Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САРХ (Sarh),

горад на Пд Чада. Адм. ч. правінцыі Сярэдняе Шары. Засн. французамі ў канцы 19 ст., да 1973 наз. Форт-Аршамбо. Каля 100 тыс. ж. (2000). На аўтадарозе Нджамена—Бангі (Цэнтр.-Афр. Рэспубліка). Аэрапорт. Бавоўнаачышчальная і тэкст. прам-сць (тэкст. комплекс). Паблізу нац. парк Манда.

т. 14, с. 187

СА́РЦІ ((Sarti) Джузепе) (1.12.1729, г. Фаэнца, Італія — 28.7.1802),

італьянскі кампазітар, педагог. У 1784—1801 працаваў у Расіі прыдворным капельмайстрам, узначальваў хатнюю капэлу Р.​Пацёмкіна. Сярод твораў больш за 50 опер, у т. л. оперы-серыя «Пакінутая Дыдона» (1762), «Юлій Сабін» (1781), опера-буф «Двое сварацца — трэці радуецца» (1782), а таксама напісаныя і пастаўленыя ў Пецярбургу «Арміда і Рынальда» (1786), «Андрамеда» (1798) і інш.; творы для хору і арк., у т. л. «Цябе, Бога, услаўляем» (1789, з нагоды ўзяцця Ачакава), «Юпітэр, слава і смерць» (1790) і інш. Адзін з аўтараў музыкі да п’есы Кацярыны 11 «Пачатковае кіраванне Алега» (1790). Вынаходнік апарата для вымярэння вышыні гуку, т.зв. пецярб. камертона. Сярод вучняў: А.​Ведаль, Л.​Гурылёў, С.​Давыдаў, Д.​Кашын.

т. 14, с. 187

САРЦЫ́НЫ (ад лац. sarcina звязка, цюк),

бактэрыі звычайна сферычнай формы, якія пасля дзялення ў трох плоскасцях не разыходзяцца, а ўтвараюць вял. колькасць клетак у выглядзе пакетаў кубічнай формы. Пашыраны ўсюды. Нерухомыя. Трапляюцца сярод бактэрый розных сістэм. груп. Вылучаюць таксама род бактэрый Sarcina — анаэробныя грамстаноўчыя бактэрыі, што зброджваюць вугляводы.

т. 14, с. 187

САРЫКАМЫ́ШСКАЕ ВО́ЗЕРА, Сарыкамыш,

саланаватае возера ў цэнтр. ч. Сарыкамышскай катлавіны, у Туркменістане і Узбекістане. Пл. 2850 км², аб’ём вады 23,5 км³, глыб. да 40 м. Узнікла ў 1971 у выніку затаплення скіднымі водамі групы Сарыкамышскіх азёр. Рыбалоўства.

т. 14, с. 187

САРЫКАМЫ́ШСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914—15,

баявыя дзеянні паміж рас. і тур. войскамі ў раёне г. Сарыкамыш (Турцыя) 22.12.1914—18.1.1915 у час 1-й сусв. вайны. Тур. 3-я армія (камандуючы ваен. міністр Энвер-паша; 87 батальёнаў пяхоты, 22 сотні кавалерыі і 226 гармат) планавала разграміць рас. войскі і захапіць г. Карс. Рас. Каўказская армія (галоўнакамандуючы І.​І.​Варанцоў-Дашкаў, фактычна камандаваў яго пам. ген. А.​З.​Мышлаеўскі; 72 батальёны пяхоты, 43 сотні кавалерыі і 172 гарматы) імкнуліся ўтрымаць занятыя пазіцыі. Тур. армія дзейнічала разрознена і мела толькі часовы поспех. Рас. войскі, адбіўшы 29.12.1914 усе атакі праціўніка, перайшлі ў контрнаступленне і 2.1.1915 занялі Бардус, узялі ў палон 9-ы тур. корпус разам з яго штабам і камандзірам. Да 17—19.1.1915 рэшткі тур. арміі былі адкінуты на зыходныя пазіцыі.

т. 14, с. 187

САРЫКАМЫ́ШСКАЯ КАТЛАВІ́НА, Сарыкамышская ўпадзіна,

бяссцёкавая ўпадзіна ў межах Туранскай нізіны, у Туркменістане і Узбекістане, на мяжы пустыні Каракумы і плато Усцюрт. Даўж. 125 км, шыр. 90 км. Дно размешчана на 38 м ніжэй узр. мора. Уяўляе сабой плоскую авальную чашу, запоўненую асадкамі стараж. возера і ўкрытую саланчакамі і перавеянымі пяскамі. Перыядычна прымала воды р. Амудар’я па рэчышчы Дар’ялык. У цэнтр. ч.Сарыкамышскае возера.

т. 14, с. 188

САРЫКАПА́,

мелкаводнае салёнае возера ў Кустанайскай вобл. Казахстана. Размешчана ў цэнтр. ч. Тургайскай лагчыны. Пл. 336 км² (па інш. звестках 184 км²). Складаецца з некалькіх плёсаў. Упадаюць рэкі Сарыазен і Тэке.

т. 14, с. 188

САРЫКО́ЛЬСКІ ХРЫБЕ́Т.

На Усх. Паміры, уздоўж мяжы Таджыкістана і Кітая. Выш. да 6351 м (г. Лявірдыр). Водападзел бас. рэк Тарым, Амудар’я і воз. Каракуль. Даўж. каля 350 км. Складзены гал. ч. з крышт. сланцаў і гранітоідаў. У паўн. ч. значнае зледзяненне (агульная пл. каля 132 км²). У ніжняй ч. схілаў — разрэджаная расліннасць высакагорнай пустыні.

т. 14, с. 188

СА́РЫСА (ад грэч. sarisa кап’ё),

асноўная зброя воінаў-сарысафораў (цяжкай пяхоты і конніцы) у Стараж. Грэцыі, Стараж. Македоніі і інш. дзяржавах у 4—2 ст. да н.э. Першапачаткова С. (даўж. 3 м) выкарыстоўвалася як кідальная і колючая халодная зброя, пазней (даўж. 6—7 м) стала толькі колючай зброяй. Воіны першых 6 шарэнгаў фалангі бралі С. ў руку так, каб яны выдаваліся наперад, утвараючы засцерагальны «дах».

т. 14, с. 188

СА́РЫЧАЎ (Гаўрыла Андрэевіч) (1763, С.-Пецярбург — 11.8.1831),

расійскі мараплавец, гідрограф і географ. Адмірал (1829). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1809). У 1785—94 удзельнічаў у экспедыцыі І.​І.​Білінгса ў паўн.-ўсх. ч. Сібіры і паўн. ч. Ціхага ак. Даследаваў і нанёс на карту ўзбярэжжа Ахоцкага м. ад пас. Ахоцк да вусця р. Алдома, некат. з Алеуцкіх а-воў (Прыбылова, Дыяміда, Св. Лаўрэнція, Св. Мацвея, асабліва Уналашка), усх. бераг Берынгава праліва. У 1802—06 узначальваў Балт. гідраграфічную экспедыцыю, з 1808 кіраваў гідраграфічнымі даследаваннямі ў Расіі. Склаў марскі атлас Балт. м. з Фінскім зал. і пралівам Катэгат (1812). Яго імем названы мыс на Алеуцкіх а-вах, в-аў у Чукоцкім м., праліў у Ціхім ак., вулкан і пасёлак на Курыльскіх а-вах і інш. геагр. аб’екты.

Літ.:

Алексеев А.И. Г.​А.​Сарычев. М., 1966.

т. 14, с. 188