ТРАНСЛЯ́ЦЫЯ ў генетыцы,
сінтэз поліпептыдных ланцугоў бялкоў па матрыцы інфармацыйнай рыбануклеінавай кіслаты (іРНК) у адпаведнасці з генет. кодам; другі этап рэалізацыі генет. інфармацыі ў жывых клетках. У працэсе Т. інфармацыя пра спецыфічную будову будучага бялку, запісаная ў выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў у малекулах іРНК, пераводзіцца з нуклеатыднага кода ў пэўную паслядоўнасць амінакіслот у сінтэзуемых бялках. Адбываецца з дапамогай макрамалекулярнага комплексу, які складаецца (акрамя іРНК) з рыбасом, транспартных РНК (тРНК), аміна-ацыл-тРНК-сінтэтаз, бялковых фактараў пачатку (ініцыяцыі), падаўжэння, ці нарошчвання, поліпептыду (элангацыі), заканчэння (тэрмінацыі) і інш. Акрамя клетачных іРНК іх ролю ў працэсе Т. часам выконваюць вірусныя РНК, а таксама сінт. полінуклеатыды, якія выкарыстоўваюцца для вывучэння механізма біясінтэзу бялку. Гл. таксама Транскрыпцыя ў генетыцы.
Р.Г.Заяц.
т. 15, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)