ТРАНСЛЯ́ТАР (ад лац. translator пераносчык) у інфарматыцы, праграма ЭВМ для перакладу (трансляцыі) праграм з зыходнай мовы праграмавання ў інш. (аб’ектную), напр., машынную мову. Бываюць 1-, 2- і шматпраходныя (праз трансліраваную праграму).

Трансляцыя праграм з дапамогай Т.-інтэрпрэтатара суправаджаецца выкананнем зыходнага алгарытму. Т.-кампілятар ажыццяўляе трансляцыю з машынна-незалежнай мовы праграмавання высокага ўзроўню на машынную мову (ці мову асэмблера); Т.-канвертар — з зыходнай мовы высокага ўзроўню. на аб’ектыўную мову высокага ўзроўню. Асн. функцыі Т. — аналіз (лексічны, сінтаксічны і семантычны) з кантролем тэксту зыходнай праграмы і сінтэз (генерацыя) аб’ектнай праграмы. У 1-праходных Т. яго функцыі выконваюцца за 1 прагляд тэксту праграмы. У 2-праходных — сінтаксічны аналізатар распазнае канструкцыі мовы і будуе адпаведныя элементы ўнутр. прадстаўлення, пасля чаго будуецца аб’ектная праграма. Шматпраходныя Т. будуюць больш эфектыўныя (па памерах, скорасці выканання ці па аб’ёме выкарыстанай памяці) аб’ектныя праграмы, а таксама выкарыстоўваюцца для аптымізацыі праграм для розных тыпаў ЭВМ. Такія Т. патрабуюцца і для некаторых моў праграмавання з-за складанасці сінтаксічнага і семантычнага аналізаў.

Літ.:

Грис Д. Конструирование компиляторов для цифровых вычислительных машин: Пер. с англ. М., 1975;

Касьянов В.Н., Поттосин И.В. Методы построения трансляторов. Новосибирск, 1986;

Ахо А., Сети Р., Ульман Дж. Компиляторы: Пер. с англ. М. и др., 2001.

М.​В.​Шкут.

т. 15, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)