;

Дерматологический справочник. Мн., 1992 (разам з М.​З.​Ягоўдзікам).

т. 14, с. 191

САСНО́ЎСКІ (Леанід Адамавіч) (н. 25.7.1935, в. Палессе Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне прыкладной механікі, адзін з заснавальнікаў трыбафатыкі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1988). Засл. дз. нав. Беларусі (1998). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1958). З 1976 у Магілёўскім тэхнал. ін-це (з 1978 заг. кафедры), з 1980 у Бел. ун-це транспарту (у 1989—99 заг. кафедры). Навук. працы па буд. механіцы, супраціўленні матэрыялаў, тэорыі надзейнасці, механіцы стомленаснага разбурэння, тэарэт. асновы трыбафатыкі. Дзярж. прэмія Украіны 1997.

Тв.:

Статистическая механика усталостного разрушения. Мн., 1987;

Сопротивление усталости металлов и сплавов: Справ. Ч. 1—2. Киев, 1987 (разам з В.​Т.​Трошчанкам);

Трибофатика: О диалектике жизни. 2 изд. Гомель, 1999;

Износоусталостные повреждения и их прогнозирование (Трибофатика). Гомель, 2000 (у сааўт.).

т. 14, с. 191

САСТАЎНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, у якой рыфмуюцца не адно, а два і больш слоў, што стаяць у канцы радка. Узнікла ў фальклоры, найб. пашырана ў гумарыстычных творах:

Як зваліўся камар з высакосці
Паламаў, пакрышыў свае косці.

С.р. часта ўжываецца ў сучаснай бел. паэзіі («Перад падарожжам» А.​Куляшова, «Роздум» і «Казка» С.​Дзяргая, «Хочаш, вымыю кашулю, адзінокі хлопец?» Д.​Бічэль-Загнетавай, «Зазімак у Юрмале», «Кашуля Паўлюка Труса», «Нібы раўчук...» Р.​Барадуліна і інш.).

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 191

САСТАЎНО́Е ЯДРО́,

ядзерная сістэма, утвораная пры ядзернай рэакцыі ядром-мішэнню і часціцай, што наляцела на яго. Ядро няўстойлівае і распадаецца на канчатковыя прадукты рэакцыі праз кароткі час (сярэдні час жыцця ад 10​−22 да 10​−21 с). Уяўленне аб С.я. выказана Н.​Борам (1936).

Энергія, прынесеная часціцай, размяркоўваецца па ступенях свабоды С.я. У выніку стат. флуктуацый адна ці некалькі ядз. часціц могуць набыць энергію, дастатковую, каб пакінуць узбуджанае С.я. Гэты працэс падобны на працэс выпарэння вадкасці і вядзе да распаду С.я. (аналогія прапанавана Я.​І.​Фрэнкелем).

т. 14, с. 191

САСТАЎНЫ́ ЛІК,

натуральны лік, які мае дзельнікі, адрозныя ад 1 і самога сябе (не з’яўляецца простым). Любы С.л. адзіным спосабам раскладаецца на здабытак простых лікаў. Гл. таксама Падзельнасць.

т. 14, с. 192

САСУ́ДЗІСТЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

парушэнні функцый сасудзістай сістэмы, якія характарызуюцца стратай тургару ўсёй раслінай ці яе часткай. Прычыны: недахоп вільгаці ў глебе, парушэнне дзейнасці каранёвай сістэмы, мех. закупорванне праводнай сістэмы фітапатагеннымі грыбамі ці бактэрыямі і іх таксічным уплывам, утварэнне ў сасудах пузырападобных уздуццяў, камедзі. Выяўляюцца пасвятленнем жылак лісця, пабурэннем сасудаў, утварэннем прыдаткавых каранёў на сцёблах, некрозамі. На Беларусі найб. пашыраны трахеамікозы (вертыцылёзнае завяданне памідораў, фузарыёзнае завяданне лёну, бабовых, агароднінных раслін) і трахеабактэрыёзы (чорная ножка і кальцавая гніль бульбы, сасудзісты бактэрыёз капусты, бактэрыяльны рак памідораў). Гл. таксама Бактэрыяльныя хваробы раслін, Вертыцылёз, Фузарыёз.

Да арт. Сасудзістыя хваробы раслін. Вертыцылёзнае завяданне: 1 — сланечніку; 2 — перцу; 3 — сасудзісты бактэрыёз капусты; бактэрыяльнае завяданне: 4 — памідораў; 5 — тытуню; 6 — чорная ножка бульбы.

т. 14, с. 192

«САСУНЦЫ́ ДАВІ́Д»,

«Давід Сасунскі», гераічны эпас армянскага народа. Упершыню запісаны ў 1874 Г.​Срвандзцянам. Складаецца з 4 адгалінаванняў: «Санасар і Багдасар», «Мгер Старэйшы», «Сасунцы Давід» (гал.), «Мгер Малодшы».

Ствараўся на працягу стагоддзяў нар. казачнікамі-віпасанамі. На пачатку ўзнікнення ў аснове эпасу — паўстанне сялян 851 супраць зборшчыкаў даніны Арабскага халіфата ў Сасуне (Зах. Арменія). Гал. герой эпасу — Давід — мае некат. падабенства з кіраўніком паўстання. У эпасе знайшлі водгук і пазнейшыя гіст. падзеі. Асн. сюжэтная лінія — барацьба за вызваленне радзімы. Героі эпасу — носьбіты справядлівасці, мужнасці, гераізму, сапраўднага патрыятызму. «С.Д.» вызначаецца велічнасцю вобразаў, дынамізмам дзеяння, трапнасцю і лаканічнасцю мовы.

Публ.: Рус. пер. — Давид Сасунский. М., 1958.

Літ.:

Давид Сасунский: Юбилейный сб., посв. 1000-летию эпоса. Ереван, 1939;

Зарьян Н.Е. Давид Сасунский: Повесть по мотивам арм. эпоса. М., 1972.

т. 14, с. 192

САСЫККО́ЛЬ, Гнілое возера,

возера ў Сяміпалацінскай і Талды-Курганскай абл. Казахстана, на У ад воз. Балхаш. Размешчана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне на выш. 347 м. Пл. 736 км². Глыб. да 4,7 м. Плошча і глыбіня зменлівыя. Берагі нізінныя, ва ўсх. ч. моцна забалочаныя. Замярзае ў ліст., крыгалом у красавіку. Упадаюць рэкі Тэнтэк і Каракол; пратокай злучана з воз. Уялы. У мнагаводныя гады С. зліваецца з азёрамі Уялы і Алаколь у адзін вадаём. Рыбалоўства. Промысел андатры.

т. 14, с. 192