Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАНСЛАКА́ЦЫЯ (ад транс... + лац. locatio размяшчэнне),

тып храмасомнай перабудовы (мутацыі), пры якім адбываецца перанос участка храмасомы ў новае (незвычайнае) становішча ў той жа або другой храмасоме. Аснова Т. — абмен негамалагічнымі ўчасткамі храмасом (незакончаная рэкамбінацыя). Грубыя Т. прыводзяць да зніжэння жыццяздольнасці клеткі і ўсяго арганізма. Выяўляюцца цытагенет. метадамі.

Р.​Г.​Заяц.

т. 15, с. 507

ТРАНСЛЕЙТА́НІЯ (Transleithanien),

неафіцыйная назва тэр. на У ад р. Лейта, якая складала венг. частку Аўстра-Венгрыі (1867—1918). Уключала, акрамя ўласна Венгрыі, Харватыю, Славонію, Славакію, Трансільванію, Закарпацкую Украіну, Ваяводзіну, порт Рыека (Фіуме), якія таксама ўваходзілі ў склад Каралеўства венграў.

т. 15, с. 507

ТРАНСЛЯ́ТАР (ад лац. translator пераносчык) у інфарматыцы, праграма ЭВМ для перакладу (трансляцыі) праграм з зыходнай мовы праграмавання ў інш. (аб’ектную), напр., машынную мову. Бываюць 1-, 2- і шматпраходныя (праз трансліраваную праграму).

Трансляцыя праграм з дапамогай Т.-інтэрпрэтатара суправаджаецца выкананнем зыходнага алгарытму. Т.-кампілятар ажыццяўляе трансляцыю з машынна-незалежнай мовы праграмавання высокага ўзроўню на машынную мову (ці мову асэмблера); Т.-канвертар — з зыходнай мовы высокага ўзроўню. на аб’ектыўную мову высокага ўзроўню. Асн. функцыі Т. — аналіз (лексічны, сінтаксічны і семантычны) з кантролем тэксту зыходнай праграмы і сінтэз (генерацыя) аб’ектнай праграмы. У 1-праходных Т. яго функцыі выконваюцца за 1 прагляд тэксту праграмы. У 2-праходных — сінтаксічны аналізатар распазнае канструкцыі мовы і будуе адпаведныя элементы ўнутр. прадстаўлення, пасля чаго будуецца аб’ектная праграма. Шматпраходныя Т. будуюць больш эфектыўныя (па памерах, скорасці выканання ці па аб’ёме выкарыстанай памяці) аб’ектныя праграмы, а таксама выкарыстоўваюцца для аптымізацыі праграм для розных тыпаў ЭВМ. Такія Т. патрабуюцца і для некаторых моў праграмавання з-за складанасці сінтаксічнага і семантычнага аналізаў.

Літ.:

Грис Д. Конструирование компиляторов для цифровых вычислительных машин: Пер. с англ. М., 1975;

Касьянов В.Н., Поттосин И.В. Методы построения трансляторов. Новосибирск, 1986;

Ахо А., Сети Р., Ульман Дж. Компиляторы: Пер. с англ. М. и др., 2001.

М.​В.​Шкут.

т. 15, с. 507

ТРАНСЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. translatio перадача),

1) правядзенне пазастудыйных радыё- і тэлевізійных перадач з месца падзей (стадыёнаў, канцэртных залаў, тэатраў і інш.), а таксама перадача мясц. радыё- ці тэлевізійнай станцыяй праграм, атрыманых па каналах сувязі з інш. гарадоў.

2) Працэс прыёму эл. сігналаў і наступнай іх перадачы ў напрамку ад крыніцы да прыёмніка, што ажыццяўляецца на прамежкавых пунктах, напр., радыёрэлейнай сувязі.

3) Бытавая назва праваднога вяшчання.

4) Працэс пераўтварэння праграмы ЭВМ з мовы праграмавання ў праграму на аб’ектнай, напр., машыннай мове з дапамогай транслятара.

5) Перанос матэм. ці фіз. аб’екта паралельна самому сабе ў прасторы на некаторую адлегласць уздоўж прамой (восі Т.). Калі ў выніку Т. аб’ект супадае сам з сабой, то Т. з’яўляецца аперацыяй сіметрыі (гл. Сіметрыя крышталёў).

т. 15, с. 507

ТРАНСЛЯ́ЦЫЯ ў генетыцы,

сінтэз поліпептыдных ланцугоў бялкоў па матрыцы інфармацыйнай рыбануклеінавай кіслаты (іРНК) у адпаведнасці з генет. кодам; другі этап рэалізацыі генет. інфармацыі ў жывых клетках. У працэсе Т. інфармацыя пра спецыфічную будову будучага бялку, запісаная ў выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў у малекулах іРНК, пераводзіцца з нуклеатыднага кода ў пэўную паслядоўнасць амінакіслот у сінтэзуемых бялках. Адбываецца з дапамогай макрамалекулярнага комплексу, які складаецца (акрамя іРНК) з рыбасом, транспартных РНК (тРНК), аміна-ацыл-тРНК-сінтэтаз, бялковых фактараў пачатку (ініцыяцыі), падаўжэння, ці нарошчвання, поліпептыду (элангацыі), заканчэння (тэрмінацыі) і інш. Акрамя клетачных іРНК іх ролю ў працэсе Т. часам выконваюць вірусныя РНК, а таксама сінт. полінуклеатыды, якія выкарыстоўваюцца для вывучэння механізма біясінтэзу бялку. Гл. таксама Транскрыпцыя ў генетыцы.

Р.​Г.​Заяц.

т. 15, с. 507

ТРАНСМА́ГРЫБСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ,

шыротная 2-калейная чыг. магістраль: Маракеш—Уджда (Марока)—Сіды-Бель-Абес—Скікда (Алжыр)—Туніс—Габес (Туніс). Даўж. 1,9 тыс. км. Праходзіць уздоўж узбярэжжа Міжземнага м. Злучае парты краін Магрыба: Касабланка, Аран, Алжыр, Анаба, Туніс. Пабудавана ў 1920—30-я г.

т. 15, с. 507

ТРАНСМЕТЫЛА́ЗЫ,

ферменты, тое, што метылтрансферазы.

т. 15, с. 507

ТРАНСМЕТЫЛІ́РАВАННЕ,

ферментатыўная рэакцыя, тое, што пераметыліраванне.

т. 15, с. 507

ТРАНСМІСІ́ЙНАЕ МА́СЛА,

нафтавае ці сінт. змазачнае масла для закрытых зубчастых перадач (рэдуктараў) усіх відаў.

Вырабляюць на аснове нафтавага масла (звычайна сумесі высакавязкіх экстрактаў ад селекцыйнай ачысткі астаткавых масел з малавязкімі дыстылятамі) ці сінтэтычнага масла з дабаўленнем прысадак — процізадзірных (0,5—5% па масе), процізносных (1—3%), антыакісляльных (0,2—3%), проціпенных і інш.

Разнавіднасць Т.м. — гіпоіднае масла (для змазкі гіпоідных перадач), якое мае прысадкі, што хімічна ўзаемадзейнічаюць з матэрыялам і ўтвараюць злучэнні, якія выконваюць функцыю процізадзірных пакрыццяў. Адкрытыя зубчастыя перадачы змазваюць асабліва вязкімі астаткавымі нафтавымі масламі з прысадкамі.

т. 15, с. 507

ТРАНСМІСІ́ЎНЫЯ ХВАРО́БЫ (ад лац. transmissio пераход, перадача),

інфекцыйныя хваробы чалавека, с.-г. і дзікіх жывёл, перадача ўзбуджальнікаў якіх адбываецца пры ўдзеле крывасосных членістаногіх. Пераносчыкі Т.х. — вошы, блохі, кляшчы, клапы, камары і інш. Узбуджальнікі: вірусы, бактэрыі, прасцейшыя. Налічваецца больш за 200 Т.х., у т. л. малярыя, тулярэмія, чума, сонная хвароба, эпідэмічны сыпны тыф і інш. Большасць Т.х. — прыродна-ачаговыя, сезонныя. Сярод іх вылучаюць антрапазаанозы, заанозы. Для чалавека і жывёл падзяляюцца на аблігатна-трансмісіўныя (узбуджальнікі перадаюцца толькі пераносчыкамі, напр., малярыя, інфекцыйная анемія коней) і факультатыўна-трансмісіўныя (узбуджальнікі перадаюцца пераносчыкамі і праз ежу, паветра, ваду, напр., сібірская язва, тулярэмія).

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 508