ТРАНСЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. translatio перадача),
1) правядзенне пазастудыйных радыё- і тэлевізійных перадач з месца падзей (стадыёнаў, канцэртных залаў, тэатраў і інш.), а таксама перадача мясц. радыё- ці тэлевізійнай станцыяй праграм, атрыманых па каналах сувязі з інш. гарадоў.
2) Працэс прыёму эл. сігналаў і наступнай іх перадачы ў напрамку ад крыніцы да прыёмніка, што ажыццяўляецца на прамежкавых пунктах, напр., радыёрэлейнай сувязі.
3) Бытавая назва праваднога вяшчання.
4) Працэс пераўтварэння праграмы ЭВМ з мовы праграмавання ў праграму на аб’ектнай, напр., машыннай мове з дапамогай транслятара.
5) Перанос матэм. ці фіз. аб’екта паралельна самому сабе ў прасторы на некаторую адлегласць уздоўж прамой (восі Т.). Калі ў выніку Т. аб’ект супадае сам з сабой, то Т. з’яўляецца аперацыяй сіметрыі (гл. Сіметрыя крышталёў).
т. 15, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)