Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́ЖЫ (Мікалай Кір’янавіч) (6.12.1896, г. Віцебск — 22.10.1972),

генерал-палкоўнік артылерыі (1958). Скончыў Вышэйшую артыл. школу (1923), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Забайкальскім франтах; нач. артылерыі корпуса, арміі, нач. артылерыі — нам. камандуючага войскамі фронту. Удзельнік абароны Адэсы, Севастопаля, Керчанска-Феадасійскай дэсантнай аперацыі, вайны з Японіяй 1945. У 1945—65 камандуючы артылерыяй ваен. акруг.

М.К.Рыжы.

т. 13, с. 495

РЫ́ЖЫК (Lactarius deliciosus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі з ліп. па вер. трапляюцца 2 формы Р.: у яловых лясах — яловы, у хваёвых лясах — хваёвы.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—10 см з загнутым уніз краем, акругла-пукатая, потым лейкападобная. У Р. хваёвага афарбоўка шапкі маркоўна-рыжая з канцэнтрычнымі кругамі, мякаць шчыльная з аранжавым млечным сокам, са смалістым смакам і пахам, на зломе зелянее. У Р. яловага — больш бледная, зеленавата-рыжая, мякаць крохкая. Пласцінкі прырослыя. Ножка полая, цыліндрычная. Споры шырокаавальныя, светла-крэмавыя. Каштоўны ядомы грыб. Іл. гл. да арт. Млечнік.

т. 13, с. 495

РЫ́ЖЫКАЎ (Іосіф Іванавіч) (2.9.1893, в. Рацава Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 10.12.1979),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. З 1914 у арміі, з 1918 у ЧК, асобым аддзеле Чырв. Арміі. З 1923 на гасп. і парт. рабоце, з 1934 у Камісіі парт. кантролю пры ЦК ВКП(б) па БССР, нарком лясной прам-сці БССР, з 1939 1-ы сакратар Гродзенскага райкома КП(б)Б, нарком прам-сці будматэрыялаў БССР. У Вял. Айч. вайну сакратар ЦК КП(б)Б, узначальваў Заходнюю аператыўную групу ЦК КП(б)Б, упаўнаважаны ЦШПР на Сталінградскім фронце, нам. нач. БШПР, прадстаўнік ЦШПР і чл. ваенсавета Калінінскага і 1-га Прыбалт. франтоў. З 1944 міністр, з 1953 1-ы нам. міністра жыллёва-грамадз. буд-ва БССР, гарадскога і сельскага буд-ва БССР, у 1958—59 нам. міністра буд-ва БССР. Чл. ЦК КПБ у 1929—30, 1934—38, 1952—54. Чл. ЦВК БССР у 1931—35. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59.

т. 13, с. 495

РЫ́ЖЫКАЎ (Мікалай Максімавіч) (н. 19.12.1939, г. Кіраўск Луганскай вобл., Украіна),

бел. мастак. Скончыў бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Сярод твораў: графічныя серыі «Гродна. Будоўля» (1970), «Радасць» (1972), «Квітнеючае Палессе» (1974), «Беларусы на БАМе» (1977), «Камунары» па матывах паэзіі Я.​Купалы (1978), «Рамантыкі» (1981), «Святло і полымя», «Ззянне космасу» (абедзве 1986), «Па Чэхаславакіі» (1987); акварэлі «Па Амуры» (1982), «Арменія» (1983), серыі «Непальскія ўражанні» (1987—89), «Манькавічы» (1991—96); жывапісныя цыклы «Фатры. Славакія» (1994), «Польскія пленэры» (1992—96). Аформіў «Збор твораў» Я.​Маўра (т. 1—4, 1975—76), кнігі «За дзевяццю гарамі» А.​Іаселіяні (1975), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі (1996), «Незабудкі» (2000). Творам уласцівы ўраўнаважаная кампазіцыйная пабудова, кантрастнае святлоценявое вырашэнне, выразная перадача задумы.

Н.​П.​Марчанка.

М.Рыжыкаў. Песня. З серыі «Камунары» па матывах паэзіі Я.​Купалы. 1978.

т. 13, с. 495

РЫ́ЗА, фелонь,

парчовае, тканае золатам або серабром адзенне без рукавоў; верхняе царк. адзенне свяшчэннаслужыцеляў у праваслаўі і каталіцызме. У праваслаўі Р. называюць таксама метал. абклад абраза, які пакідае адкрытымі толькі твар і рукі выявы.

т. 13, с. 495

РЫЗАКТАНІЁЗ,

хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.

Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.

Л.​М.​Прыступук.

Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.

т. 13, с. 495

РЫЗАКТО́НІЯ (Rhizoctonia),

род недасканалых грыбоў, якія ўмоўна адносяцца да парадку стэрыльных міцэліяў. Каля 15 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць пераважна на каранях і інш. падземных ч. раслін. На Беларусі найб. вядомыя Р.: узбуджальнік рызактаніёзу бульбы, бабовых, буракоў, морквы, крыжакветных — бульбяная (R. solani), R. aderholdii і R. violaceae, якія разам з мікраарганізмамі выклікаюць загніванне ўсходаў (чорная ножка) і бурую гніль с.-г. раслін (напр., караняед буракоў).

Міцэлій шматклетачны, галінасты, утвораны доўгімі клеткамі. Склероцыі каля 1,5 мм, карычневыя або чорныя, разнастайнай формы. У цыкле развіцця грыбоў толькі міцэлій і склероцыі, зрэдку развіваецца базідыяльная стадыя.

С.​І.​Бельская.

т. 13, с. 495

РЫЗАЛІ́Т (ням. Rysalit ад італьян. risalita выступ),

частка будынка, якая выступае за лінію фасада на ўсю яго вышыню. Р. звычайна сіметрычны адносна цэнтр. восі будынка, падкрэслівае дамінуючае значэнне яго цэнтр. часткі, вылучае гал. ўваход, узбагачае пластычную выразнасць агульнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Вядомы са старажытнасці. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока, класіцызму, мадэрн і інш. На Беларусі адыгралі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных, грамадз. і культавых пабудоў.

Звычайна плоскасць сцяны будынка мела адзін цэнтр. Р., які быў гал. кампазіцыйным акцэнтам фасада, або цэнтр. і бакавыя Р. Часта Р. вырашаліся ў выглядзе порціка і завяршаліся трохвугольным франтонам. У пераходны перыяд ад барока да класіцызму былі пашыраны паўкруглыя, крывалінейныя, гранёныя Р., якія завяршаліся франтонамі складанай канфігурацыі, ламаным дахам, купалам. Р. афармлялі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, сандрыкамі, калонамі. У архітэктуры 1930—50-х г. Р. выкарыстоўваўся як асн. элемент кампазіцыі гал. фасада грамадз. і жылых будынкаў.

Г.​С.​Ларкін.

т. 13, с. 496

РЫЗАСФЕ́РА (ад грэч. rhiza корань + sphaira шар),

слой глебы (2—3 мм), які прымыкае непасрэдна да кораня расліны і мае павышаную колькасць мікраарганізмаў. Склад мікрафлоры залежыць пераважна ад тыпу глебы, віду і ўзросту раслін. Уздзеянне мікраарганізмаў Р. разнастайнае: ператвараюць складаныя нерастваральныя злучэнні ў формы, засваяльныя раслінамі, узбагачаюць глебу азотам, сінтэзуюць біялагічна актыўныя рэчывы, выдзяляюць таксіны, удзельнічаюць у дэнітрыфікацыі, уступаюць у сімбіёз з раслінамі (гл. Клубеньчыкавыя бактэрыі, Мікарыза), некат. паразітуюць.

С.​І.​Бельская.

т. 13, с. 496

РЫ́ЗНІЦА,

у хрысціянскіх храмах памяшканне для захоўвання рыз (адзенне святара пры богаслужэнні) і царк. начыння. Найчасцей знаходзіцца ўнутры храма (напр., у адным з алтароў), можа быць у выглядзе прыбудовы або (у манастырах) асобнага будынка.

Г.​С.​Ларкін.

т. 13, с. 496